“Янка Купала і Якуб Колас – дзецям”

Янка Купала і Якуб Колас ­– нацыянальны гонар Беларусі, літаратурныя зоркі першай велічыні. Сярод іх творчай спадчыны значнае месца займаюць кнігі, створаныя пісьменнікамі для дзяцей, каб вучыць маленькіх беларусаў роднай мове, пашыраць жыццёвы далягляд, выхоўваць высокія этычныя і эстэтычныя ідэалы.

Да 140-годдзя з дня нараджэння паэтаў у бібліятэцы-філіяле г.п.Юрацішкі была праведзена гульня-падарожжа “Янка Купала і Якуб Колас – дзецям” для выхаванцаў прышкольнага аздараўленчага лагера “Цудоўная краіна”.

У пачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала прысутным пра жыццёвы і творчы лёс таленавітых майстроў літаратурнага слова, пазнаёміла з выданнямі, прадстаўленымі на выставе “Песняры Беларусі”, прапанавала да чытання творы Я. Купалы і Я. Коласа для дзяцей з фонду бібліятэкі.

Вельмі пазнавальна, весела і актыўна прайшла гульнёвая частка імпрэзы: дзеці адказвалі на пытанні па творах пісьменнікаў, адгадвалі назвы казак, працягвалі вершы, пазнавалі герояў па апісанню, прымалі ўдзел у беларускіх народных гульнях.