Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912            
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Стрэнкоўскі Сяргей Пятровіч

Стрэнкоўскі Сяргей Пятровіч (23.04.1969 г., г.п. Юрацішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці) – доктар гістарычных навук, прафесар, першы прарэктар ДУА “Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі”.

У 1986 годзе з сярэбраным медалём скончыў сярэднюю школу № 5 г. Пiнска Брэсцкай вобласці. У 1987-1989 гадах праходзіў тэрміновую ваенную службу ў радах Савецкай Арміі. У 1989 годзе паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максім Танка, які скончыў у 1994 годзе з дыпломам з адзнакай. Атрымаў акадэмічную ступень бакалаўра адукацыі ў галіне гісторыі.

З 1993 па 2007 год працаваў у сістэме адукацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска ў якасці настаўніка гісторыі і намесніка дырэктара па выхаваўчай, а затым вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 179, дырэктара сярэдняй школы № 199, начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі раёна.

З жніўня 2007 года працаваў у Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі прарэктарам па вучэбна-метадычнай рабоце, з мая 2011 года – першым прарэктарам. З 1 верасня 2008 года з’яўляецца прафесарам кафедры кіравання і эканомікі адукацыі.

У красавіку 1999 года пад навуковым кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара А.М. Лютага абараніў дысертацыю “Гарадское самакіраванне ў вялікакняжацкіх уладаннях заходняй часткі Вялікага княства Літоўскага”. Рашэннем Савета па абароне дысертацый (Д 02.21.03 ад 9 красавіка 1999 г.) С.П. Стрэнкоўскаму прысвоена вучоная ступень кандыдата гістарычных навук. Пастановай Прэзідыума Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь 12 кастрычніка 2011 года прысвоена навуковае званне дацэнта па спецыяльнасці “Гісторыя”. У лютым 2014 г. С.П. Стрэнкоўскі абараніў дысертацыю “Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XIV – XVIII ст.)”. Пастановай Прэзідыума Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь (ад 26 верасня 2014 г.) яму прысвоена вучоная ступень доктара гістарычных навук.

З’яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара навукова-метадычнага часопіса “Вестник МГИРО”; членам савета па абароне дысертацый па гістарычным навукам, Мінскай гарадской камісіі па археалагічным аб’ектам і археалагічным артэфактам.

За добрасумленную працу і поспехі ў педагагічнай і кіраўніцкай дзейнасці ўзнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна г.Мінска, падзячнымі лістамі і Ганаровай граматай адміністрацыі Фрунзенскага раёна г.Мінска, Ганаровымі граматамі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Падзякай старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Граматай і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, юбілейным медалём “60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. З’яўляецца ўладальнікам Грантаў Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйных праектаў “Арганізацыя адукацыйнай прасторы грамадска-гуманітарнага профілю”, “Стварэнне рэгіянальнай сістэмы выяўлення, развіцця і падтрымкі адораных дзяцей”, “Сістэма работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця ва ўстановах адукацыі сталіцы”.

С.П. Стрэнкоўскі плённа займаецца даследаваннямі ў галіне айчыннай гісторыі. Прадметам навуковых інтарэсаў з’яўляецца вывучэнне самакіравання дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх гарадоў Вялікага княства Літоўскага, інстытуты прамой дэмакратыі гарадскіх суполак, карпаратыўнае самакіраванне цэхаў, гільдый і брацтваў, а таксама суполак нацыянальных меншасцяў. З’яўляецца аўтарам 4 манаграфій, 2 вучэбных дапаможнікаў, хрэстаматыі, больш за 80 артыкулаў па дадзенай тэматыцы.

Таксама займаецца пытаннямі менеджменту і нарматыўна-прававога рэгулявання ў сферы адукацыі, фінансава-гаспадарчай і планава-эканамічнай дзейнасці, кадравай палітыкі устаноў адукацыі, працы са зваротамі грамадзян ва ўстановах адукацыі, арганізацыі факультатыўных заняткаў, працы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі, развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дарослых у г. Мінску.

Сяргей Пятровіч Стрэнкоўскі з’яўляецца аўтарам (сааўтарам) каля 50 публікацый, шэрагу навучальных праграм для павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў адукацыі па дадзенай тэматыцы.

У 2017 годзе па рэкамендацыі кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі была выдадзена манаграфія Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага “Пад амафорам Свяціцеля Мікалая Цудатворца: гісторыя праваслаўнага прыходу ў мястэчку Юрацішкі”.

У пачатку сакавіка 2018 года Сяргей Пятровіч наведаў Іўеўскую раённую бібліятэку. У бібліятэцы-філіяле г.п.Юрацішкі адбылася прэзентацыя яго манаграфіі “Под омофором Святителя Николая Чудотворца: история православного прихода в местечке Юратишки” (Мінск, 2017 г.). Прэзентацыя была арганізавана ў рамках цыклу мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы.


    У 2019 годзе Сяргей Пятровіч Стрэнкоўскі падарыў раённай бібліятэцы сваю новую кнігу “Священно- и церковнослужители православных приходов Лидского и Ошмянского уездов в XIX  начале XX века” (Мінск, 2019 г.) з аўтографам.

У 2021 годзе фонд Іўеўскай раённай бібліятэкі папоўніўся новым выданнем С. П. Стрэнкоўскага з аўтографам  “Священно- и церковнослужители православных приходов Новогрудского уезда в XIX – начале XX века”. Гэта другая кніга з серыі “Священно- и церковнослужители православных приходов на территории Беларуси в XIX – начале XX века”, якая была выдадзена ў 2020 г.

   

   

Напрыканцы 2021 года супрацоўнікі бібліятэкі атрымалі ад вядомага земляка іншыя кнігі з аўтарскімі даследаваннямі ў галіне айчыннай гісторыі: вучэбны дапаможнік “Вольнасці і прывілеі гарадоў заходняй часткі Вялікага княства Літоўскага” (1997 г.), манаграфію ў 2-х частках “Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIV–XVIII ст.” (2013 г.), навукова-публіцыстычнае выданне “500 лет истории церкви Святителя Николая Чудотворца в Юратишках” (2020 г.) 

         

У 2023 годзе была выдана кніга “Сия есть победа, победившая мир, вера наша: Православие на Лидчине в XIII – начале XXI века”, створаная аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам прафесара С.П. Стрэнкоўскага. За гэту працу аўтары былі ўдастоены прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі” і былі ўзнагароджаны Дыпломам I ступені ў намінацыі “Лепшая інавацыйная распрацоўка года”.

У кнізе прадстаўлены звесткі аб станаўленні і развіцці праваслаўных прыходаў Лідскага благачыння Лідскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы ў перыяд з 13 да пачатку 21 стагоддзя. Уся інфармацыя для яе напісання збіралася з першакрыніц – вопісаў цэркваў, ведамасцей асоб духоўнага саслоўя, спраў аб будаўніцтве і рамонце праваслаўных храмаў, паведамленняў з выданняў Літоўскай епархіі, сховішчаў Мінскай і Лідскай епархій, Гродзенскага абласнога і Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіваў і не толькі. 

Экзэмпляр гэтага выдання і кнігу вядомай журналісткі Інэсы Плескачэўскай “Феномен Валентина Елизарьева” ў пачатку 2024 года наш вядомы зямляк Сяргей Пятровіч Стрэнкоўскі перадаў у Іўеўскую раённую бібліятэку, дзе з імі могуць пазнаёміцца чытачы.

 

Спісак публікацый С. П. Стрэнкоўскага

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы:

  • Гришукевич, Ж. История церкви Святителя Николая Чудотворца в г.п. Юратишки / Ж. Гришукевич // Бібліятэка прапануе. — 2018. — № 5. — С. 39—41.

  • Гулидова, В. “У сердца моего там побратимы”…: Год малой родины / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2018. — 14 сакавіка. — № 19. — С. 3.

  • Летопись церкви Святителя Николая Чудотворца в городском посёлке Юратишки / библиотека-филиал г.п. Юратишки ГУК “Ивьевская районная библиотека”; [сост.: Ж.И. Гришукевич, Л.И. Белявская, И.А. Морозова]. — Ивье, 2018. — 51 с.: ил.

  • По рекомендации Минской духовной академии издана монография по истории прихода в поселке Юратишки. — Режим доступа: http://church.by/news/po-rekomendacii-minskoj-duhovnoj-akademii-izdana-monografija-po-istorii-prihoda-v-poselke-juratishki
  • Стренковский, С. П. Под омофором Святителя Николая Чудотворца : история православного прихода в местечке Юратишки // С. П. Стренковский. — Минск : МГИРО, 2017. — 538 с.

  • Стренковский, С. П. Священно- и церковнослужители православных приходов Лидского и Ошмянского уездов в XIX – начале XX века / С. П. Стренковский. — Минск : МГИРО, 2019. — 438 с. — (Священно- и церковнослужители православных приходов на территории Беларуси в XIX – начале XX века).

  • Стренковский Сергей Петрович. — Режим доступа: http://mgiro.minsk.edu.by/main.aspx?guid=1991

Стрэнкоўскі Сяргей Пятровіч

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна