Новыя кнігі пра каханне
З 14 па 21 кастрычніка ў нашай краіне пройдзе Тыдзень бацькоўскай любові, які яднае дзве важныя даты – Дзень маці і Дзень бацькі. Гэта час, калі асаблівая ўвага надаецца каштоўнасці сям’і, павазе да бацькоў і тым шчырым пачуццям, з якіх і пачынаецца сумесны жыццёвы шлях мужчыны і жанчыны.
З гэтай нагоды прапануем вашай увазе два зборнікі серыі “Новая бібліятэка беларускай паэзіі” ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якія прэзентуюць чытачам багацце сучаснай беларускай любоўнай лірыкі.
Не пакідай мяне адну : вершы беларускіх паэтак пра каханне / укладальнік Алесь Бадак ; [рэдактар В. А. Шніп] ; мастак М. Ю. Дайлідаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2026. — 127 с. — (Новая бібліятэка беларускай паэзіі)
Зборнік склалі вершы сучасных беларускіх паэтак пра каханне, якія былі ўпершыню апублікаваны ў айчыннай літаратурнай перыёдыцы альбо выйшлі ў кніжным фармаце ў XXI стагоддзі.
Жаночае прызнанне ў каханні на старонках гэтага выдання – гэта глыбокая эмацыйнасць, пяшчота, адкрытасць і тое асаблівае душэўнае святло, якое кранае да глыбіні душы.
Таемнасць ночы : вершы беларускіх паэтаў пра каханне / укладальнік А. Бадак ; [рэдактар В. А. Шніп] ; мастак М. Ю. Дайлідаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2026. — 142 с. — (Новая бібліятэка беларускай паэзіі).
Кнігу склалі вершы сучасных беларускіх паэтаў-мужчын пра каханне, якія былі ўпершыню апублікаваны ў айчыннай літаратурнай перыёдыцы альбо выйшлі ў кніжным фармаце ў XXI стагоддзі.
Прадстаўленае выданне – ўнікальная магчымасць зазірнуць у таямнічы свет мужчынскай душы, хвалюючага віру перажыванняў ад шчырага, юнацкага захаплення жаночай прыгажосцю да сталага, пранізлівага і нават ахвярнага пачуцця. Гэта лірыка пазбаўлена залішняй пафаснасці, яна размаўляе з чытачом на мове паўтонаў, метафар і глыбокага псіхалагізму.
Запрашаем вас акунуцца ў чароўны свет роднага слова і першымі адкрыць старонкі гэтых паэтычных навінак. Няхай шчырыя радкі беларускіх аўтараў напоўняць сэрцы натхненнем і дазволяць адчуць прыгажосць, глыбіню і веліч сапраўднага кахання.
