Чытаем роднае, сваё!

У межах рэспубліканскай акцыі “Кожная пятніца – роднае, сваё!” прадстаўляем вашай увазе новыя цікавыя выданні для дзяцей і падлеткаў, якія выйшлі ў знакавай серыі “Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі” (заснавана ў 2026 годзе). Гэта кнігі, што вучаць любіць родны край, шанаваць сяброўства і верыць у цуды.

Запрашаем юных чытачоў і іх бацькоў у захапляльнае падарожжа па старонках лепшых твораў сучасных айчынных аўтараў!

Героі казак Алеся Марціновіча добра знаёмыя дзеткам. Сабачка Альма пабывала ў космасе, стала ганаровым грамадзянінам краіны Сваса, дзе жывуць свабодныя сабакі. Котка Ліза перамагла тыгра, разам з сябрамі наведала Месяц. 

У новай аповесці-казцы “Вавёрачка Дарынка і котка Ліза” дзеткі сустрэнуцца не толькі з галоўнымі персанажамі, а і з сарокай Цікавінкай, савой Савай, дзятлам Юнцікам, аленем Федзем, мядзведзем Таўцілам, янотамі Мішам і Кішам, іншымі ляснымі жыхарамі.

Новая аповесць-казка Алеся Карлюкевіча прысвечана падарожжам маленькага вандроўніка па розных куточках Беларусі. 

Побач з героямі, якія добра знаёмыя юным чытачам, і новы няўрымслівы сябра Шубуршуна – зубраня Пушчанік. Разам падарожнікі адкрываюць невядомыя для сябе прасторы, знаёмяцца з гісторыяй роднай старонкі.

Шмат таямніц захоўвае Зачараванае балота, якое тысячагоддзямі паглыбляла свае нетры, прабіраючыся да сэрца палескай зямлі. Яго паверхня здаецца спакойнай, але кожная купіна можа стаць уваходам у цёмную згубную бездань. 

На балоце існуе жыццё, якое надзейна схавана ад людзей у самых недасягальных абшарах, дзе гаспадарыць балотны люд… Стагоддзямі ішло балотнае жыццё па спрадвечнай завядзёнцы, пакуль не пусцілі жыхары Зачараванага балота людзей у свой сусвет, у свае пачуцці. І настолькі глыбока, што закаханая ведзьма і вечна самотны цмок не пабаяліся пакінуць роднае балота і нават парушыць Закон Несудакранання сусветаў… 

Чым абернецца такое свавольства? Ці знойдуць яны шчасце ў свеце людзей?