На Іўеўскай зямлі стагоддзямі жылі ў згодзе беларусы, палякі, татары і яўрэі. Разнастайнасць нацыянальных традыцый і рэлігійных вераванняў надае тутэйшым мясцінам асаблівы каларыт. Шматнацыянальнае і шматканфесіянальнае Іўе называюць у народзе “маленькім Іерусалімам”. У 2009 годзе ў горадзе пачаў працаваць музей нацыянальных культур.
У 2012 годзе на цэнтральнай плошчы горада Іўе ўсталявалі памятны знак “У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны” як сімвал мірнага суіснавання праваслаўных, католікаў, мусульман і іўдзеяў. Помнік быў адкрыты 16 чэрвеня 2012 г. падчас святкавання Дня горада Іўе.
Ён уяўляе сабой чатыры стэлы, кожная з якіх павернута ў бок галоўнага культавага збудавання адпаведнай рэлігіі (праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай).
Стэлы упрыгожаны рэлігійнымі сімваламі. На каталіцкай частцы манумента размешчана грэчаская анаграма Хрыста, выява папы Рымскага Іаана Паўла ІІ з заклікам “Адчыніце дзверы Хрысту!”, на праваслаўнай – выява Спаса Нерукатворнага і ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы, уверсе цытата з Евангелля “Я есть путь к истине и истина, и жизнь”, на мусульманскай – паўмесяц і Каран, а іўдзейская стэла ўпрыгожана падсвечнікам – мінорай (сімвалам Ізраіля) і словамі на рускай мове і іўрыце “Мир вам!”.
У сярэдзіне гэтай манументальнай группы, як разуменне таго, што пара “збіраць камяні” – горка з камянёў. Яна змешчана ў коле. Кола – як еднасць цыкла прыроды, жыцця, як сімвал Бога, а вада, што струменіцца па каменнях – гэта сімвал вечнасці.
Памятны знак “У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны” стаў сапраўднай “візітнай карткай” горада Іўе.
Бібліяграфія:
- Каяч, А. Беларускі Іерусалім / Алена Каяч ; фота // Беларускі час. — 2022. — 21 студзеня. — № 3 — С. 19.
Матэрыялы з адкрытых рэсурсаў сеткі Інтэрнет:
-
Памятный знак в честь дружбы и согласия конфессий Ивьевщины. г.Ивье. Аэросъёмка: [видеозапись]. — Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=MmcLLSjApfM
-
День города Ивье 16 июня: [видеозапись]. — Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=_gC5ZG0vbvE