Вечарына памяці знікшых вёсак “Святая, як хлеб…”

Нашы продкі пабудавалі і пакінулі нам прыгожыя вёскі каля важных гандлёвых шляхоў, мастоў і пераправаў, каля рэк і азёр, грыбных і ягадных лясоў, дзе можна было заўсёды выжыць нават у часы ліхалецця. Цяжкай працай адваявалі ад лясоў землі пад агароды і палі. Далі сваім вёскам прыгожыя і вобразныя назвы, звязаныя з геаграфічнымі асаблівасцямі, прозвішчамі першых жыхароў і родам іх заняткаў, імёнамі ўладальнікаў маёнткаў, з важнымі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся ў пэўнай мясцовасці. І ў кожнай назве – трапна падмечанае слова, народная душа.

На абанеменце аддзела абслугоўвання і інфармацыі адбылася вечарына памяці знікшых вёсак “Святая як хлеб…”, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці. На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў 9 “Б” класа гімназіі №1 г. Іўе, дзе пазнаёмілі прысутных з гісторыяй узнікнення некаторых вёсак Іўеўскага раёна.

На працягу мерапрыемства гучалі народныя песні з рэпертуару ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”. Вучні прачыталі вершы А. Грачанікава, І. Карэнды, Я. Коласа, А. Лойкі, якія аўтары прысвяцілі вёскам .