Мікалай Іванавіч Пазняк (10 студзеня 1945 г., г.п.Іўе Гродзенскай вобласці) – урач-афтальмолаг вышэйшай катэгорыі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук (1990), прафесар, беларускі вучоны ў галіне афтальмалогіі.
Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (1974 г.), дзе і працаваў у 1979–1991 гг., у 1993–2016 гг. – быў загадчыкам аддзялення афтальмалогіі ў Медыцынскім цэнтры Мінскага трактарнага завода. Менавіта там упершыню ў Беларусі пачалі ўкараняць тэхналогію бясшоўнай хірургіі катаракты з ужываннем мяккага крышталіка.
Пазняк М.І. з’яўляецца аўтарам навуковых прац па этыялогіі, патагенезу, лячэнні і прафілактыцы катаракты, глаўкомы, блізарукасці, дыстрафіі сятчаткі і захворванняў зрокавага нерва; розных навуковых і метадычных рэкамендацый; больш за 400 навуковых публікацый аб актуальных праблемах у афтальмалогіі, шэрагу манаграфій.
Аўтар васьмі патэнтаў і навуковых вынаходніцтваў у афтальмалогіі.
З 2000 года Мікалай Іванавіч Пазняк працаваў галоўным рэдактарам навукова-практычнага часопіса “Афтальмалогія. Усходняя Еўропа”.
Больш за 30 гадоў вопыту работы ў афтальмалогіі. Больш за 25000 паспяхова праведзеных аперацый. З’яўляецца ўдзельнікам праекту “Жывая хірургія”, які праводзіцца ў рамках міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Пад навуковым кіраўніцтвам Пазняка М.І. падрыхтаваны 1 доктар медыцынскіх навук і 8 кандыдатаў медыцынскіх навук.
Мікалай Іванавіч Пазняк – адзін з тых спецыялістаў, дзякуючы якім у Беларусі пачалі выкарыстоўваць лазерныя тэхналогіі ў мікрахірургіі вока.
З 2016 года працуе у Цэнтры мікрахірургіі вока “VOKA (Вока)”, дзе сам вядзе прыём пацыентаў і працягвае займацца навуковай працай.
Дысертацыі і навуковыя ступені:
- 1979 – Стан сістэмы каагуляцыі крыві ў пацыентаў з аклюзіяй сасудаў сятчаткі. Кандыдацкая дысертацыя. Масква. Інстытут вочных хвароб ім.Гельмгольтца;
- 1990 – Значэнне парушэнняў метабалізму ў патагенэзе ўзроставай катаракты. Доктарская дысертацыя. Масква. Інстытут вочных хвароб ім. Гельмгольтца;
- 1992 – Прафесар кафедры вочных хвароб;
- 2000 – Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы:
- Позняк Николай Иванович. — Режим доступа: https://voka.by/o-nas/vrachi/poznyak-nikolaj-ivanovich
- Врублеўскі, В. “Доктар, я вас бачу…” : пра доктара Пазняка М.І. з Юрацішак / Валянцін Врублеўскі // Iве – Юрацiшкi. — Мінск: А. М. Вараксін. — 2010. — C. 299—300.