Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Удзельнік 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў. З 1918 г. – у Чырвонай арміі, ваяваў на ўсходнім фронце, быў паранены. У 1919 г. уступіў у партыю бальшавікоў. З 1920 – загадчык сакрэтна-шыфравальнага аддзела Цюменскага губваенкамата. У 1921-1924 гг. вучыўся на рабфаку Сібірскай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Омск). У 1924 працаваў у Омскім губкаме ВКП(б).
У 1925–1929 гг. вучыўся ў 2-м Маскоўскім універсітэце на філалагічным аддзяленні педагагічнага факультэта, у 1929–1932 гг. – у аспірантуры Інстытута Чырвонай прафесуры ў Маскве. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурным руху ў Маскве. У 1930–1932 гг. загадваў кафедрай мастацтвазнаўства Маскоўскага ўніверсітэта, кіраваў секцыяй масавай прадукцыі ў маскоўскім выдавецтве выяўленчага мастацтва. У 1932–1934 гг. – загадчык сектара літаратуры і мастацтва ЦК КП(б)Б.
З пачатку 1934 загадваў сектарам выяўленчага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства Акадэміі навук СССР, таксама аддзелам мастацтва 2-ой паловы XIX ст. у Рускім музеі (Ленінград).
У 1935 г. быў арыштаваны па абвінавачванні ў “антысавецкай агітацыі” і выключаны з партыі. Год прабыў у Ленінградскай турме, чатыры гады – у лагерах у КоміАССР.
Вызвалены з лагера ў 1940 г. Працаваў у Пермскай карціннай галерэі. У канцы 1943 г. па хадатайніцтве Якуба Коласа яго адпусцілі ў Беларусь, якую пачалі вызваляць ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Спачатку працаваў у Гомелі выкладчыкам рускай літаратуры на партыйных курсах. У 1944–1948 гг. – загадчык сектара выяўленчага мастацтва Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР, у 1945 г. удастоены звання прафесара.
У 1956 г. Антон Антонавіч Ус быў рэабілітаваны і адноўлены ў партыі.
Аўтар артыкулаў, нарысаў і рэцэнзій па пытаннях беларускага і рускага выяўленчага мастацтва, у тым ліку пра творчасть Н. Сілівановіча, І. Рэпіна, В. Сурыкава, В. Пярова, І. Левітана, І. Шышкіна, С. Малюціна, якія друкаваліся ў рэспубліканскіх газэтах і часопісах (з 1939 г.). У рукапісе засталося яго даследаванне “Рэпін у Беларусі”, успаміны.
А. А. Ус памёр 11 студзеня 1980 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы:
-
Гарон, А. История одной дружбы в письмах и документах : Якуб Колас и Антон Усс / А. Гарон, В. Скалабан // Неман. —2007. —№ 11. — С. 128—155.
-
Пяткевіч, А. М. Ус Антон Антонавіч / А. М. Пяткевіч // Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік. — Гродна : ГрДУ, 2000. — С. 290.
-
Салавей, Л. Ф. Ус Антон Антонавіч / Л. Ф. Салавей, В. А. Урублеўскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2002. — С. 360—361.
-
Ус Антон Антонавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1998. — С. 547.
-
Ус Антон Антонавіч // Людзі культуры і мастацтва Іўеўшчыны : інфармацыйны бюлетэнь / складальнік Т. І. Грыкень. — Іўе. — 2012. — С. 23.
-
Чернатов, В. М. Забытые имена. Искусствовед Антон Усс / В. М. Чернатов // Музей XXI стагоддзя: актуальныя праблемы дзейнасці : навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 65-годдзю з дня заснавання Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, 9―11 лістапада 2004 года, Мінск / [навуковы рэдактар Н. М. Усава]. — Мінск, 2008. — С. 102―116.
-
12 ліпеня 2019 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Антона Антонавіча Уса (1894–1980), беларускага мастацтвазнаўца [электронны рэсурс] / [Ул. В. Сухапар] // [ЭБД “Спадчына” установы культуры “Брэсцкая абласная бібліятэка імя М.Горкага“]. — Рэжым доступу: http://kb.brl.by/index.php/heritage/item/1801-12-lipenya-2019-g-125-gadou-z-dnya-naradzhennya-antona-antonavicha-usa-1894-1980-belaruskaga-mastatstvaznautsa.