Да вытокаў кніжнасці

Дзень беларускага пісьменства – адно з самых яскравых нацыянальных святаў, якое паказвае непарыўную сувязь беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай нашага народа.

З нагоды свята ў чытальнай зале Іўеўскай раённай бібліятэкі дзейнічае выстава-агляд “Да вытокаў кніжнасці”, з дапамогай якой наведвальнікі бібліятэкі змогуць здзейсніць падарожжа ў гісторыю ўзнікнення пісьменства і кнігадрукавання. Выстава знаёміць з вядомымі асветнікамі зямлі беларускай:  прападобнай Ефрасінняй Полацкай, першадрукаром Францыскам Скарынай, Кірылам Тураўскім, прапаведнікам XII стагоддзя, які пакінуў нам паэтычнае “Слова пра прамудрасць”, Сімяонам Полацкім, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра, Сымонам Будным, які выдаў першую кнігу на старабеларускай мове на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць нашу выставу і дакрануцца да вытокаў кніжнасці!