Русский БелорусскийАнглийскийНемецкийЛитовскийПольскийУкраинский

Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Да новага жыцця

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 20 верасня 1944 года Іўеўскі раён увайшоў у склад Маладзечанскай вобласці

 
Адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі.
Іўе, 1945 год
Работы праходзілі ў складаных умовах: не хапала абсталявання, транспартных сродкаў, будаўнічых матэрыялаў. 
 
У гэты перыяд на дапамогу прыйшла ўся краіна. З розных яе куткоў паступалі першыя трактары, абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. Прыязджалі вопытныя кадры. Ужо на 1 студзеня 1945 года ў Іўі пачалі працаваць райпрамкамбінат і дзіцячы дом для сірот, дзіцячы садок, бальніца з амбулаторыяй, бібліятэка з хатай-чытальняй, няпоўная сярэдняя школа. 
 
На працягу двух гадоў пасля вызвалення ў Іўі будаваліся і аднаўляліся жылыя дамы, грамадска-культурныя і бытавыя будынкі. У жніўні 1944 года ў Іўі была створана Гарадская пажарная каманда. З гэтага перыяду пачаўся працэс станаўлення і развіцця пажарнай службы ў Іўі і Іўеўскім раёне. 
 
Запатрабаваная служба хута развівалася. Расла матэрыяльна-тэхнічная база, пашыралася структура, узрастаў прафесійны ўзровень пажарных. Першыя пасляваенныя гады сталі гадамі напружанай арганізацыйнай працы. У пачатку 50-х гадоў пажарная часць была рэканструіравана. Вялікая ўвага ўдзялялася станаўленню і развіццю сельскай гаспадаркі. Жорстка праводзілася работа па нарыхтоўцы сельгаспрадукцыі, таму што ад тэмпаў гэтай работы залежыла станаўленне эканомікі краіны. План здачы сельгаспрадукцыі быў даведзены да кожнай сям’і.
У 1948 годзе, напярэдадні 30-годдзя БССР і Кампартыі Беларусі, у раёне разгарнулася вялікая тлумачальная і арганізацыйная работа па калектывізацыі. Калгас “30 год БССР” узнік у Мураўшчызне ў канцы 1948 года. У пачатку 1949 года жыхары вуліцы Першамайскай аб’ядналіся ў калгас імя Чкалава. Жыхары той часткі мястэчка, дзе размяшчаўся касцёл (Закасцельцы), стварылі калгас “Перамога”. У 1952 годзе на падставе рашэння агульнага сходу гэтыя гаспадаркі аб’ядналіся ў калгас “Перамога”. Колькасць дамоў у калгасе вырасла з 80 да 234. Калектывізацыя працягвалася да 1955 года.
Пасля яшчэ аднаго ўзбуйнення ў 1959 годзе калгас “Перамога” аб’яднаўся з калгасам “Шлях Леніна”. За гады 4-й пяцігодкі працоўныя Іўя ў асноўным ліквідавалі цяжкія наступствы вайны. Шырокі размах набыло капітальнае і жыллёвае будаўніцтва, увядзенне аб’ектаў сацкультбыту. Павялічылася сетка медыцынскіх устаноў, палепшылася ахова здароўя працоўных, узрос культурны ўзровень насельніцтва, рос і прыгажэў пасёлак.
 
8 студзеня 1954 года Іўеўскі раён уключаны ў склад Гродзенскай вобласці. У 1955-56 навучальным годзе  ў Іўі працавалі сярэдняя школа, пачатковая, сярэдняя вячэрняя школа рабочай моладзі. Толькі за 1958 год у райцэнтры пабудаваны 8-кватэрны дом, 8 стандартных драўляных жылых дамоў, адрамантаваны 20 кватэр. У 1959 годзе ўступіў у строй кансервавы завод.
Да 1954 года раён быў не электрыфікаваны, атрымліваў энергію ад лесапілкі і дызель-генератара. У 1955 годзе ў будынку былой яўрэйскай сінагогі па вуліцы 1-га Мая быў устаноўлены дызель-генератар 50 кв, які працаваў толькі некалькі гадзін у суткі, але даваў электраэнергію ўсім жыхарам Іўя. У гэтым годзе арганізавана Іўеўская электрастанцыя. Яе дырэктарам стаў І.Халецкі. З 1956 па 1958 год вялася работа па ўстаноўцы паравога электрагенератара і рэканструкцыя старых, пракладваўся вадаправод да цеплавога генератара ад рэчкі Іўянкі. У1958 годзе генератар даў першы ток. Палівам служыў торф.
20 студзеня 1960 года ў сувязі са скасаваннем Юрацішкаўскага раёна яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Іўеўскага. За гады сямігодкі адбудоўваліся і добраўпарадкаваліся многія населеныя пункты. У 1964 годзе ў Іўі былі здадзены ў эксплуатацыю хлебапякарня, сталовая, сельмаг. У 1965 годзе ўступалі ў строй аб’екты культурна-бытавога і вытворчага прызначэння. Мацнела эканоміка раёна. У 1966 годзе лепшых паказчыкаў дабіліся калектывы маслазавода, райбыткамбіната. Развівалася народная асвета, культура і ахова здароўя. Рос і прыгажэў гарадскі пасёлак Іўе. У райцэнтры пабудавалі Дом Саветаў, Дом культуры, вузел сувязі, аўтастанцыю, дзіцячы сад-яслі, з’явіліся новыя 20-кватэрныя жылыя дамы на вуліцы 50 год Кастрычніка. Прыгажэйшай стала Камсамольская плошча. Яна была рэканструявана і добраўпарадкавана. У 1984 годзе на паўднёва-заходняй ускраіне Іўя здадзена ў эксплуатацыю музычная школа, а праз год – сярэдняя школа на 1170 месцаў.
Разам з важнейшымі аб’ектамі прамысловага будаўніцтва ў г.п.Іўе узводзілася шмат буйных вытворчых аб’ектаў – хлебазавод, дрэваапрацоўчы цэх лясгаса, здадзены ў эксплуатацыю будынак Дзяржбанка, прыбудова да раённага вузла сувязі, лазня, рэканструяваны Дом быту і праведзены капітальны рамонт спецшколы-інтэрната.
У Іўі пабудаваны інтэрнат дарожна-будаўнічага ўпраўлення №156,  пашыраліся індывідуальныя забудовы. У 1986 годзе Іўе апынулася ў зоне, пацярпелай ад Чар­нобыльскай аварыі, якая стала прычынай захворванняў многіх людзей, асабліва падлеткаў. Для арганізацыі кантролю за сельскагаспадарчай прадукцыяй у санітарна-эпідэміялагічнай станцыі адкрыта спецыяльная лабараторыя, у якой перыядычна праводзіліся праверкі садавіны і гародніны, грыбоў і лясных ягад. У раёне праведзена дэталёвае абследаванне радыяцыйнай абстаноўкі, распрацавана спецыяльная праграма дзеянняў па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастан­цыі.
Вуліца Карла Маркса
Добраўпарадкаваны вуліцы 1-га Мая, Карла Маркса, тэрыторыі, што прылягалі да “Універсама” і іншых магазінаў, заасфальтаваны вуліцы Піянерская, Садовая, Кастрычніцкая, Ленінская. У 1994 годзе была створана ваенізіраваная пажарная служба. А ў 1999 годзе яна стала службай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пасля распаду СССР і абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь пачалі больш эфектыўна ажыццяўляцца эканамічныя рэформы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, адбываецца пераход да рыначнай эканомікі.
На мясцовай сыравіне працавалі Іўеўскі кансервавы завод, лясгас, камбінат кааператыўнай прамысловасці, дрэваапрацоўчы цэх Іўеўскага лясгаса. У 1997 годзе ўступіў у строй газаправод высокага ціску працягласцю 10,3км, пераведзена на забеспячэнне прыродным газам больш за 700 кватэр. Упершыню эксплуатацыйна-мантажная кантора па газіфікацыі была створана ў 1959 годзе. Тады і пачалі стварацца эксплуатацыйныя канторы ў гарадах і пасёлках вобласці.
У 1998 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову “Аб першачарговых мерах па паскораным развіцці шэрагу раёнаў рэспублікі, якія знаходзяцца ў горшых прыродна-кліматычных, экалагічных і эканамічных умовах. Іўеўскі раён уключаны ў лік 12 раёнаў рэспублікі, якім гарантуецца прыярытэтнае развіццё.
Будаўніцтвам у раёне займаліся МПМК №149, адкрытае акцыянернае таварыства “Рамонтна-будаўнічае прадпрыемства-16, ПМК “Гроднааблаграпрамбуд, дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне № 156. Асабліва актывізавалася індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. У 1997 годзе ўзведзена 46 індывідуальных жылых дамоў. Пашырае свае паслугі УКП бытавога абслугоўвання: швейнае атэлье, абуўны цэх, цырульня, пральня, вытворчы ўчастак.  Усяго Іўеўскае УКП БАН аказвае насельніцтву 16 відаў бытавых паслуг. На базе УКП  БАН працуюць індывідуальныя прадрымальнікі, якія аказваюць  паслугі па рамонту гадзіннікаў, тэлеапаратуры, абутку,тэхабслугоўванню транспартных сродкаў, рытуальныя паслугі, паслугі цырульні і фотапаслугі. Станоўча вырашаюцца пытанні паляпшэння абслугоўвання насельніцтва раёна пасажырскімі перавозкамі, якія ажыццяўляе аўтапарк № 15 (з 2006 года  з’яўляецца філіялам Лідскага аўтапарка №1). Штогод адкрываюцца новыя маршруты.
Паступова змяняецца знешняе аблічча горада. Узмоцненымі тэмпамі вядзецца добраўпарадкаванне вуліц, цэнтральнай плошчы, будуюцца пад’езды да новых жылых мікрараёнаў. Вядзецца пашырэнне ачышчальных збудаванняў і палігона для цвёрдых бытавых адходаў, прадаўжаецца газіфікацыя горада. Вялікая ўвага надаецца жыллёваму будаўніцтву, развіццю сацыяльнай сферы. Рэканструяваны Дом быта, Беларусбанк, пачаў працаваць у новым памяшканні ЗАГС. У 2000 годзе ў сувязі з 60-годдзем раёна гарадскі пасёлак Іўе  набыў статус горада. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года №279 зацверджаны герб і сцяг горада. У 2009 годзе, напярэдадні свята Перамогі, пры ўдзеле ветэранаў вайны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў грамадскасці, працоўных калектываў, моладзі, жыхароў горада ў гарадскім парку ўзведзены памятны знак у гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны землякоў. Аўтарам скульптурнага праекту з’яўляецца Р.Б.Груша. У 2009 годзе быў адкрыты музей нацыянальных культур, які з’яўляецца цэнтрам прапаганды вялікай гістарычнай спадчыны і культуры трох канфесій:  хрысціян, іудзеяў, мусульман. У 2012 годзе ў Іўі адкрыты памятны знак У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны, у 2013 – экспазіцыя Кола гісторыі.
Музей нацыянальных культур
 
З 2017 года адным з культурных сімвалаў раёна стала штогадовае брэндавае свята “Іўеўскі памідор”Вырошчваннем агародніны, асабліва  памідораў, займаецца значная частка мясцовага насельніцтва.
Свае брэндавыя святы прапануюць і аграгарадкі: Дайлідская Повязь часоў, морынская Залатая рыбка, геранёнскі Баль-прыём у Барбары РадзівілЛіпнішкаўскія сенакосы, юрацішкаўская Грыбная феерыяБакштаўскі каларыт, лелюкінская Моц смаку, шляхецкі фэст у Жамыслаўлі… . Гэта тое, што вяртае нас да каранёў, што дазваляе захоўваць традыцыі і нацыянальны каларыт.
“Ліпнішкаўскія сенакосы” 

Читать полностью: 
http://www.ivyenews.by/novosti/obshchestvo/item/4228-letnyaya-subota-na-lipnishko-skikh-senakosakh.html  При любом использовании материалов активная гиперссылка на ivyenews.by обязательна!

Абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2018” у г. Іўі
У 2018 годзе ў г.Іўе прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. У межах падрыхтоўчых работ у раёне было адноўлена звыш 120 аб’ектаў: у раённым цэнтры адрамантаваны тры дашкольныя ўстановы, у парадак прыведзены школы ў некалькіх аграгарадках, дамы культуры ў Ліпнішках і Морына, адрамантаваны раённы Дом культуры, адноўлены фасад Іўеўскай раённай бібліятэкі. Заасфальтаваны ўсё дваровыя тэрыторыі ў Іўе, прыведзена ў парадак дарожная сетка, адкрыўся пасля рамонту стадыён, які ператварыўся ў сучасны лёгкаатлетычны цэнтр, рэканструіраваны мост праз раку Іўянку. Падчас свята адбылося адкрыццё новых аб’ектаў каля гарадскога возера: сквера для закаханых з лаўкай любові і прымірэння з велізарным сімвалічным сэрцам і алеі скульптур “Воднае царства Залатой рыбкі”.  Кожная са скульптур – падарунак ад аднаго з раёнаў вобласці.


Сквер для закаханых
Водныя скульптуры
Водныя скульптуры
YaE0jj7syd8

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна