Па рабоце майстра знаць

14 лістапада на Беларусі адзначаецца Дзень Кузьмы і Дзям’яна – праваслаўных святых, якіх у народзе лічаць заступнікамі і апекунамі кавалёў, а гэты дзень таксама называюць прафесійным святам майстроў – Днём каваля.

Кавалі – людзі асаблівыя: яны маюць справу з грубым матэрыялам і важкімі інструментамі і займаюцца самай што ні на ёсць тонкай творчай працай. Кожны каваль – у душы мастак!

З нагоды свята супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі запрасілі вучняў 4 класа гімназіі №1 у этнаграфічную вандроўкуПа рабоце майстра знаць”.

Падчас мерапрыемства дзеці даведаліся шмат цікавага пра адно з важнейшых беларускіх рамёстваў – кавальства, пазнаёміліся з разнастайнымі каванымі прыладамі працы, папоўнілі свой слоўнікавы запас. Юныя вандроўнікі актыўна выконвалі прапанаваныя заданні і не толькі замацавалі атрыманыя веды, але і патрымалі кавальскія інструменты ў руках, і паспрабавалі імі карыстацца. Самым цікавым для дзяцей стаў конкурс “Перадай падкову”, у ходзе якога яны перадавалі падкову, а таму, хто выходзіў з гульні, даводзілася танцаваць “Лявоніху”.

Этнаграфічнае падарожжа суправаджалася паказам прэзентацыі па тэме мерапрыемства. Асаблівую атмасферу старадаўняга побыту стваралі народныя песні і вершы.

Мерапрыемства атрымалася вельмі цікавым і пазнавальным.