• Іўеўшчына – зямля з багатай шматвяковай гісторыяй. Сведчаннем гістарычных падзей, якія адбываліся тут у розны час і пакінулі пэўны след, з’яўляецца наяўнасць на тэрыторыі Іўеўскага раёна мноства помнікаў і памятных месцаў. Старажытныя курганы і руіны замка Гаштольдаў у Геранёнах, палац Умястоўскіх, помнікі культавага дойлідства… – нам ёсць што захоўваць і ёсць чым ганарыцца.
Інфармацыйны рэсурс “Помнікі гісторыі і культуры Іўеўскай зямлі” – камбінаваная база дадзеных краязнаўчай тэматыкі, створаная ў 2018 годзе.
Пры падрыхтоўцы базы дадзеных выкарыстаны як бібліяграфічныя, так і паўнатэкставыя матэрыялы, дакументы з фондаў ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”, а таксама з асабістых архіваў мясцовых краязнаўцаў. Выкарыстаны некаторыя фотаздымкі і публікацыі з вольных крыніц сеткі Інтэрнэт.
Запрашаем карыстальнікаў, якія цікавяцца гісторыяй нашага краю, пазнаёміцца з рэсурсамі базы дадзеных. Па меры паступлення новай інфармацыі раздзелы будуць дапоўнены.
Будзем вельмі ўдзячны за дапамогу ва ўдасканаленні інфармацыі (заўвагі, прапановы, невядомыя звесткі з гісторыі Іўеўшчыны, архіўныя дакументы і фотаздымкі).
• З мэтай захавання рэгіянальнай гісторыі і культуры, актывізацыі краязнаўчай і даследчай работы; папулярызацыі гісторыі роднага краю сярод насельніцтва, выкарыстання краязнаўчай інфармацыі ў вучэбнай, выкладчыцкай і культурна-асветніцкай дзейнасці ў 2021 годзе створаны электронны краязнаўчы даведнік “Жамыслаўль”.
Жамыслаўль – гэта аграгарадок у складзе Суботніцкага сельсавета Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Асноўнай славутасцю мясцовасці з’яўляецца палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIII–XIX стагоддзяў, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ён з’яўляецца паменшанай копіяй палаца з варшаўскага сядзібна-паркавага комплексу Лазенкі, рэзідэнцыі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, і лічыцца адным з самых прыгожых радавых маёнткаў нашай краіны.
Матэрыялы электроннага даведніка прадстаўлены на беларускай мове і згрупаваны па раздзелах: “Аб рэсурсе”, “Гісторыя. Падзеі. Асобы”, “Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх”, “Касцёл Святога Уладзіслава”, “Галерэя”, “Знаёмыя-незнаёмыя землякі”, “Жамыслаўль у дакументах”.
Пры падрыхтоўцы электроннага рэсурса “Жамыслаўль” выкарыстаны як бібліяграфічныя, фактаграфічныя, так і паўнатэкставыя матэрыялы, дакументы з фондаў ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”, а таксама з асабістых архіваў мясцовых краязнаўцаў. Таксама выкарыстаны некаторыя фотаздымкі і публікацыі з вольных крыніц сеткі Інтэрнэт.
Электронны краязнаўчы даведнік “Жамыслаўль” разлічаны на ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю.