Іван Мележ: 14 фактаў з «хронікі жыцця»

8 лютага 2026 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа (1921-1976). Ён пакінуў нашчадкам вялікую літаратурную спадчыну, але ў гісторыю беларускай літаратуры увайшоў найперш як аўтар сапраўднага нацыянальнага эпасу – трылогіі “Палеская хроніка”. Раманы “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і Завеі, снежань” былі перакладзены на рускую, казахскую, нямецкую, кітайскую і іншыя мовы, дзякуючы чаму аўтар атрымаў сусветную вядомасць.

З нагоды юбілейнай даты нагадаем вам некалькі цікавых фактаў з жыцця і творчасці пісьменніка:

  1. У дзяцінстве ён сам шыў сабе абутак і нават змайстраваў драўляны веласіпед.

  2. Пачаў пісаць яшчэ школьнікам. Перад вайной яго вершы друкаваліся ў газетах, ён спрабаваў свае сілы ў прозе.

  3. З першага курса Маскоўскага інстытута філасофіі, літаратуры і гісторыі Івана Мележа прызвалі ў Чырвоную армію. Летам 1940 г. удзельнічаў у ваенным паходзе ў Паўночную Букавіну і Бесарабію. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам на фронце, дзе бачыў усе жахі і боль на свае вочы.

  4. Першае ў сваім жыцці апавяданне на беларускай мове “Сустрэча ў шпіталі” ён быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі, у Тбілісі, дзе лячыўся ад ран.

  5. Пасля цяжкага ранення юнаку, якому споўніўся толькі дваццаць адзін год, дактары адводзілі жыццёвы рубеж у сорак гадоў. Таму Іван Мележ спяшаўся жыць, спяшаўся зрабіць як мага больш.

  6. На вайне ён рабіў дзённікавыя запісы, якія ў апрацаваным выглядзе падрыхтаваў да друку, назваўшы “Першая кніга”. Яна была апублікавана пасля смерці празаіка ў 1978 годзе.

  7. “Палеская хроніка” была задумана як пенталогія. Але Іван Мележ не паспеў ажыццявіць задуманае. Дзве ненапісаныя часткі пенталогіі нават мелі назвы – “За асакою бераг” і “Праўда вясны”. 

  8. Галоўным кансультантам пісьменніка адносна побыту, абрадаў і жыцця палешукоў падчас работы над “Палескай хронікай” быў бацька.

  9. Грошы з атрыманай ім Ленінскай прэміі І.Мележ ахвяраваў на будаўніцтва новай школы ў Глінішчах, якая цяпер носіць імя славутага земляка.

  10. У асяроддзі пісьменнікаў ён лічыўся ідэальным суразмоўцам, таму што ўмеў слухаць і нікога не перапыняў нават тады, калі быў нязгодны. 

  11. Мележ быў надзвычай патрабавальным да сябе. Ён мог дзясяткі разоў перапісваць адну і тую ж старонку, дабіваючыся ідэальнага гучання кожнага сказа.

  12. Іван Паўлавіч вельмі любіў падарожнічаць. І заўсёды браў з сабой сям’ю.

  13. Пісьменніку было наканавана пражыць усяго 55 гадоў, але ён паспеў за сваё недоўгае жыццё зрабіць вельмі шмат. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла пасля яго смерці дзесяцітомны збор твораў.

  14. У гонар Івана Мележа названы Мазырскі драматычны тэатр, вуліцы ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах, Беларуска-славянская гімназія № 36 і гарадская бібліятэка № 2 ў Гомелі, Глінішчанская сярэдняя школа Хойніцкага раёна. У Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, у якім жыў народны пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка, у роднай вёсцы Глінішчы створаны літаратурны музей і ўсталяваны бюст І. Мележа, у 2010 г. у Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя “Людзі на балоце”. 

Запрашаем вас наведаць ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”, каб акунуцца ў творчасць Івана Мележа і адчуць, як праз мастацкае слова ажывае сапраўдная гісторыя, глыбокая мудрасць і непаўторны каларыт беларускай душы.
 
 

Рэкамендацыйны спісак літаратуры “Мастацкая спадчына Івана Мележа”