Знаёмцеся! СЗЛ: сваё – значыць лепшае
У межах рэспубліканскай ініцыятывы “Кожная пятніца – роднае, сваё!” і праекта “Кніжны фарватар” у Іўеўскай раённай бібліятэцы прайшла акцыя “Знаёмцеся! СЗЛ: сваё – значыць лепшае”. Асноўная мэта мерапрыемства – прыцягнуць увагу дзяцей да лепшых твораў нацыянальнай літаратуры, дапамагчы юным чытачам знайсці “сваё” – блізкае па духу і культуры.
Падчас акцыі бібліятэкар пазнаёміла чацверакласнікаў Іўеўскай сярэдняй школы з сацыяльна значнымі творамі беларускіх аўтараў. Гэтыя выданні вучаць дзяцей любіць Радзіму, паважаць бацькоў, берагчы прыроду і ганарыцца сваёй гісторыяй.
Школьнікі з задавальненнем паўдзельнічалі ў гульнёвых спаборніцтвах: адгадвалі загадкі на роднай мове ў “Загадкавым свеце” і аднаўлялі прозвішчы пісьменнікаў у “Літаратурнай шыфроўцы”.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя паглядзелі цудоўны беларускі мультфільм, створаны па кнізе Алены Масла “Лагодны воўк”. Мерапрыемства яшчэ раз даказала, што беларускамоўныя кнігі для дзяцей — гэта сапраўдны скарб, які варта адкрыць кожнаму чытачу!





