Свята роднай мовы ў бібліятэцы-філіяле аг.Ліпнішкі

Дню роднай мовы было прысвечана  свята “Беларуская скарбонка”, якое ладзілася ў бібліятэцы-філіяле аг.Ліпнішкі. На працягу ўсяго мерапрыемства вучні 3 класа размаўлялі толькі на беларускай мове. Бо менавiта родная мова – асноўны i галоўны захавальнiк нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, веры i творчасцi.

Падчас свята дзяцей чакалі розныя цуды з “чароўнай скарбонкі”: падарожжа ў краіну роднай мовы, захапляльныя гульні, знаёмства з беларускімі песнямі, з народнымі лялькамі.

Лукша Т.Ф. (былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры) пагутарыла з дзецьмі пра гісторыю і значэнне роднай мовы. Бібліятэкар пазнаёміла з кніжнай выставай “Дзіўная родная мова” і правяла займальную інтэлектуальную гульню “Пагуляем у роднае слова”. Каманды “Васількі” і “Рамонкі” актыўна разгадвалі загадкі, працягвалі прыказкі, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, інсцэніравалі фразеалагізмы.

Пякша М.Ф. (кіраўнік гуртка “Беларуская лялька” філіяла аг.Ліпнішкі ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”) пазнаёміла вучняў з народнымі лялькамі-абярэгамі і правяла майстар-клас па іх стварэнню.

У ходзе мерапрыемства гучалі цудоўныя песні пра Беларусь, пра родную мову ў выкананні Нехвядовіча А. (супрацоўніка філіяла аг.Ліпнішкі ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”).

Свята атрымалася змястоўным, пазнавальным і  вельмі цікавым.