Звыклыя рэчы з забытай гісторыяй

У межах рэспубліканскай акцыі “Кожная пятніца – роднае, сваё!” у бібліятэцы-філіяле аг.Морына прайшла гутарка з пастаяннымі чытачамі пад назвай “Такія звыклыя і незнаёмыя рэчы…”. Галоўнай тэмай сустрэчы стала мінуўшчына роднай вёскі, якая ўвасоблена ў простых, на першы погляд, прадметах народнага побыту.

Госці наведалі краязнаўчую экспазіцыю “Тут Радзімы маёй пачатак”, дзе захоўваецца больш за 70 унікальных экспанатаў. Кожная рэч тут – ад калаўрота і маслабойкі да гліняных збаноў і прасаў – мае сваю гісторыю, невядомую многім нашым сучаснікам, і дазваляе адчуць непарыўную повязь часоў, сувязь з продкамі. Дапоўніла мерапрыемства кніжная выстава, прысвечаная народнаму мастацтву Беларусі.

Удзельнікі сустрэчы не толькі ўзгадалі прызначэнне даўніх рэчаў, але і адчулі непарыўную повязь часоў – сувязь з гісторыяй свайго краю праз матэрыяльную спадчыну продкаў.