Русский БелорусскийАнглийскийНемецкийЛитовскийПольскийУкраинский

Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Геранёнскі замак

Да нашага часу на месцы замка захаваліся толькі земляныя валы і невялікія фрагменты каменных сцен. Аб былой велічы архітэктурнага помніка можна меркаваць па ўспамінах сучаснікаў, па малюнку Н.Орды (1875 г.) і спробах розных мастакоў узнавіць вобраз старадаўняга замка, які ў XV  XVI стст. лічыўся адным з найпрыгажэйшых і магутных у Вялікім княстве Літоўскім. Менавіта Геранёнскі замак гісторыкі называюць сведкам кахання польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста і прыгажуні-княгіні Барбары з роду Радзівілаў*.

Мураваны замак быў пабудаваны па загаду Альбрэхта (Войцеха) Гаштольда, віленскага ваяводы, канцлера Вялікага княства Літоўскага. Помнік палацава-замкавай архітэктуры канца XV  пачатку XVI ст.

Замак размяшчаўся на штучнай выспе. Вакол замчышча быў выкапаны глыбокі роў. Перад ровам  земляны вал вышынёй 9-10 м, шырынёй каля 15 м і даўжынёй па перыметры больш за 700 м. Вал у плане нагадваў выцягнуты прамавугольнік з закругленымі вугламі. Абарона замка не была разлічана на прыродныя перашкоды і не мела штучнага абваднення. Толькі знешні абарончы роў на асобных участках мог напаўняцца вадой у час веснавога таяння снегу або ўвосень, калі ішлі дажджы. Характар першапачатковых навальных канструкцый Геранёнскага замка не высветлены, але, відаць, гэта былі звычайныя драўляныя сцены. Замак меў выгляд квадрата (27×27 м), на кожным вугле якога стаялі мураваныя цыліндрычныя вежы (дыяметр 8 м).

Меркаваны выгляд замка на малюнку С. Прышчэпы
Руіны замка на малюнку Н. Орды

Геранёнскі замак стаў правобразам тых бастыёнаў і бастыённай сістэмы ўмацаванняў, якія знойдуць на Беларусі самае шырокае прымяненне ў другой палове XVI і асабліва ў XVII стагоддзі.

Да 1542 года замкам валодалі Гаштольды, потым  вялікія князі літоўскія і каралі польскія Жыгімонт Стары і Жыгімонт II Аўгуст, да 1588  розныя асобы, пазней Сапегі, з 1643  падскарбій Мікалай Кішка. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. замак разбурыла рускае войска. З канца XVII ст. інвентары паказваюць паступовае далейшае разбурэнне. 3 1670 г. замак і в. Геранёны  на дзяржаўным утрыманні. У 1708 у замку з атрадам шведскага войска размяшчаўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўночнай вайны 1700-1721 гг. замак прыйшоў у заняпад.

У пачатку ХІХ ст. у Геранёнскім замку ўжо не жылі, у сярэдзіне стагоддзя значную частку руін разабралі на ўзвядзенне ў в. Ліпнішкі розных гаспадарчых будынкаў. Напалеон Орда замаляваў у сярэдзіне XIX ст. толькі руіны замка вышынёй да 1-га паверху.

Рэшткі Геранёнскага замка ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
 
*Менавіта замак і касцёл у Геранёнах былі сведкамі “кахання стагоддзя” (так назавуць гісторыкі падзеі тых дзён)  кахання польскага караля Сігізмунда II Аўгуста і прыгажуні-літвінкі Барбары з роду Радзівілаў. Альбрэхт Гаштольд доўга меў варожыя адносіны з Радзівіламі. Крокам да міру стала сватанне яго сына Станіслава да юнай дачкі Юрыя Радзівіла Барбары. У 1537 годзе маладыя ўзялі шлюб у новым Геранёнскім касцёле. Праз некалькі год Станіслаў Гаштольд памірае. У 1543 годзе ў замак прыехаў тады яшчэ сын караля Польшчы, кароль Літвы Сігізмунд Аўгуст. Каралевічу прыйшлася даспадобы маладая ўдава. Барбара адказала ўзаемнасцю. Закаханыя тайна павянчаліся. Калі ж іх тайна праз некалькі год была адкрыта, яна ўскалыхнула і Літву, і Польшчу. Усе былі супраць, лічылі, што яму патрэбна жонка з каралеўскіх дынастый. Гэта ўмацавала б і краіну, і трон… Аднак каханне перамагло тыя абурэнні  Барбара ў снежні 1550 г. была каранавана, як каралева Каралеўства Польскага. А ўсяго праз паўгода яна памерла. Хвароба была невядомай і вельмі цяжкай. Асобныя гісторыкі і пісьменнікі (у прыватнасці, польская пісьменніца Галіна Аўдзерская ў рамане “Каралева Бонна”) робяць высновы наконт таго, што нежаданую нявестку атруціла каралева-маці Бона Сфорца. Яна мела ў сваіх каранях і прадстаўнікоў роду Медзічы, яды і атручванні ў якіх былі ўведзены ў ранг мастацтва.
    

Дадатковыя матэрыялы:

Таямніцы Геранёнскага замка: Барбара Радзівіл  Чорная панна Геранён : [відэазапіс]. — Рэжым доступу: https://www.youtube.com/watch?v=HZ6HQvmn-hc&list=PLuenDeGCLqbYwefZbx4FC8gKigwv4M7GS
    

Бібліяграфічныя крыніцы інфармацыі:

  1. Антонова, А. Золотое кольцо с жемчужинами: Ивьевский регион / Анна Антонова // Гродзенская праўда. — 2013. — №73. — 27 чэрвеня. — C. 7.

  2. Багільч, І. Іўеўскі раён / Ірына Багільч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т. 3 / рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1996. — С. 510—511.
  3. Васілючак, М.В. Іўе: гісторыка-эканамічны нарыс / М.В. Васілючак. — Мінск: Беларусь, 1990. — 126 с.

  4. Врублеўскі, В. Геранёны / Валянцін Врублеўскі // Гiсторыя школы i анамастыкi. —  2011. — C.185—203.
  5. Врублеўскі, В. Каханне еўрапейскага кшталту, ці Барбара і кароль / Валянцін Врублеўскі // Iве  Юрацiшкi. — Мінск. — 2010. — C. 50—56.

  6. Геранёны / Страчаная спадчына / Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю.У. Чантурыя і інш.; уклад. Т.В. Габрусь.  — Мінск: Полымя, 1998. — С. 17—19.

  7. Гулідава, В. Геранёнскі замак на скрыжаванні стагоддзяў / В. Гулідава // Iўеўскi край. — 2015. — 16 снежня (№ 96). — C. 5.

  8. Гулідава, В. Гісторыя і сучаснасць Драўляных Геранён / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2019. — 2 ліпеня. — № 49. — С. 5—7.
  9. Іўеўскі раён // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — С. 375—378.

  10. Коўкель, І.І. Замак у Геранёнах / І.І. Коўкель // З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы наукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І.П. Крэня. — Гродна: ГрДУ, 1999. — С. 164—168.

  11. Смалянічэнка, А. На прыкасцёльнай тэрыторыі – аднаўленне / А. Смалянічэнка // Іўеўскі край. — 2021. — 20 кастрычніка (№ 79). — С. 4.
  12. Ткачоў, М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII  XVIII стст. / М.А. Ткачоў; пад рэд. П. А. Раппапорта. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978. — С. 74—79.

  13. Ткачев, М.А. Замок в Геранёнах / М.А. Ткачев // Замки Беларуси. — Минск: Беларусь, 2002. — С. 144—148.

  14. Ткачоў, М.А. Геранёнскі замак / М.А. Ткачоў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — С. 41—44.

  15. Федорук, А.Т. Старинные усадьбы Гродненщины: Берестовицкий  Ивьевский районы / А.Т. Федорук; науч. ред. О.Н. Попко. — Минск, 2014. — 543 с.: ил.

YaE0jj7syd8

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна