Знаходзіцца ў аграгарадку Жамыслаўль на левым беразе ракі Гаўя. Ён лічыцца адным з самых прыгожых радавых маёнткаў, з’яўляецца паменшанай копіяй палаца з варшаўскага сядзібна-паркавага комплексу Лазенкі, рэзідэнцыі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве. Яшчэ два такія ж палацы архітэктара Дамініка Мерліні знаходзяцца ў Рыме і Вільнюсе.
4 студзеня 1807 г. Якуб Умястоўскі набыў маёнтак у Антонія Кеневіча, мазырскага земскага суддзі, і распачаў тут будову палаца. Якуб Умястоўскі любіў падабенства, таму дом стаў паменшанай копіяй Лазенкоўскага палаца ў Варшаве. У 1828 г. яго сын Казімір Умястоўскі па баках набытага аднапавярховага сядзібнага дома, збудаванага у стылі барока, ставіць дзве мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захавалася адна), лядоўню, аранжарэю і манеж. Жонка Казіміра Умястоўскага Юзэфа (з роду Дунін-Раецкіх) пабудавала палац (1863–1877 г.), які існуе і цяпер.
Планіровачнае ядро ансамбля – мураваны палац і дзве сіметрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883 г.).
Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага – чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лоджыі галоўнага фасада – прамавугольныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з квадратнай залай у цэнтры, у якой збераглася кафельная печ XVIII ст. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя коміны, сценавыя панэлі. У палацы мелася 20 пакояў. Мэбля, карціны, габелены, скульптуры завозіліся з Парыжу і Вены. Частка мэблі была выраблена мясцовымі майстрамі па малюнках Юзэфы, якая захаплялася маляваннем і рамёствамі. Пад будынкам знаходзяцца скляпеністыя падвалы.
У 1877 г. сядзіба пераходзіць ва ўладанне графа Уладзіслава Умястоўскага (1833-1905 гг.) (старэйшага сына Юзэфы). Разам з жонкай Янінай ён завяршыў інтэр’ернае афармленне палаца. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га.) высаджаны ў 1883 годзе французскім садоўнікам Джэймсам. Падзелены ракой на дзве часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, клён востралісты Шведлера, ясень пенсільванскі і інш.
Да нашага часу захаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885 г.), парк. З гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў традыцыях народнага дойлідства) – аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.
У часы Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся нямецкі ваенны санаторый, у выніку чаго маёнтак быў разрабаваны. У сакавіку 1922 года Яніна (жонка Уладзіслава Умястоўскага), якой пасля смерці мужа належалі ўладанні Умястоўскіх ў Віленскай і Мінскай губерніях, перадае Жамыслаўль з Гутай і Залес’ем Віленскаму ўніверсітэту з правам яе пажыццёвага пражывання. Сядзібны комплекс быў адведзены пад навуковую базу з прыродазнаўчай і сельскагаспадарчай спецыялізацыяй. З трох бакоў пры ўездзе ў сядзібу ўстанавілі пілоны з надпісам “Жемыславльская научная фундация Владислава и Янины графства Умястовских при университете Виленском”.
Права пажыццёвага пражывання графіні выкарыстана не было: Яніна Умястоўская назаўжды пакінула Жамыслаўль і пачала жыць у Рыме, дзе і завяршыла свой жыццёвы шлях у 1941 г. Месца у фамільнай крыпце ў Суботніцкім касцёле засталося свабодным, а табліца без надпісу.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся праўленне саўгаса “Жамыслаўскі”, клуб, бібліятэка. З 2006 года будынак пуставаў.
Пажар, які практычна знішчыў палац, адбыўся 8 мая 2012 года. Пасля будынак стаў хутка разбурацца. У сучасны перыяд знаходзіцца ў аварыйным стане.
Старадаўняя сядзіба некалькі разоў мяняла гаспадароў. Палацава-паркавы комплекс некалькі разоў спрабавалі прадаць пад рэстаўрацыю, каб зберагчы для нашчадкаў.
У 2015 годзе комплекс быў набыты замежным інвестарам, але рэканструкцыя помніка архітэктуры не ажыццяўлялася. Гісторыка-культурны аб’ект зноў вярнулі дзяржаве.
У 2017 годзе ўладальнікам комплекса стала мінская будаўнічая кампанія “Градитель”, якая ўваходзіць у групу кампаній “Гмах”. Палац у Жамыслаўлі быў прададзены пры ўмове, што там з’явіцца аб’ект турыстычнага прызначэння з неабходнай інфраструктурай. Быў падпісаны ахоўны дагавор, па якому новы ўладальнік не мае права змяняць архітэктуру, і распачаты аварыйна-аднаўленчыя работы: перакладзены коміны, разабраны пашкоджаныя пажарам элементы, пачаты работы па замене даху. Але ўвосень 2019 года вяртанне да жыцця палацавага комплексу спынілася з-за шматлікіх праблем, у тым ліку і з праектнай дакументацыяй. Уладальнік палацавага комплексу Міхаіл Глінскі, кіраўнік кампаніі “Градитель” запэўніў, што да канца 2024 года на будынках з’явяцца дахі. Гэта абяцанне ўладальніка ўзята на кантроль раённай улады.
Бібліяграфія:
- Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — 620 с.: іл.
- Багільч, І. Іўеўскі раён / Ірына Багільч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т. 3 / рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1996. — С. 510—511.
- Грынько, А. Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх: шляхецкі фэст / А. Грынько // Іўеўскі край. – 2018. — 23 мая. — № 37. — С. 3.
- Гулидова, В. Жемыславль / В. Гулидова // Iўеўскi край. — 2016. — 29 чэрвеня. — № 48. — C. 8.
- Гулидова, В. На графских развалинах зарождается жизнь…: Год малой родины: наследие / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2019. — 30 сакавіка. — № 24. — С. 24.
- Гулідава, В. У графскім парку сустрэнеш і легенду, і быль…: Шляхецкі фэст у Жамыслаўлі “Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх” / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2019. — 22 мая. — № 37. — С. 1, 5.
- Ёрш, Ю. Вандроўка па Прынёманскім краі – Жамыслаўль: падарожжа ў мінулае / Юлія Ёрш // Принеманские вести. — 2015. — 19 ноября (№ 46). — C. 16.
- Жамыслаўль // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 2 / рэдкал. : У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ; Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ; выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. — Мінск : Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2016. — С. 461— 463.
- Жамыслаўль. Жамыслаўская сядзіба // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 6 / рэдкал. : Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — С. 421—422.
- Жемыславльская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия. В. 7 т. Т. 4. Гродненская область. В. 2 кн. Кн. 1 / редкол. : В. В. Андриевич (гл. ред.). — Минск : Беларус. Энцыкл. Імя П. Броўкі, 2014. — С. 328—329.
- Жемыславская усадьба // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Т. 3 / редкол. : Г. П. Пашков и др. — Минск : БелЭн, 2006. — 896 с. : ил.
- Ігліцкі, А. Клякочуць буслы ў паднябессі: Залессе / Алег Ігліцкі // Іўеўскі край. — 2023. — 9 снежня. — № 95. — С. 12. Фальварак Залессе пэўны час ўваходзіў у склад маёнтка Жамыслаўль.
- Лиходедов, В. Жемыславская Венеция / Владимир Лиходедов // Беларусь сегодня. — 2022. — 8 октября. — № 198. — С. 18.
- Михайлова, И. Побывав здесь однажды, хочется возвращаться вновь / Ирина Михайлова // Іўеўскі край. — 2021. — 17 ліпеня (№ 52). — С. 5.
- Михайлова, И. Уникальный, величественный, благородный / И. Михайлова // Іўеўскі край. — 2021. — 2 ліпеня (№ 40). — С. 3.
- Niechwiadowicz, K. Żemłosław = Жэмласлаў / Kazimierz Niechwiadowicz. — Poznan : GAWIA, 2005. — 88 с.
- Ожич, О. Макет дворца Умястовских: история одного экспоната в музее / О. Ожич // Іўеўскі край. — 2016. — 30 лістапада. — № 92. — С. 6.
- Парк в деревне Жемыславль / И. П. Вознячук [и др.] ; под ред. А. В. Пугачевского // Живые памятники : редкие и уникальные деревья и насаждения Беларуси — Минск : Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2021. — С. 206—207.
- Позняк, М. Виртуальная экскурсия музея: приглашаем в “Лазенки”: Ивьевщина туристическая / М. Позняк // Іўеўскі край. — 2017. — 30 жніўня. — № 66. — С. 5.
- Пономарёв, В. С лёгким даром : в каком состоянии находится усадьба Умястовских в деревне Жемыславль / Виктор Пономарёв // Советская Белоруссия. — 2011. — № 37. — C. 1, 6.
- Свірын, І. Палац па цане абеду: маёнтак у Жамыслаўлі / Ілья Свірын // Культура. — 2017. — 22 ліпеня. — № 29. — С. 3.
- Субач, В.У. Жамыслаўль / В.У. Субач // З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы наукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І.П. Крэня. — Гродна: ГрДУ, 1999. — С. 169—178.
- Суша, А. Выкананая місія мастака Напалеона Орды / Алесь Суша // Краязнаўчая газета — 2022. — № 6. — С. 5.
- Усадьба в Жемыславле // Ивьевский район. — ГОУПП “Волковысская типография”, 2019. — С. 18—19.
- Федорук, А.Т. Жемыславль / А. Т. Федорук // Старинные усадьбы Гродненщины: Берестовицкий район, Волковысский район, Вороновский район, Гродненский район, Дятловский район, Зельвенский район, Ивьевский район / А.Т. Федорук; [научный редактор О.Н. Попко]. — Минск : Беларусь, 2014. — С. 482—496.
- Цешка, В.Г. Жамчужына Іўеўскага краю (гісторыя маёнтка Жэмыслаўль) / В. Г. Цешка // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры : зборнік навуковых артыкулаў / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, УА “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы”. — Гродна, 2007. — С. 388―394.