Русский БелорусскийАнглийскийНемецкийЛитовскийПольскийУкраинский

Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Іўеўшчына ў XIX – пачатку XX ст. Нацыянальна-вызваленчы рух

Пасля уз’яднання з Расіяй Іўе ўвайшло ў састаў Ашмянскага павета Віленскай губерніі. Мястэчка вырасла, ўмацавалася эканамічна.

Але далейшае развіццё было перапынена Айчыннай вайной 1812 года. У Іўе ўвайшла французская армія пад камандаваннем маршала Даву. Захапіўшы тэрыторыю Прынёманскага краю, французскія акупанты абклалі жыхароў Іўеўшчыны шматлікімі падаткамі, займаліся паборамі і грабяжом.

Мясцовае насельніцтва варожа сустрэла акупантаў. Лідскі павятовы кіраўнік дваранства пісаў, што многія мяшчане і сяляне ішлі ў лясы, аказвалі дапамогу рускай арміі. Вайна нанесла сур’ёзны ўрон сельскай гаспадарцы. У выніку ваенных дзеянняў, голаду і эпідэмічных захворванняў зменшылася колькасць насельніцтва. Спатрэбілася нямала часу, каб залячыць раны і кампенсаваць урон.

Пасля Айчыннай вайны 1812 года ва ўмовах распаду і крызісу феадальна-прыгонніцкіх адносін і росту сялянскага руху з’яўляецца першае пакаленне рускіх рэвалюцыянераў – дзекабрыстаў, якія выступалі супраць царскага самадзяржаўя за больш прагрэсіўнае развіццё краіны.

У 1812 годзе на тэрыторыі Шчучыншчыны размясціўся на зімнія кватэры Фінляндскі полк. Штаб яго знаходзіўся ў мястэчку Беліца, а батальённыя кватэры размяшчаліся ў Іўі і іншых населеных пунктах. Радавыя жылі па сялянскіх хатах, а афіцэры ў памешчыкаў.

Радавыя Фінляндскага палка з мясцовымі жыхарамі

У канцы лістапада 1830 года ў Варшаве ўспыхнула паўстанне супраць рускага царызму. Яно атрымала распаўсюджанне і на Беларусі.

У сакавіку 1831 года паўстанне распаўсюдзілася на тэрыторыі Ашмянскага павета. У рапарце камандзіра 3-й брыгады генерал-маёра Атрошчанкі камандзіру ўласнай дывізіі ад 13 красавіка 1831 года аб руху атрадаў, якія паўсталі ў Віленскай губерніі, указвалася, што паўстанцы хаваюцца ў лясных месцах Вішнева, Валожына, Налібокаў, Вахшэны і Іўя.

 

З 1820 года ўладальнікамі Іўя сталі графы Замойскія, а дакладней, графіня Замойская. Ад іх Іўе перайшло да М.Агінскай.

У 1842 годзе ў маёнтак Іўе ўваходзілі адно мястэчка, у якім пражывала 372 чалавекі, 5 фальваркаў, 41 вёска. Усяго на тэрыторыі маёнтка пражывала 5955 чалавек, за імі лічылася 25564 дзесяціны зямлі. Тут размяшчаліся бровар і піваварня, сукнавальня, 2 крупарушкі, 18 крамаў. Паўсюдна атрымала распаўсюджванне броварства. У Іўі ў сярэдзіне 40-х гадоў функцыяніраваў паравы бровар з сутачным заторам у 12 пудоў мукі і 8 чвэрці бульбы. Працаваў ён на мясцовай сыравіне і паліве, абслугоўваўся прыгоннымі сялянамі. У сярэднім за год ад продажу спіртнога графы Замойскія выручалі 3506 рублёў, сума для таго часу немалая.

Беларускі лес вывозілі за мяжу. Нямала яго ішло і на мясцовыя патрэбы. Добра была пастаўлена ў Іўі  перапрацоўка драўніны. Іўе было мястэчкам і зразумела, што шматлікімі рамёствамі прыходзілася займацца не толькі абяздоленым сялянам, але і мяшчанам, для якіх гэта быў асноўны, а не пабочны занятак.

У сярэдзіне XIX стагоддзя Іўеўскі маёнтак атрымаў назву графства, якое ўключала, акрамя Іўя, яшчэ мястэчка Мікалаева, фальваркі Галімшчыну, Хаваншчыну, Красоўшчыну, Рэмбакоўшчыну, Стоневічы, Людмілін, Баркі, Чапунь, Аўгустава і яшчэ больш за 50 вёсак. Графства размяшчалася ў паўднёвай частцы Ашмянскага павета і займала тэрыторыю ў 25882 дзесяціны. Цэнтрам графства і воласці лічылася мястэчка Іўе, у якім на 1861 год пражывала каля 4 тысяч чалавек. Па нацыянальных прыкметах больш палавіны насельніцтва складалі яўрэі. Нямала было і татар, вядомых высокай культурай агародніцтва.

На тэрыторыі маёнтка Іўе працякала рака Нёман, у некаторай частцы сваёй суднаходная. Мястэчка было гандлёвым цэнтрам для навакольных мястэчак і вёсак, бо знаходзілася на скрыжаванні шасейных дарог на Ліду, Маладзечна, Навагрудак, Мінск.

Іўе было не толькі гандлёвым, але і адміністрацыйным цэнтрам. Тут знаходзілася валасное ўпраўленне, якое выконвала функцыі мясцовага выканаўчага органа і кантралявала дзейнасць падначаленых яму пяці сельскіх старастаў. Узначальваў яго валасны старшыня. Пры валасным упраўленні быў прыёмны  арыштанцкі пакой, у якім звычайна трымалі сялян бліжэйшых вёсак за нядоімкі. На сродкі валаснога  ўпраўлення, атрыманыя, у асноўным, у выніку пабораў з мясцовага насельніцтва, у мястэчку пры касцёле ў 1861 годзе былі адкрыты прыходскае і двухкласнае народнае вучылішчы.  Народнае вучылішча ў Іўі ўяўляла сабой тып свецкай пачатковай школы ў сістэме народнай адукацыі. У ім вучылася 139 дзяцей, сярод якіх – толькі 11 дзяўчынак. У ліпені 1864 года было прынята расійскае “Палажэнне аб народных вучылішчах”, паводле якога у народных вучылішчах дзеці павінны былі вывучаць Закон Божы, арыфметыку, рускую мову, чытанне і царкоўныя спевы. Закон Божы вялі святары, а астатнія прадметы – настаўнікі. У Іўеўскім народным вучылішчы закон божы выкладаў ксёндз Нікадзім Тарасевіч, а настаўнікам быў Мікалай Сячко.

Рэформа 1861 года не адпавядала інтарэсам сялян, якія змагаліся за поўнае знішчэнне прыгону. Сялян прымушалі выкупляць участкі, якія даўно знаходзіліся ў іх выкарыстанні.

Пасля аб’явы царскага маніфеста ад 19 лютага пачаліся сялянскія хваляванні, якія ахапілі многія паветы Віленскай, Ковенскай, Мінскай і Гродзенскай губерніі. Надзвычай востры характар барацьба набыла ў маёнтку Іўе графа А.Замойскага. Сяляне адмаўляліся выконваць баршчыну, падпарадкоўвацца мясцовай адміністрацыі, выступалі супраць багатых, дамагаліся далучэння ўсіх аднавяскоўцаў да руху. Для ўтаймавання паўстаўшых з Вільні ў Іўе быў накіраваны член губернскай прысутнасці па сялянскіх справах Умястоўскі, ашмянскі павятовы прадвадзіцель дваранства Чарняцкі і станавы прыстаў Рушчыц. Яны звярнуліся да паслуг мясцовых свяшчэннікаў, каб з іх дапамогай адцягнуць сялян ад паўстання, аднак з гэтага нічога не атрымалася. “Сяляне, – указвалася ў справаздачы Умястоўскага ад 29 сакавіка 1861 года аб хваляванні ў Іўі, – аб’явілі, што ніхто не можа іх схіліць да якой небудзь залежнасці, таму што яны карыстаюцца дараванай ім свабодай, нарэшце, загадана ім разысціся, але і гэта засталося нявыкананым…” З усяго напісанага бачна, што хваляванне ў гэтым і суседніх маёнтках набыло вялікія памеры, раз’юшанасць сялян дайшла да высокай ступен.

Сяляне, адмовіўшыся адбываць паншчыну, сабраліся ў колькасці двух тысяч чалавек у мястэчку Іўе і размясціліся табарам на базары. Царскія ўлады ўгаворвалі паўстаўшых падпарадкавацца памешчыкам, але нічога з гэтага не выйшла. Тады сяляне былі акружаны трыма ротамі пяхоты, і, калі пачалося пакаранне галоўных завадатараў беспарадку, то ўсе сяляне кінуліся на салдат і аднялі арыштаваных. Пасля гэтага камандзіраваны генерал-губернатарам Назімавым паручнік граф Тышкевіч з 15 коннікамі пры садзейнічанні пяхоты накінуліся на сялян. У сваіх даносах у сталіцу афіцыяльныя ўлады імкнуліся зменшыць страты. На самай жа справе адзін селянін быў забіты, каля 100 паранена, кіраўнікі паўстання Сымон Іодка, Акуліч, Лагун, Вогін, Вікенцій Горбач і многія іншыя былі арыштаваны. Як сведчыць невядомы карэспандэнт, карнікі “коньмі тапталі, народ насмерць забівалі”.

Становішча ў Іўі працягвала заставацца напружаным аж да сярэдзіны лета 1861 года. Сяляне часта адмаўляліся ад выканання згоннай павіннасці і паншчыных работ.

Іўеўскае паўстанне аказала вялікі ўплыў не толькі на рост сялянскага руху ў Ашмянскім павеце. Архіўныя дакументы сведчаць, што пад яго ўздзеяннем на актыўную барацьбу падняліся прыгонныя Навагрудскага павета Мінскай губерніі, Лідскага павета Віленскай  губерніі. Царскія ўлады ўзмацнілі прыгнёт насельніцтва. Была праведзена работа па праследаванню каталіцкай веры і польскай мовы. Насільна праводзілася русіфікацыя насельніцтва. Па ініцыятыве царскіх улад у Іўі была адкрыта народная школа.

У канцы ХІХ ст. у Іўі было створана Вольнае пажарнае таварыства. Яго структура і дзейнасць рэгламентаваліся правіламі статута, прынятага на агульным сходзе таварыства згодна “Нормального устава”, які быў распрацаваны ў 1897 годзе Міністэрствам унутраных спраў Расійскай імперыі для Вольных пажарных таварыстваў “всех поселений, не имеющих городского устройства”. Пажарны статут Іўеўскага ВПТ вызначаў мэты, правы, абавязкі, склад, сродкі, справаздачнасць, сімволіку, выбары праўлення, парадак уступлення і выбыцця членаў таварыства і інш.

Неад’емнай і галоўнейшай часткай пажарнага таварыства з’яўлялася пажарная дружына. Пажарнаму таварыству дазвалялася набываць ці будаваць памяшканні для размяшчэння маёмасці і пажарнай дружыны, здаваць іх у арэнду, наладжваць забаўляльныя мерапрыемствы (вечарынкі, канцэрты і т.п.), з мэтай набыцця пажарнага інвентару і ўтрымання пажарнай дружыны.

Паводле ўставу арганізацыйнай работай Іўеўскага пажарнага таварыства займалася яго праўленне, якое выбіралася на агульным сходзе. Сваіх коней пажарная дружына Іўеўскага ВПТ не мела, для выезда пажарнага абоза на тушэнне пажара коней выдзялялі абывацелі мястэчка Іўе. Пры выкананні сваіх службовых абавязкаў пажарнікі карысталіся спецыяльным абмундзіраваннем.

Сродкі на ўтрыманне пажарнай дружыны Іўеўскага ВПТ і набыцця для яе тэхнічных прылад паступалі з наступных крыніц: узносаў членаў таварыства, дапамогі ад местачковай улады, збораў ад забаўляльных мерапрыемстваў, здачы ў арэнду памяшканняў і некаторых іншых.

Пажарная служба Іўеўскага ВПТ, як відаць, знаходзілася на вельмі нізкай тэхнічнай ступені развіцця. Пажарная тэхніка і інвентар для тушэння пажараў былі недасканалымі і прымітыўнымі. Тушэнне пажараў і іх прафілактыка тады не былі ўзведзены ў ранг важнейшых дзяржаўных задач. Па гэтых і іншых прычынах пажарная служба не магла надзейна забяспечыць ахову насельніцтва ад пажараў.

Петрапаўлаўскі кірмаш

У пач. 1880-х гадоў у Іўі штогод праходзілі 4 кірмашы і кожны тыдзень базары, у канцы стагоддзя ў Іуі ў год праводзілася 5 кірмашоў: Навагодні, Епіфанаўскі (2 лютага), Петрапаўлаўскі (29 чэрвеня), Міхайлаўскі (29 верасня), Мар’янскі (11 лістапада). Згодна “Памятной книжке Виленской губернии на 1898 год”, у 1896 годзе ў Іўе на Навагодні кірмаш было прывезена тавараў на суму 3 тыс. рублёў, а прададзена прыкладна на 2,4 тыс. рублёў; падчас Епіфанаўскага кірмашу дастаўлена тавараў сумай 2 тыс.рублёў, збыта на 1,5 тыс.рублёў; у час Мар’янскага кірмашу прывезена тавараў на суму каля 2,5 тыс.рублёў, рэалізавана на 2 тыс.рублёў. Як бачна, кірмашы па  гандлёваму абароту былі малазначнымі. Прадметамі гандлю на кірмашах і рынках з’яўляліся збожжа, жывёла, прадукты харчавання, сельскагаспадарчыя прылады працы, адзенне, абутак, рэчы для хатняга сялянскага ўжытку і інш.Кірмашы ўяўлялі сабой не толькі форму гандлю, але і грамадскае культурнае мерапрыемства, спецыфічнае кірмашовае свята з традыцыйнымі народнымі гуляннямі і забавамі.

З 1897 года Іўе – цэнтр воласці. У 1886 годзе ў мястэчку налічвалася 2615 жыхароў, праводзілася 10 кірмашоў на год, штотыднёва працаваў рынак. У мястэчку былі валасное праўленне, 10 заездных двароў, вінакурны і піваварны заводы, касцёл, мячэць, 4 сінагогі.

Вось як апісвае тагачаснае Іўе вядомы гісторык і краязнаўца канца ХІХ стагоддзя Чэслаў Янкоўскі:

“Местечко немалое и хорошо застроенное. Торгует, главным образом, льном, и в относительно больших объемах. На десяти ежегодных ярмарках ведется торговля конями и скотом.…Широкая главная улица пересекает торговую площадь и спускается вниз, к красивому фронтону белого костела, две старинные башни которого завершают улицу. На этой же улице сохранились развалины кальвинистского костела… Костел ивьевский сегодня приходской, а когда-то бернардинский, самый красивый во всем ошмянском повете. К нему примыкает часть бывшего бернардинского монастыря с полуразрушенными стенами… До сих пор сохранился обширный парк, называемый “итальянским”.

Аптэка А.Баярскага. У 1917 годзе тут  таксама размяшчалася паштовае аддзяленне

Жыхары мястэчка займаліся сельскай гаспадаркай, рамёствамі (ганчарствам, вырабам тканін, панчох і баваўняных рукавіц, выраблялі прадукцыю з медзі), адыходнымі промысламі, гандлем, працавалі на прамысловых прадпрыемствах. Значнае развіццё атрымалі кравецтва, шавецтва, кавальства, сталярства. Татары займаліся вырабам скур.
У 1897 годзе, згодна перапісу насельніцтва, у Іўі налічвалася ўжо 3653 чалавекі.
У канцы ХІХ – пач. ХХ ст. у Іўі былі пабудаваны мураваныя гандлёвыя рады, у якіх размяшчаліся крамы і кладоўкі-каморы для тавараў. Актыўна развіваецца крамны гандаль: у мястэчку адкрылася крама “Жалезны гандаль Я.З.Дварэцкага”, 17 іншых крамаў.

На сродкі валаснога ўпраўлення было адкрыта народнае вучылішча (настаўнік Антон Сарока). У народным вучылішчы навучаліся дзеці мяшчан і заможных сялян, якія вывучалі рускую мову, арыфметыку, гісторыю і геаграфію. Абавязковым прадметам быў Закон Божы.

У 1911 годзе была адкрыта пазыкова-ашчадная каса дробнага крэдыту, мелася сельская аптэка, правізарам і ўпраўляючым якой быў Юльян Бяроза, аптэкарская крама Арыі Баярскага.
Паштовае аддзяленне, пач. ХХ ст.

Быў прыёмны пакой, у якім працаваў фельчар. У 1899 годзе ім быў Осіп Закржэўскі, які здаў іспыты на званне фельчара пры Віленскім доктарскім аддзяленні. Затым фельчарам быў Уладзіслаў Тамашэвіч. Практыкавалі ў Іўі і прыватныя ўрачы Напалеон Чарноцкі і Лейба Флаум.

YaE0jj7syd8

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна