Пабудаваны ў 1772 годзе на паўночнай ускраіне вёскі, каля могілак, на месцы касцёла 1608 года, асвячоны ў 1781 г. біскупам Т. Зелянковічам. Закрыты ў 1959 г. (прыстасаваны пад склад), вернуты парафіянам у 1983 г., адбудаваны ў 1990 г. Побач з храмам пастаўлена 2-ярусная драўляная званіца, накрытая шатром.
Помнік драўлянай архітэктуры барока. Двухвежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Агульны 2-схільны ўвагнуты ў аснове гонтавы дах над апсідай пераходзіць у вальмавы. Шматпланавасць і дынамічны сілуэт галоўнаму ыасаду надаюць бакавыя чацверыковыя шатровыя вежы і трохвугольны франтон паміж імі над цэнтральным шчытом. Першапачаткова трэція ярусы вежаў завяршаліся фігурнымі шатрамі з заломам і цыбулепадобнымі галоўкамі на 8-гранных барабанах. Вежачкай завяршаўся дах над прэсбітэрыем. Рысы барока праявіліся ў лучковым малюнку аконных праёмаў на фоне вертыкальнай шалёўкі. Імі рытмічна члянёны бакавыя фасады з вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
Корабавае скляпенне, размаляванае арнаментыкай у стылі мадэрн, аб’ядноўвае малітоўную залу і апсіду ў суцэльную дынамічна скіраваную да апсіды прастору.
На фоне гарызантальнай шалёўкі сцен моцны архітэктурна-скульптурны акцэнт ствараюць 3 драўляныя барочныя алтары. Цэнтральны – 2-ярусны, узняты на высокі пастамент, вырашаны 2 калонамі карынфскага ордэра, якія нясуць тонка прафіляваны антаблемент, фланкіраваны скульптурамі анёлаў. У завяршэнні алтара – прамавугольны плястравы шчыт з гарэльефнай выявай “Ускрыжаванне” і размалёўкай “Усёбачнае Вока” на скляпенні апсіды. Плоскасці алтара запоўнены накладной драўлянай разьбой. У яго цэнтры размешчаны абраз “Маці Божая з дзіцем” (18 ст.) у барочнай разной раме. Кампазіцыя і дэкор бакавых алтароў паўтараюць цэнтральны, але адрозніваюцца ракайльнымі фігурнымі шчытамі ў завяршэнні. Алтары ўпрыгожаны накладной пазалочанай драўлянай разьбой, якой пакрыта і кафедра драўлянага амбона. Над нартэксам – балюстрадная галерэя хораў з арганам.
Бібліяграфія:
-
Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / рэд. кал. А. А. Воінаў і інш. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 206—207.
-
Багільч, І. Іўеўскі раён / Ірына Багільч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т. 3 / рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : БелЭн, 1996. — С. 510—511.
-
Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 7 / рэд. кал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 1998. — С. 366—368.
-
Габрусь, Т. В. Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі / Т. В. Габрусь. — Мінск : Беларуская навука, 2020. — С. 43, 163.
- Ёрш, Ю. Вандроўка па Прынёманскім краі – Дуды // Принеманские вести. — 2015. — 29 октября. — № 43. — C. 16.
-
З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю : матэрыялы навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад. рэд. І. П. Крэнь. — Гродна : ГрДУ, 1999. — 256 с.
- Захарэвіч, І. Драўляны касцёл у вёсцы Дуды / Іван Захарэвіч // Краязнаўчая газета. — 2020. — № 37. — С. 6.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэд. кал. : С.В. Марцэлеў і інш. — Мінск : Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 200—201.
-
Ивьевское Понеманье // Туристическая мозаика Беларуси / А. И. Локотко [и др] ; науч. ред . А. И. Локотко. — Минск : Беларус. навука, 2011. — С. 394—399.
-
Касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Дуды // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск: Белта, 2002. — С. 378—379.
-
Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — С. 135.
-
Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2000. — С. 60.
-
Михайлова, И. Побывав здесь однажды, хочется возвращаться вновь / Ирина Михайлова // Іўеўскі край. — 2021. — 17 ліпеня (№ 52). — С. 5.
-
Пракопчык, І. Веліч даўніх вёсак: гісторыя Іўеўшчыны / І. Пракопчык // Іўеўскі край. — 2015. — 17 кастрычніка. — № 79. — С. 6—7.
-
Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. Т. 4. Гродненская область. В 2 кн. Кн. 1. / редкол.: В. В. Андриевич. — Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2014. — С. 306.
-
Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны: энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мінск: БелЭн, 2004. — С. 307—309.
-
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 3. / Беларуская Энцыклапедыя; рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 510—511.