Цікавыя факты з жыцця і творчасці Івана Шамякіна

30 студзеня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна (30.01.1921–14.10.2004). Яго пяру належаць такія вядомыя творы, як: “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”, “Петраград-Брэст”, “Злая зорка”, пенталогія “Трывожнае шчасце” і іншыя.

Напярэдадні юбілейнай даты прапануем вашай увазе цікавыя факты з жыцця і творчасці пісьменніка:

  • Нарадзіўся Іван Шамякін 30 студзеня 1921 года на Гомельшчыне, у в.Карма Добрушскага раёна. У вёсцы ў Шамякіных было яшчэ другое прозвішча – Чарназёмавы.

  • Чытаць ён навучыўся практычна сам, бацька паказаў толькі літары.

  • Будучы пісьменнік згадваў, што любіў насіць кнігі на галаве, чым вельмі раздражняў бацьку: “…Я лоўка навучыўся ладны стус кніг несьці на галаве. Чаму гэта так моцна абурыла бацьку – не магу ўцяміць і цяпер. Доўга ён прыпамінаў мой акрабатычны нумар. “То ж трэба! Усе людзі як людзі, а ён – што шут гарохавы. На галаве кнігі носіць! Шурку дроў узвалі на дурную галаву!”.

  • Бацька быў лесніком, яго сям’я часта пераязджала з месца на месца. Таму ў школу Іван пайшоў позна – у 9 гадоў.

  • З будучай жонкай пазнаёміўся яшчэ у дзяцінстве. Як распавядаў сам І.Шамякін, “ведаў яе з пятага класа, потым, будучы студэнтам Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, выпадкова сустрэў у кіно перад пачаткам трэцяга курса і па-сапраўднаму і вельмі палымяна закахаўся ў студэнтку-медычку Машу Кротаву”. Жонка Марыя Філатаўна, з якой пісьменнік пражыў 58 гадоў, стала прататыпам многіх яго гераінь (у аповесці “Непаўторная вясна”, “Слаўся, Марыя” і інш.).

  • Ён стаў самым маладым беларускім пісьменнікам, чыя творчасць (раман “Глыбокая плынь”) была адзначана Сталінскай прэміяй. Аўтару было ўсяго трыццаць гадоў.

  • Многія факты, пакладзеныя ў аснову твораў Івана Шамякіна, былі ўзяты з самога жыцця. Ён на сабе спазнаў увесь жах вайны – ад пачатку да канца воінам Савецкай арміі прайшоў усю Вялікую Айчынную: ваяваў на поўначы, на Карэльскім фронце, удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы. Вялікую Перамогу сустрэў у Германіі, на Одэры. 

  • Іван Шамякін узгадваў, як, яшчэ да дэмабілізацыі, “дрэнны плывец, ратаваў у Варце польскую дзяўчыну… Нас з полькай, якая так абхапіла мяне, што скавала, несла на гэты разбураны мост. Адкуль узяўся наш кацер! Наканавана было доўга жыць”. 

  • Па раманах і аповесцях Івана Шамякіна можна прасачыць ваенную і пасляваенную гісторыю нашай краіны. 

  • Іван Пятровіч ніколі не паяўляўся на публіцы без гальштука. У калекцыі пісьменніка іх было больш за 50. І калі Шамякін апранаў пінжак, то заўсёды павязваў гальштук. Гэта было няўхільным правілам.

  • Ва ўласным доме любіў парадак і чысціню. Вызначаўся выключнай акуратнасцю – да педантызму. Сам прыбіраў усе пакоі, дзе жыў і працаваў: у горадзе, на дачы.

  • Нягледзячы на займаемыя высокія пасады (з 1971 па 1985 гады Іван Шамякін узначальваў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР), ён усё жыццё заставаўся простым і дабразычлівым чалавекам. З усімі ён гаварыў, як з роўнымі, дапамагаў калегам і сваякам.

  • Пісьменнік не любіў уступаць у палеміку і спрэчкі, каб нікога не пакрыўдзіць.

  • Яшчэ пры жыцці ён стаў не толькі народным пісьменнікам Беларусі (1972 г.), але і сапраўдным класікам нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя.

  • За 60 гадоў творчага шляху выйшлі ў свет 130 кніг пісьменніка агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экзэмпляраў.

  • Яго кнігі перакладаліся на многія мовы свету, ператвараліся ў сцэнарыі кінафільмаў і тэатральных пастановак. У Кітаі вельмі палюбілі яго творы, пераклалі і выдалі практычна ўсе самыя значныя раманы і аповесці.

  • Пісьменнік цяжка перажываў смерць сваёй жонкі ў 1998 годзе. Ён стаў вельмі мала есці, зусім мала рухаўся. Медыкі не маглі паставіць яму дыягназ, казалі: “Ён проста стаміўся жыць”. Памёр пісьменнік праз шэсць гадоў пасля сваёй каханай Марыі Філатаўны, у 2004 годзе.

  • У яго гонар названа адна з вуліц у сталічным мікрараёне “Сухарава-4”. У Мінску на фасадзе дома №11 па вуліцы Я.Купалы ўсталявана мемарыяльная дошка. У гэтым доме пісьменнік пражыў 35 гадоў (1969-2004 гг.). На радзіме І.Шамякіна ў вёсцы Карма Добрушскага раёна ўсталяваны помнік-бюст (2006 г., скульптар Д.Папоў) і мемарыяльная дошка на будынку сельскай бібліятэкі. Імя Шамякіна носіць Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ устаноўлена стыпендыя імя Івана Шамякіна. Пра таленавітага пісьменніка зняты дакументальныя фільмы “Пакуль ёсць сіла” і “Імгненні жыцця”. 

Запрашаем наведаць ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”, каб адкрыць новыя грані таленту Івана Шамякіна, узнавіць у памяці знакавыя творы класіка беларускай літаратуры і акунуцца ў атмасферу мінулай эпохі, якая ажывае на старонках яго кніг.

 

Рэкамендацыйны спісак літаратуры “Іван Шамякін: летапісец эпохі”