Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912            
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Іўеўскі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла

Іўеўскі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла  унікальны помнік архітэктуры Беларусі канца XVXVIII стагоддзяў. 

Касцёл размясціўся на самым высокім пункце горада. Да мураванага касцёла далучаўся жылы корпус (захаваліся заходняе і часткова ўсходняе крылы). Кляштар аддзелены ад былога мястэчка насыпам, які меў абарончае значэнне.

Першапачатковы 1-нефавы касцёл і драўляны кляштар узведзены ў 1495-1499 гг. па фундацыі троцкага ваяводы Пятра Яновіча. Касцёл быў перабудаваны ў 1631 г. па загаду тагачаснага ўладара Іўя Мікалая Кішкі (дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага), які заснаваў пры храме з дазволу віленскага біскупа Абрама Войны кляштар бернардзінцаў, мураваны корпус якога далучаўся да паўночнага фасада касцёла.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. касцёл быў спалены.

Новы храм асвечаны ў 1787 г. У 1858 г. кляштар скасаваны і прыстасаваны пад прыходскае вучылішча.

Архітэктура касцёла мае рысы готыкі, рэнесансу, барока і ракако. Двухсхільны дах асноўнага аб’ёму пераходзіць у гранёнае пакрыццё больш нізкай 5-граннай апсіды з буйнымі контрфорсамі па вуглах (рудыменты готыкі, сцены храма і апсіды ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі).

Лагічным працягам гэтай ступеньчатасці з’яўляецца вышынны франтальны фасад. Яго пластычная распрацоўка адлюстроўвае розныя этапы будаўніцтва: простая і строгая з выразнай пілястравай крапоўкай сцяны і яе  падзелам карнізам на 2 ярусы – рэнесанс пачатку 17 ст.; вытанчаныя і насычаныя вертыкальна выцягнутыя вежы з фігурнымі ківорыямі ў завяршэнні і фігурны шчыт паміж імі – ракако сярэдзіны 18 ст.

Цэнтральны ўваход вырашаны лучковым праёмам, над якім высокае паўцыркульнае акно хораў. Гладкія бакавыя сцены прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і апяразаны тонкапрафіляваным карнізам. У 19 ст. да паўночнай сцяны касцёла прыбудавана капліца.

Унутраная прастора 4 магутнымі слупамі падзелена на 3 крыжова-скляпеністыя нефы, у цэнтральны з якіх выступае хвалістая галерэя хораў.

Пластыка-дэкаратыўным упрыгожаннем інтэр’ера з’яўляюцца 6 алтароў.

Галоўны з іх – архітэктанічная калонна-пілястравая кампазіцыя, завершаная акругла-выгнутым крапаваным антаблементам з лучковым франтонам і скульптурнымі паліхромнымі выявамі анёлаў, святых апосталаў Пятра і Паўла, Укрыжавання.

Скульптурай і арнаментальнай разьбой дэкарыраваны бакавыя драўляныя алтары.

У пачатку 20 ст. сцены і скляпенні размаляваны ў карычнева-чырвонай і шэра-блакітнай гаме.

Архітэктура 2-павярховага жылога корпуса, які ўтварае прамавугольны ўнутраны двор з паўночнага боку касцёла, захоўвае рысы ранняга барока. Галерэяй, якая аб’ядноўвае келлі, корпус злучаны з апсідай.

Мастацка-дэкаратыўная рэліквія будынка – печ 17 ст., пакрытая тэракотавай кафляй з раслінным і геаметрычным арнаментам.

Вялікай каштоўнасцю касцёла з’яўляецца арган. Ён быў усталяваны ў 18 ст. на хорах насупраць галоўнага алтара, некалькі разоў рэстаўрыраваўся. Складаецца з 12 галасоў. Драўляная аснова аргана нагадвае сілуэт замка.

За гады існавання касцёла змянілася шмат свяшчэннікаў, кожны з якіх унёс свой уклад у развіццё парафіі і касцёла. Сярод іх – святар, тэолаг, пісьменнік і асветнік Ільдэфонс Бобіч (служыў адначасова пробашчам і дзеканам Вішнеўскага дэканату з 1930 па 1942 гг.). У літаратуры ён быў вядомы як Пётра Просты.

З 1996 года ксяндзом Іўеўскай парафіі служыць дзекан Ян Гавецкі, які прыкладае шмат намаганняў для дабрабыту касцёла і карыстаецца вялікай павагай сярод вернікаў.

Па яго задумцы ў 2001 г. перад касцёлам з’явілася скульптура “Распяцце Хрыста”. Гэта сапраўдная копія распяцця ў Лісабоне (Партугалія). Скульптура была ўстаноўлена да 2000-годдзя прыняцця хрысціянства на Русі.

У 2007 годзе ансамбль былога кляштара бернардзінцаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (код: 412Г000286).

Бібліяграфія:

  1. Ансамбль былога кляштара бернадзінцаў // Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь. — 2009. — C. 375—376.

  2. Архітэктура Беларусі: энцылапедычны даведнік. — Мінск: БелЭн, 1993. — С. 229—230.

  3. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7 / рэд. кал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 1998. — С. 366—368.

  4. Болотова, Т. Под сводами храма проникновенное звучание органа / Т. Болотова // Іўеўскі край. — 2009. — 23 снежня.

  5. Бразоўская, І. Нястрымны рух ганчарнага кола : філасофія глінамеса Мар’яна Козара / Ірына Бразоўская // Культура. — 2021. — 27 сакавіка (№ 13). — С. 11.

    Пра стваральніка статуі  Ісуса Хрыста, якая знаходзіцца ля ўвахода на тэрыторыю касцёла.

  6. Врублеўскі, В. Касцёл і кляштар // Іве — Юрацішкі / Валянцін Врублеўскі. — Мінск: А. М. Вараксін, 2010. — С. 72—74.

  7. Врублеўскі, В. Іўе. Касцёл і кляштар святыні / В. Врублеўскі // Іўеўскі край. — 1997. — 30 жніўня.

  8. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мінск: Ураджай, 2001. — С. 102—103.

  9. Гродненщина на пути созидания и развития / сост.: О. С. Нагорнева, М. Н. Исаченко; ред. кол.: В. В. Кравцов. — Белстан, 2016. — С. 134.

  10. Гулидова, В. Течет река времени, крутится колесо истории / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2014. — 14 чэрвеня. — № 44. — С. 24.
  11. Гулидова, В. Это наша с тобою земля: праект газеты “Іўеўскі край – “Ивьевщина туристическая” / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2017. — 25 лістапада. — № 90. — С. 5.

  12. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / ААН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 196—197.

  13. Ивье : юный город с древней историей: туризм без чемодана // Гродзенская праўда. — 2017. — 31 мая. — № 43. — С. 8—9.

  14. Ивьевское Понеманье // Туристическая мозаика Беларуси / А. И. Локотко [и др] ; науч. ред . А. И. Локотко. — Минск : Беларус. навука, 2011. — С. 394—399.
  15. Іўеўская зямля — сузор’е народаў, рэлігій і культур: матэрыялы рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі (г. Іўе, 15 чэрвеня 2012). — Гродна: ЮрСа Прынт, 2013. — С. 84—92.

  16. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла // Iўе: гiсторыя, падзеi, людзi. — 2012. — C.40—42. 

  17. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардзінцаў у г.п. Іўе // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — С. 377—378.

  18. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцылапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2000. — С. 72—73.

  19. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — С. 163—164.

  20. Кушнярэвіч, А. М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ стст.: гіст. і архіт.-археал. даслед. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993. — С. 46—53.

  21. Лиходедов, В. А. Путешествие во времени / В. А. Лиходедов. — Минск: Звязда, 2013. — С. 82—87.

  22. Ліхадзедаў, У. А. Іўе. Касцёл і праваслаўная царква. 1916 / У. А. Ліхадзедаў // 17 верасня. Дзень народнага адзінства. — Мінск : Звязда, 2021. — С. 264.
  23. Макуцэвіч, Я. І. Гісторыя каталіцкіх касцёлаў у Іўі паводле даследаванняў Ільдэфонса Бобіча / Я. І. Макуцэвіч // Іўеўская зямля — сузор’е народаў, рэлігій і культур : матэрыялы рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі (г. Іўе, 15 чэрвеня 2012). — Гродна: ЮрСа Прынт, 2013. — С. 15—18.

  24. Пазняк, М. Голас касцёла / Марына Пазняк // Іўеўскі край. — 2023. — 2 жніўня. — № 58. — С. 8.

    Пра званы Іўеўскага касцёла Пятра і Паўла.

  25. Пазняк, М. Таямніцы святыні / М. Пазняк // Іўеўскі край. — 2022. — 18 мая. — № 36. — С. 5.

    14 мая 2022 года споўнілася 295 гадоў з дня рэкансэкрацыі (аднаўлення дзейнасці) касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

  26. Сакрэты Іўеўскай святыні: інфармацыйны бюлетэнь / [складальнік Т. І. Грыкень]. — Іўе: Іўеўская дзіцячая бібліятэка-філіял ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”, 2015. — 20 с.: іл.

  27. Шымко, А. Мір і згода — назаўжды: Іўе шматканфесіянальнае / А. Шымко // Іўеўскі край. — 2017. — 1 ліпеня. — № 40. — С. 3.

  28. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 3. / Беларуская Энцыклапедыя; рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 510—511. 

Іўеўскі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна