Пад зорным небам верасня: віншуем Івана Карэнду з Днём нараджэння!
…Толькі тут, у цішы, ля лугоў і бароў векапомных,
Лёгка, вольна душы і на сэрцы надзіва спакойна.
Тут гасцінны абрус рассцілае на свята матуля…
Тут мая Беларусь… Не забыць сюды сцежку святую.
(Карэнда І.А. “Вёска Крывічы”)
Сёння, у Дзень народнага адзінства, свой дзень нараджэння адзначае наш славуты зямляк – таленавіты беларускі пісьменнік, вядомы грамадска-культурны дзеяч, Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна Іван Арсеньевіч Карэнда.
Вельмі сімвалічна, што чалавек, які ўсё сваё жыццё і творчасць прысвяціў служэнню Беларусі, нарадзіўся менавіта ў такі адметны дзень. Яго творы прасякнуты глыбокім патрыятызмам, мудрасцю і шчырай любоўю да сваіх каранёў, да роднай Іўеўскай зямлі.
І.А.Карэнда нарадзіўся ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна ў сялянскай сям’і, прайшоў вялікі прафесійны шлях ад школьнага настаўніка да высокіх дзяржаўных пасадаў (працаваў начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, саветнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і інш.).
І ўвесь час Іван Арсеньевіч заставаўся чалавекам, які вельмі тонка адчувае літаратурную творчасць, жыве душэўнымі памкненнямі. Яго непарыўная сувязь з роднай зямлёй, любай вёскай увасобілася ў мастацкім слове.
Першыя вершы І.А. Карэнды публікаваліся ў Шчучынскай раённай газеце “Савецкая вёска” (1971 г.), з 1975 года ён друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях. Іван Арсеньевіч – аўтар зборнікаў лірыкі: “Белы наліў”, “Знічка”, “Васількі надзеі”, “Апошняя малітва”, “Пад зорным небам верасня”; паэм “Вочап” і “Бярозавік”; паэтычных кніг для дзяцей: “На загадкі ёсць адгадкі”, “Ёж иголки продавал”, “Азбука Перамогі”; кніг прозы: “Воплаўская госця”, “Усміхніся шчасцю свайму”, “Жыць для Беларусі. Шлях суддзі Іосіфа Бойсы” і іншых выданняў.
Шаноўны Іван Арсеньевіч! Ад імя калектыву і чытачоў бібліятэк Іўеўшчыны сардэчна віншуем Вас з гэтым святочным днём! Жадаем моцнага здароўя, невычэрпнай жыццёвай энергіі і далейшых поспехаў у літаратурнай працы! Няхай Ваша муза заўсёды будзе побач, і кожны новы дзень прыносіць радасць і натхняе на новыя творчыя задумы. А любоў і павага землякоў саграваюць Ваша сэрца доўгія гады пад мірным небам Беларусі!







