Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912            
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Корвін-Мілеўскі Ігнацій Кароль

У канцы XVIII – XIX ст. Геранёны належалі магнацкаму роду Корвін-Мілеўскіх. 27 красавіка 1846 г. у Оскара Мілеўскага і Веранікі Воўк-Мілеўскай у Геранёнах нарадзіўся сын Ігнацій Кароль.

 З 1856 г. Ігнацій разам з братам Іпалітам жыў у Парыжы, дзе вучыўся ў ліцэі Банапарта. У 1865 – 1866 гг. браты вучыліся ва ўніверсітэце ў Дэрпце. У 1868 г. Ігнацій вярнуўся ў Геранёны, дзе жыў да пачатку вучобы ў студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене (1870). Маляваў вельмі старанна, прымаў удзел у выстаўках. Яго любімымі жанрамі былі партрэт і пейзаж. У 1873 г. Ігнацій Корвін-Мілеўскі прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы ў Вене, праз год – у Парыжскім салоне.

Бацькі аддалі Лугамавічы і Лаздуны сыну Іпаліту, а маёнтак у Геранёнах – Ігнацію. Ігнацій атрымаў званне графа, меў свой герб, быў кавалерам Мальтыйскага ордэна. З 1881 г. мяняў грамадзянства з рускага на аўстрыйскае і наадварот. Перад смерцю прыняў італьянскае грамадзянства. Але Геранёны заўсёды заставаліся радзімай, якую ён не забываў і куды ахвотна прыязджаў. Быў, як кажуць, грамадзянінам свету. Жыў у Вене і Вільні, пабудаваў палац на італьянскі манер. Пасля 1905 г. Ігнацій ажаніўся з Янінай Оструг-Садоўскай, багатай удавой, сваячкай Уладзіслава Умястоўскага, але шлюб іх цягнуўся нядоўга. Маладажоны не мелі дзяцей. Праз некалькі гадоў з дапамогай Ватыкана шлюб быў скасаваны.

Пасля гэтага Ігнацій купіў востраў на Адрыятычным моры і яхту. Заказаў у Парыжы вялікія габелены са сваім новым гербам. Сваю яхту назваў “Літва” і плаваў на ёй па Міжземным, Балтыйскім і Паўночным морах, за Паўночны палярны круг да нарвежскіх і рускіх партоў, у Канстанцінопаль, Венецыю, Каір, Амстэрдам, Стакгольм, Гданьск і іншыя месцы.

Ён многа пісаў. Надрукаваў свае нататкі аб падарожжах у 1897 г. У 1899 г. выдаў другую кнігу ўспамінаў. У 1905 г. апублікаваў некалькі прац, у т. л. “Унутраны крызіс Расіі і народнае прадстаўніцтва”, “Голас шляхціца” і інш. У гэтых брашурах крытыкаваў усіх: народных дэмакратаў, сацыялістаў, польскіх патрыётаў, мяшчан, мужыкоў, ксяндзоў, журналістаў, палітыкаў, паслоў і свайго брата Іпаліта, якога не вельмі любіў.

Ігнацій судзіўся з многімі людзьмі, нават з ксяндзом Бародзічам з Суботнікаў. На сваім двары трымаў 20 стражнікаў, якія яго ахоўвалі.

“Партрэт І.Корвін-Мілеўскага” (маст. Леон Ян Вычулкоўскі?)

У 1876 г. Уладзіслаў Чахурскі напісаў партрэт Ігнація. На цёмным фоне стаіць яшчэ малады мужчына, адзеты ў чорны багаты касцюм. Да 1939 г. гэты партрэт вісеў у палацы ў Геранёнах. Ігнацій валодаў вялікім багаццем і меў магчымасць калекцыяніраваць карціны. У яго была самая вялікая ўласная галерэя сучасных мастакоў. Копій не было, а толькі арыгіналы. Купляў карціны стылю мадэрн, імпрэсіяністаў, сімвалістаў. Набываў толькі тое, што яму падабалася, незалежна ад кошту. У Яна Матэйкі купіў карціну “Станчык”.

У канцы XIX ст. калекцыяніраванне з’яўлялася паказчыкам добрага густу, асабліва сярод прадстаўнікоў буржуазна-фінансавых, прамысловых і гандлёвых колаў. Ігнацій добра арыентаваўся ў мастацтве. Яго калекцыя была шырока вядома, часта ўпаміналася ў друку як самая лепшая ў Польшчы. Тут былі работы Юзафа Папкевіча, Людвіга дэ Левіа, Яна Станіслаўскага, Юльяна Фалата, Мар’яна Ваўжыцкага, Яцака Мальчэўскага. Мілеўскі купляў карціны толькі майстроў-сучаснікаў. Ён хацеў, каб гэтыя творы расказвалі пра культуру Польшчы і засталіся на радзіме. Карціны пачаў збіраць каля 1890 г. і займаўся гэтым на працягу 14 гадоў. Сёння яны захоўваюцца ў лепшых музеях свету і высока ацэньваюцца. Пасля смерці Мілеўскага многія карціны купіў доктар Эміль Мэрвін. Сярод іх былі аўтапартрэты мастакоў, творы бытавога жанру, рэлігійнай тэматыкі.

Ігнація найбольш цікавілі гістарычныя карціны і пейзаж. У яго калекцыі налічвалася каля 250 карцін. Асабліва вылучаліся работы Аляксандра Герымскага (24 штукі), Вінцэнта Вадзіноўскага. Апошні пісаў карціны толькі для Мілеўскага. На іх адлюстравана жыццё польскага народа і вёскі, яе звычаі, абрады. У калекцыі былі аўтапартрэты А. Герымскага, Я. Матэйкі і інш. Карціны з калекцыі Мілеўскага атрымлівалі ўзнагароды на сусветных выстаўках.

І.К. Корвін-Мілеўскі быў не толькі калекцыянерам. Ён дапамагаў маладым мастакам: выплачваў рэгулярна пенсіі, плаціў за вучобу. У яго былі сяброўскія адносіны з мастакамі старэйшага пакалення. Больш за ўсё ён любіў творы Я. Матэйкі. Хацеў нават паставіць яму бронзавы помнік у Кракаве.

Сваю карцінную галерэю Ігнацій спачатку планаваў размясціць у Кракаве, але да 1893 г. галерэя знаходзілася ў яго палацы ў Вільні і заўсёды была адкрыта для наведвальнікаў. У 1895 г. ён арганізаваў выстаўку сваіх карцін у Вене. Яна атрымала высокую ацэнку публікі. Яе наведаў аўстрыйскі манарх Франц Іосіф, якому спадабаліся партрэты Матэйкі. Пасля выстаўкі ў Вене Ігнацій меркаваў перавезці карціны ў Берлін ці Геранёны, дзе меў вялікі мураваны будынак. Але пасля разводу з жонкай забраў іх з сабой на востраў Санта-Катарына. У час 1-й Сусветнай вайны многія карціны былі схаваны ў Вене, іншыя – у Віленскім палацы і ў Гандлёвым банку ў Варшаве.

Канец 1-й Сусветнай вайны стаў пачаткам трагічнага этапу ў жыцці Ігнація. Змена граніцы, падзенне манархій у Расіі і Аўстрыі, адраджэнне незалежнай Польшчы разарылі графа. Ён страціў усё, што пакінуў на тэрыторыі новай савецкай дзяржавы. Моцна хварэў. Змучаны хваробай і старасцю Ігнацій Кароль перадаў свае справы пляменніку Шыману Мейштовічу. Апошні стаў уладальнікам Геранён і багацця Ігнація Корвін-Мілеўскага: дываноў, мэблі, карцін, срэбра.

Каб жыць у раскошы, Ігнацій Кароль вымушаны быў прадаваць калекцыю карцін. Потым яе распрадажай займаўся Мейштовіч. У выніку некаторыя карціны трапілі ў Нацыянальны музей у Варшаве (у т. л. партрэт Я. Матэйкі), іншыя апынуліся ў Швейцарыі, Амерыцы, Англіі. Большасць карцін купілі палякі, якія жывуць за мяжой. Некаторыя карціны засталіся на востраве Санта-Катарына.

Памёр І. К. Корвін-Мілеўскі 16 кастрычніка 1926 г.

   

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы:

  • Буйко, И. Экономист, публицист, государственный и общественный деятель, доктор права… / И. Буйко // Ивьевский край. — 2012. — № 15. — С. 4.

  • Гулідава, В. Грамадзянін свету Ігнацій Корвін-Мілеўскі, ці Мінулае – падмурак дня сённяшняга / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2016. — 7 мая. — № 34. — С. 19.

  • Ігнацій Кароль Корвін-Мілеўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2002. — С. 72—74.

  • Смалянiчэнка, А. Ігнацій Кароль Корвін-Мілеўскі // Краязнаўчая газета. — 2010. — № 3 (студзень). — C. 4 

  • Смалянічэнка, А.І. Хто такі Ігнацій Кароль Корвін-Мілеўскі? // З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы наукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І.П. Крэня. — Гродна: ГрДУ, 1999. — С. 182—185.

Корвін-Мілеўскі Ігнацій Кароль

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна