Карэнда Іван Арсеньевіч (17.09.1950, в.Крывічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці), беларускі паэт, грамадска-культурны дзеяч. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1996) і Саюза пісьменнікаў Расіі. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У роднай вёсцы скончыў сямігодку, сярэднюю школу – у в. Морына Іўеўскага раёна.
З 1967 па 1971 год вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філфака Гродзенскага педінстытута. Настаўнічаў у сярэдняй школе вёскі Ракавічы Шчучынскага раёна.
У 1971-1972 гадах быў інструктарам, у 1972-1974 – другім сакратаром Шчучынскага раённага камітэта камсамола.
Вучыўся на аддзяленні журналістыкі Вышэйшай камсамольскай школы пры ЦК ВЛКСМ у Маскве (1974-1976).
Працаваў загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты “Чырвоная змена” (1974-1976). Затым у партыйных органах: у Маскоўскім райкоме КПБ г. Мінска, у Мінскім гаркоме КПБ, у ЦК КПБ (1977-1991). Пасля – у Дзяржаўным камітэце па друку (1991-1992), намеснікам міністра інфармацыі (1992-1994), намеснікам міністра культуры і друку (1994-1996), у Выканкаме Саюза Беларусі і Расіі (1996-2000, Масква).
З 2001 па 2003 гг. Карэнда Іван Арсеньевіч працаваў начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
З 2003 года – на дыпламатычнай службе, працуе саветнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Першыя вершы І.А. Карэнды публікаваліся ў Шчучынскай раённай газеце “Савецкая вёска” (1971), з 1975 друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях. Аўтар зборнікаў лірыкі “Белы наліў” (1995 г.), “Знічка” (2003 г.), “Васількі надзеі” (2008 г.), паэтычнай кнігі для дзяцей “На загадкі ёсць адгадкі” (2001 г.).
У 2004 годзе выйшла кніга лірыкі “Апошняя малітва” на балгарскай мове. У перакладзе на рускую мову творы друкаваліся ў расійскіх літаратурна-мастацкіх часопісах, “Литературной газете”. На вершы Івана Карэнды беларускія кампазітары І.Лучанок, В.Раінчык, Дз.Далгалёў, М.Сацура, А.Чыркун і іншыя напісалі больш за 30 песень.
Іван Карэнда вядомы таксама як празаік. У 2011 годзе выйшла ў свет кніга прозы “Воплаўская госця”, якая ўключае ў сябе аднайменную аповесць, апавяданні, нататкі пісьменніка, аб’яднаныя адной тэмай – адлюстраваннем жыццёвых інтарэсаў і духоўных памкненняў нашага сучасніка.
У 2012 годзе І.А. Карэнда наведаў Іўеўскую раённую бібліятэку. Сустрэча з вядомым земляком падаравала прысутным яркія ўражанні, усе адчулі непарыўную сувязь пісьменніка з роднай зямлёй, малой радзімай.
Наступная творчая сустрэча іўеўчан з паэтам-земляком адбылася 19 красавіка 2018 года ў раённай бібліятэцы. Імпрэза ладзілася ў межах праекта “Нашы людзі” (да Года малой радзімы) і мела назву “Сустрэча з малой радзімай!”. Паэта заўсёды цягне да родных вытокаў, да роднага дома, да роднай зямлі, да імклівага і лагоднага Нёмана, дзе нарадзіўся і вырас, дзе ёсць надзейны прытулак, бацькоўская хата. Іван Арсеньевіч прачытаў прысутным яшчэ не апублікаваную паэму “Вочап: на скразняках эпох”, у якой выказаў боль і трывогу за беларускую вёску.
Падчас сустрэчы прысутныя атрымалі асалоду ад вершаў, напоўненых подыхам вечнасці і трапяткім імгненнем нашых дзён, хараством роднай прыроды і чысцінёй душэўных памкненняў.
Паэма “Вочап” была апублікавана ў 2018 годзе ў Гродзенскай друкарні (пры фінансавай падтрымцы Іўеўскага райвыканкама, з нагоды абласнога фестывалю–ярмаркі працаўнікоў сяла “Дажынкі–2018” ў г.Іўе).
У 2018 годзе ў дар ад І.А. Карэнды ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” атрымала яго новыя кнігі з аўтографам (паэму “Вочап”, казку для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Ёж иголки продавал”) і 35 кніг іншых аўтараў з хатняй калекцыі пісьменніка.
Году малой радзімы была прысвечана чарговая сустрэча з Іванам Арсеньевічам Карэндам, якая адбылася ў Іўеўскай дзіцячай бібліятэцы ў лістападзе 2019 года. Вучні пачатковых класаў з цікавасцю слухалі аўтара цудоўных дзіцячых кніжак “Ёж іголкі прадаваў” і “На загадкі ёсць адгадкі”, актыўна адгадвалі загадкі і прынялі ўдзел у міні-выставе малюнкаў “Беларусь у маім сэрцы”.
У 2020 годзе ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” пабачыла свет кніга лірыкі Івана Карэнды “Пад зорным небам верасня”. У кнігу ўвайшлі вершы, якія друкаваліся ў літаратурна-мастацкіх выданнях (часопісах “Полымя”, “Маладосць”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”), дзве паэмы – “Вочап” і “Бярозавік”, а таксама новыя паэтычныя творы, напісаныя ў апошнія гады. Гэта філасофска-лірычны роздум паэта над таямніцамі Сусвету і пошукам чалавека свайго месца на зямлі, дзе асабістыя пачуцці і душэўныя памкненні аўтара арганічна спалучаюцца з грамадскімі інтарэсамі, а любоў да Бацькаўшчыны – з выразна акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй, скіраванай у будучыню роднай Беларусі.
У першым нумары часопіса “Полымя” за 2021 год была надрукавана новая аповесць Івана Карэнды “Павер свайму каханню” – сентыментальнае апісанне сустрэчы беларускага мужчыны з рускай жанчынай у курортным Кіславодску. Сюжэт насычаны прагулкамі, кафэ, прыродай і размовамі на абстрактныя тэмы.
Некалькі вершаў Івана Карэнды, аб’яднаных агульнай назвай “Я маю права на прызнанні”, былі надрукаваны У № 8 часопіса “Полымя” за 2021 год. Асноўныя тэмы элегічных вершаў – успаміны маладосці, пераасэнсаванне свайго мінулага і сучаснага, роздум аб тым, чым жыве душа, што трымае ў жыцці і з’яўляецца неад’емнай часткай усведамлення сябе прыналежным да гэтага месца і часу.
У 18-м нумары газеты “Літаратура і мастацтва” за 2021 год апублікаваны невялікі празаічны твор “Буслянка над акопам” – успаміны пра дзеда Карэнду Івана Мікалаевіча, чырвонаармейца, які загінуў у баі ва Усходняй Прусіі 9 красавіка 1945 года і пахаваны ў брацкай магіле.
Вершы нашага знакамітага земляка (“Дом Купалы”, “Родная вёска”, “Падпальшчыкам вайны” і інш.) і яго пераклады з рускай паэзіі былі змешчаны ў першым выпуску літаратурнага альманаха “Беларускі дзённік – 2022”. “Беларускі дзённік – 2022” – праект Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”. У альманах увайшлі нарысы, вершы, апавяданні, успаміны ўдзельнікаў НКА “Беларусы Масквы” і творы іншых аўтараў, прысвечаныя Беларусі.
Дарагія землякі! Сустракаючы сваю юбілейную, 65-ю восень, я хачу звярнуцца да вас са словамі глыбокай павагі і шчырай удзячнасці. Бог падарыў мне шчасце нарадзіцца ў маляўнічым куточку беларускай зямлі, на беразе бацькі-Нёмана, сярод працавітых, таленавітых і добрых людзей. Родны прынёманскі край даў мне сілы для вучобы і працы, азарыў маё жыццё святлом кахання. Грунтоўную базавую адукацыю я атрымаў ў Крывіцкай васьмігодцы і Морынскай сярэдняй школе, за што нізкі паклон маім настаўнікам. Найперш тым, хто ўжо пакінуў гэты свет, – як сведчанне маёй светлай памяці пра іх. А таксама педагогам, чый зямны шлях яшчэ доўжыцца, з кім мне зрэдку выпадаюць радасныя хвіліны сустрэч падчас наведвання родных мясцін, ці каго даўно не бачыў, а вельмі хочацца сустрэцца. Мая бязмежная падзяка – аднавяскоўцам: у Крывічах, як нідзе на свеце, я адчуваю сябе сапраўды шчаслівым чалавекам. У роднай вёсцы склаліся многія вершы, тут жывуць героі маёй аповесці “Воплаўская госця”, іншых твораў. Дзе б я ні быў, – заўсёды з цікавасцю сачу за сацыяльна-эканамічным і культурным развіццём Іўеўшчыны, радуюся поспехам землякоў. З вялікім задавальненнем прыязджаю, калі выпадае, на свята горада Іўе, якое ўжо стала традыцыйным. Шчыра жадаю ўсім жыхарам раёна моцнага здароўя, міру і дабрабыту, новых дасягненняў на карысць роднай Беларусі. З нагоды юбілею, прапаную ўвазе чытачоў раённай газеты нізку вершаў, напісаных у розныя гады, якія можна аб’яднаць адным словам – РОДНАЕ. Гэта – мая сардэчная споведзь перад вамі, дарагія мне людзі. Іван Карэнда Сардэчная споведзь Беларусь Дзе ні быў я ў далёкіх краях, Ты душу спавіваеш журбою, Снішся мне, Беларусь дарагая мая, Сэрца прагне сустрэчы з табою. Дзе ні быў я ў далёкіх краях, Па якіх толькі сцежках ні крочыў, – Не знайшоў прыгажэй, як старонка мая, Як твае, Беларусь, васільковыя вочы. Дзе б ні быў я ў далёкіх краях, Куды б лёс ні закінуў, – я знаю, Што заўсёды чакае Радзіма мая… Ёй сыноўскай любоўю навек прысягаю.
Читать полностью: https://ivyenews.by/novosti/kultura/item/1793-yubilejnyya-matyvy.html
При любом использовании материалов активная гиперссылка на ivyenews.by обязательна!

Творы пісьменніка:
-
Карэнда, I. Белы наліў : лірыка / І. Карэнда ; маст. М. Ф. Барздыка. — Мн. : Дэ-факта, 1995. — 84 с.
-
Карэнда, І. На загадкі ёсць адгадкі : загадкі : для дашк. і мал. шк. узросту / Іван Карэнда ; [маст. Я. А. Ларчанка]. — Мн. : Юнацтва, 2001. — [24] с.
-
Знічка: зборнік лірычных песень Міколы Луцкова на словы Івана Карэнды. — Мн., 2003. — 27 с.
-
Каренда, И. Последна молитва : стихове / Иван Каренда ; превод: Христо Попов, Стефан Поптонев. — София : Илинда ― Евтимов, 2004. — 47 с.
-
Карэнда, І. Воплаўская госця // Полымя. — 2007. — № 7 (933). — С. 6—38.
-
Карэнда, І. Скрыпка з Берліна. Апавяданне // Маладосць. — 2010. — № 5 (678). — С. 7—10.
-
Карэнда, I. Воплаўская госця : кніга прозы / Іван Карэнда. — Мн. : Лiтаратура i Мастацтва, 2011. — 239 с. — (Лiмаўскi фальварак).
-
Карэнда, І.А. Вочап : на скразняках эпох : паэма / Іван Карэнда. — Гродна : Гродзенская друкарня, 2018. — 40 с.
-
Каренда, И. Ёж иголки продавал : сказка для дошкольного и младшего школьного возраста / Иван Каренда ; художник Олег Рамодин. — Минск : Harvest, 2018. 14, [2] с. : цв. ил.
-
Карэнда, І. Пад зорным небам верасня : кніга лірыкі / Іван Карэнда. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2020. — 199 с.
-
Карэнда, І. Павер свайму каханню : аповесць / І. Карэнда // Полымя. — 2021. — № 1. — С. 58—83.
-
Карэнда, І. Буслянка над акопам : проза / Іван Карэнда // Літаратура і мастацтва. — 2021. — № 18. — 7 мая. — С. 9.
- Буслянка над акопам : мы павінны памятаць усіх, хто абараняў Айчыну ад фашысцкай навалы / Іван Карэнда // Рэспубліка. — 2021. — 27 мая. — С. 9.
-
Карэнда, І. Я маю права на прызнанні : вершы / Іван Карэнда // Полымя. — 2021. — № 8. — С. 17—21.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы:
-
Карэнда Іван Арсеньевіч // Бел. энцыклапедыя : у 18 т. Т. 18. Кн. 1. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2004. — С. 403—404.
-
Бутурля, І. “Тут жыцця майго высноўе…” / І. Бутурля // Іўеўскі край. – 2020. — 19 верасня. — № 72. — С. 7.
-
Верціхоўская, М. Адкрыты ўрок, або знесеныя ветрам : з вопыту прачытання аповесці-эсэ “Два ўрокі” Навума Цыпіса і аповесці “Воплаўская госця” Івана Карэнды // Маладосць. — 2007. — №12. — C. 106—116.
- Віктарава, А. “На загадкі ёсць адгадкі” : знаёмства з творчасцю І. А. Карэнды : літаратурная гасцёўня / А. Віктарава // Іўеўскі край. – 2020. — № 2. — С. 18—20.
-
Врублеўскі, В. Карэнда Іван / Валянцін Урублеўскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — C. 357—358.
-
Гулідава, В. Святло Радзімы — праз усё жыццё / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2018. — 28 красавіка. — № 31. — С. 5.
- Гулидова, В. Так вольна вершам пад зорным небам верасня… : новая кніга паэта // Іўеўскі край. – 2020. — 28 лістапада. — № 91. — С. 12
-
Карэнда, І. Акраец хлеба і глыток вады Іўеўшчыны / Ірына Жышко ; фота // Краязнаўчая газета. — 2016. — № 25. — С. 6.
-
Карэнда, І. Здумкі-згадкі : нататкі / Іван Карэнда // Літаратура і мастацтва. —2020. — 17 красавіка. — № 15. — С. 9.
- Рафаловіч, А. А. Славутыя постаці Іўеўшчыны: паэт, грамадскі і палітычны дзеяч Іван Карэнда (да Года малой радзімы) / А. А. Рафаловіч // 69-я научно-техническая конференция учащихся, студентов и магистрантов, 2-13 апреля 2018 г., Минск : сборник научных работ : в 4 ч. Ч. 3 / Белорусский государственный технологический университет. – Минск : БГТУ, 2018. – С. 588-590.
Відэаматэрыялы:
-
Іван Карэнда : [відэазапіс]. — Рэжым доступу: https://www.youtube.com/watch?v=erhrA8Y5BHk&list=PLuenDeGCLqbY3jHdgGPz95VjK935iBB0s. Дата публікацыі: 21 мая 2020 г.
Іван Карэнда – госць аўтарскай праграмы Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы” на тэлеканале Беларусь 3.