Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912            
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч (Андрэй Зязюля)

Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч (07.12.1878, в. Навасады Ашмянскага раёна 17.01.1921) беларускі паэт, каталіцкі святар, служыў ксяндзом у мястэчку Трабы (цяпер Іўеўскі раён, тут пачаў весці богаслужэнні па-беларуску). У літаратурнай традыцыі А. Астрамовіч вядомы пад псеўданімам Андрэй Зязюля.

Пачатковую адукацыю набыў у Гальшанах. У 1890-1892 гг. вучыўся ў Ашмянскім павятовым вучылішчы. Пасля працаваў на бацькавай гаспадарцы, самастойна вывучаў французскую мову.

З 1 студзеня 1901 года да 14 верасня 1903 года служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку ў Гомелі і ў Барысаве. Закончыў службу ў званні малодшага афіцэра. 

Пасля няўдалых спробаў паступіць у Віленскую духоўную семінарыю (1903-1904) выехаў у Пецярбург, дзе здаў экзамены на званне аптэкара (1906, студзень) і гэтым засведчыў веданне асноў лацінскай мовы, неабходнае для паступлення ў духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1911). Там, як і іншыя будучыя беларускія адраджэнцы, быў пад духоўнай апекай прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Яшчэ да вучобы ў семінарыі праз суседа ксяндза А.Лісоўскага, які ў студэнцкія гады наведваў гурток Б.Эпімаха-Шыпілы, малады Астрамовіч далучыўся да беларускай паэзіі. У пецярбургскай семінарыі ён арганізаваў і ўзначаліў аб’яднанне клірыкаў-беларусаў. Пісаць вершы А.Астрамовіч пачаў яшчэ ў семінарыі. Збераглася дата напісання яго верша “Вясновая раніца”: Пецярбург, 29.ІІІ.1908 г., але дэбютаваў ён у газеце “Наша Ніва” ў 1909 г. вершам “Песня дзяўчаці”. 

Пасвечаны ў святары ў 1910 годзе. Пастырскую дзейнасць пачаў вікарыем Ракаўскага касцёла. Служыў ксяндзом у мястэчках: Трабы, Ракаў, Новы Свержань, Анопаль, Смілавічы, Сянно.

Праследаваўся касцельнымі ўладамі за прыхільнасць да роднага слова, два гады быў без парафіі. Актыўны грамадскі дзеяч: прымаў удзел у першым з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў (Мінск, 1917), быў членам Саюза ксяндзоў-беларусаў, ад якога пачалося стварэнне грамадскай арганізацыі Беларуская Хрысціянская Злучнасць (БХЗ), пазней рэарганізаванай у партыю Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД).

Літаратурная творчасць і асветніцкая дзейнасць ксяндза А. Астрамовіча звязана з вытокамі беларускага каталіцкага адраджэння першай паловы ХХ ст. Большасць ранніх вершаў 1909-1912 гг. паэт друкаваў у адраджэнскай “Нашай Ніве”. Якраз тады Андрэй Зязюля пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам, які вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева ў Пецярбургу (1909-1913), а летнія канікулы праводзіў на сваім любімым хутары Акопы.

Пасля заснавання першай беларускай каталіцкай газеты “Беларус” (“Bielarus”, 1913-1915) А. Астрамовіч шмат друкаваўся ў гэтым адраджэнска-асветніцкім штотыднёвіку.

У 1913 годзе выдаў зборнік пэзіі “З роднага  загону”. Усе творы А. Астрамовіча паводле зместу і стылю  хрысціянскія і асветніцкія: гэта гутаркі добрага настаўніка з духоўнымі дзецьмі  маленькімі, маладымі і сталымі. Сутнасць яго багаслоўя і філасофіі можна вызначыць адным сказам  любоў да Бога і да ўсялякага Божага тварэння  ад чалавека да жывёлаў, птушак, рыбаў, раслінаў, кожнай былінкі і кветкі. Найперш  да Беларусі, роднага народа, беларускай мовы, культуры, народнага побыту. Паводле сваіх стылёвых прыкмет пейзажная лірыка А. Зязюлі блізкая да коласаўскай. Паэт успрымае прыроду як каштоўны дар і родны чалавеку асяродак яго жыццядзейнасці.

Асобным выданнем пры жыцці паэта была апублікавана яго асветніцкая паэма “Слова праўды аб мове і долі беларусаў” (Прага, 1917 г.).  

З любоўю адносіўся паэт да народнага слова, народнай творчасці. Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі А. Грыневіча склалі зборнік “Беларускія песні з нотамі. Т. 2. (Пб., 1912)”.

Доўгі час творчая спадчына А.Зязюлі знаходзілася ў забыцці. А між тым багацце і разнастайнасць зместу яго лірыкі, блізкасць паэзіі з творчасцю Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, К. Буйло, безумоўна, звяртае на сябе ўвагу і патрабуе больш глыбокага і аб’ектыўнага яе асмыслення.

З 9 верасня 1917 года працаваў пробашчам касцёла ў Абольцах Аршанскага дэканата. Два гады служыў ксяндзом у мястэчку Сянно Аршанскага дэканата. Там памёр 17 студзеня 1921 года, пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

       

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:

  • Врублеўскі, В. А. Трабскія муры памятаюць паэта Андрэя Зязюлю / В. А. Врублеўскі // Іве-Юрацішкі. — Мінск : А. М. Вараксін, 2010. — С. 99—101.
  • Зязюля Андрэй // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7: Застаўка – Кантата/ рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 1998. – С. 125.
  • Зязюля Андрэй // Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. Т. 1: Акапэла– Куцця / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 2005. – С. 555.
  • Зязюля Андрэй // Людзі культуры і мастацтва Іўеўшчыны: інфармацыйны бюлетэнь / складальнік Т. І. Грыкень. — Іўе. — 2012. — С. 11.
  • Зязюля Андрэй // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 3: Гімназіі – Кадэнцыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 1996. – С. 457.
  • Конан, У. Андрэй Зязюля: хрысціянская філасофія і асветніцкая дзейнасць. — Рэжым доступу : http://media.catholic.by/nv/n18/art3.htm

  • Лойка, А. Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрычніцкі перыяд. Т. 2 / А. Лойка. — Мінск, 1989. — С. 409—413.

  • Пяткевіч, А. Зязюля Андрэй / А. Пяткевіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2003. – С. 140.
  • Саматой, І. В. Асветніцкая і літаратурная дзейнасць Андрэя Зязюлі / І. В. Саматой // Беларуская мова і літаратура ў славянскім этнакультурным кантэксце: матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, 21―22 кастрычніка 2010 года / [рэдкалегія: Г. А. Арцямёнак, В. І. Русілка (адказныя рэдактары) і інш.]. — Віцебск, 2010. — С. 211―214.
  • Шаставец, У. Крыж i цернi жыцця : Андрэй Зязюля : пра жыццё i творчасць А. С. Астрамовiча, паэта, хрысцiянскага святара // Полымя. —  1999. — № 4. — C. 285—296.

  • 125 год з дня нараджэння А. Зязюлі (1878-1921), паэта : бiблiяграфiчны спiс // Новыя кнiгi. —  2003. — № 8. — С. 26—28.

Электронныя рэсурсы:

  • Ziazula, A. Z rodnaha zahonu : zbornik wieršaŭ / A. Ziazula. — Wilnia : Wydańnie Ksiandza Jana Siemaškiewiča, 1931. — 175 с.

Зязюля, А. З роднага  загону [тэкст на беларускай мове ў лацінскай графіцы : электронны рэсурс]. — Доступ у лакальнай сетцы ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”.

  • Ziaziula, A. Alencyna_viasielle / A. Ziazula. — Wilnia : Krynicy, 1923. — 27 s. 

Зязюля, А. Аленчына вяселле [тэкст на беларускай мове ў лацінскай графіцы : электронны рэсурс]. — Доступ у лакальнай сетцы ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”.

Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч (Андрэй Зязюля)

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна