“…Мне сонцам свеціць Наднямонне”: сустрэча землякоў
Напярэдадні Дня горада ў Іўеўскай раённай бібліятэцы сабраліся знакамітыя землякі, прадстаўнікі ўлады і духавенства, каб падзяліцца сваімі ўспамінамі пра станаўленне горада. Ганаровымі гасцямі сталі: пісьменнік, грамадска-культурны дзеяч Іван Арсеньевіч Карэнда; акадэмік Акадэміі расійскай прэсы, намеснік галоўнага рэдактара “Российской газеты” Ядзвіга Браніславаўна Юферава; палкоўнік ваенна-касмічных сіл Расіі, член Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага Віктар Станіслававіч Шутаў; беларускі філосаф, сацыёлаг Грыбаў Георгій Міхайлавіч; старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Філон Валянціна Станіславаўна.
Падчас сустрэчы, якая ладзілася ў межах праекта “Сябрына”, адбылася прэзентацыя новай кнігі І.А.Карэнды “Жыць для Беларусі. Шлях суддзі Іосіфа Бойсы”. Гэта дакументальная аповесць прысвечана светлай памяці ўраджэнца Іўя Іосіфа Браніслававіча Бойсы, юрыста-прафесіянала, кіраўніка Лідскага раённага суда і вельмі сціплага, духоўна багатага чалавека, які бязмежна любіў родны край і пакінуў на ім свой адметны след. Сярод яго заслуг – гарадскія куранты на высокай вежы Іўеўскага касцёла і вялікі гранітны камень ля ўваходу ў храм з выявай знакамітай іконы Маці Божай Вастрабрамскай і сімвалічным надпісам “Любі Айчыну сваю. Рабі дабро. Адказвай перад Богам”.
Мерапрыемства прайшло ў атмасферы душэўнага цяпла і шчырасці. Варта адзначыць, што ініцыятарам, ідэйнай натхняльніцай і актыўнай удзельніцай штогадовых сустрэч “Сябрыны” з’яўляецца намеснік галоўнага рэдактара “Российской газеты” Юферава Ядзвіга Браніславаўна – наша вядомая зямлячка і родная сястра Іосіфа Браніслававіча Бойсы, якая ў адным са сваіх інтэрв’ю адзначыла, што у “Сябрыны” ёсць неафіцыйны лозунг: “Не пытайся ў краіны, што яна зрабіла для цябе, спытай у сябе – што ты зрабіў для Іўя, для Радзімы, для краіны”.