Русский БелорусскийАнглийскийНемецкийЛитовскийПольскийУкраинский

Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Карпуць Яўген Вікенцьевіч

Карпуць Яўген Вікенцьевіч (26.03.1938, в.Лабачы, Іўеўскага раёна, Гродзенскай вобласці) – беларускі паэт і самадзейны кампазітар. Больш за 30 разоў узнагароджваўся граматамі і дыпломамі Беларусі і СССР.

Яго ўзгадавала зямля Іўеўская, адсюль ён пайшоў у вялікі свет, але не забыўся пра сваю малую Радзіму. Любоў да мастацтва прывівалася ў сям’і, дзе бацька добра іграў на цымбалах, а маці адорвала родзічаў сваімі посцілкамі ды ручнікамі. У 1956 годзе ён скончыў сярэднюю школу у пасёлку Юрацішкі і паступіў ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча.

Армейская служба сувязістам у горадзе Барысаве і далейшая вучоба ў Маладзечна (Маладзечанскае музычнае вучылішча) і Маскве (Маскоўскі дзяржаўны педінстытут) дапамаглі не толькі атрымаць грунтоўныя веды, прафесійныя навыкі, але і сфарміраваць характар, загартаваць волю.

З 1983 года пачаў працаваць настаўнікам школы №2 г. Стаўбцы. На Стаўбцоўшчыне, якая стала другой радзімай для Я.Карпуця,  раскрыўся яго літаратурны і музычны талент. На Стаўбцоўшчыне ў поўную сілу загучалі ягоныя песні. У сучаснай музычнай скарбонцы самародка больш за сто меладычных песень, і дыяпазон іх вельмі разнастайны – аб каханні і жаночай прывабнасці, аб чароўнай беларускай прыродзе і родным краі.

Яўген Карпуць – член стаўбцоўскага літаратурна-музычнага аб’яднання “Аўтограф” і народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. З дапамогай гэтых аб’яднанняў неаднаразова выходзілі вершаваныя зборнікі, дзе былі змешчаны вершы і песні Яўгена Карпуця. Творчае поле Яўгена Карпуця прываблівае шырокім дыяпазонам і шчырасцю, паэт нястомна праслаўляе сваю малую радзіму ў сваіх творах. Вершы “Васільковыя прасторы”, “Світанак”, “Хлеб” уключаны ў дапаможнік для вучняў 4-5 кл. (“Беларуская мова”, 2003 г.). Творы Я.В. Карпуця друкуюцца як у мясцовых, так і ў рэспубліканскіх выданнях. Ён з’яўляецца сааўтарам звыш дваццаці калектыўных выданняў, сярод якіх: “Дзе расце сон-трава”, “Голоса родной стороны” і іншыя.

У 2005 годзе выдадзены асабісты паэтычны зборнік “Феерверк”, у 2011 г. – “Камертон”, у 2012 – “Вырай”.

У канцы 2016 года выйшла ў свет новая кніга яго выбраных твораў “Аксаміт”. Гэта аб’ёмнае выданне, дзе сабраны вершаваныя і празаічныя творы, а таксама дарагія аўтару фотаздымкі – з роднымі і сябрамі. Кнігу можна падзяліць на некалькі раздзелаў. Адкрывае зборнік паэзія, якая агорнута настальгічнымі ноткамі па малой радзіме – Іўеўшчыне, дзе нарадзіўся Яўген Карпуць. “Малой Радзіме”, “Для маленства хапала тут дзіў”, “Былы наш хутар”, “Дарога ў школу”, “Родная вёска”, “Бацькаўшчына”,  “Мой любы куточак”, “Гімн дзяцінству”, “Дыфірамб у гонар лабачоўскіх землякоў” – самі назвы вершаў гавораць аб адносінах аўтара да Іўеўшчыны. Цэлая нізка твораў прысвечана Стаўбцоўшчыне, якая стала для аўтара другой радзімай. Выданне ўпрыгожвае графічны аўтапартрэт. Адметнай рысай творчасці паэта з’яўляецца багатая жанравая разнастайнасць. Гумарэскі і байкі – асобны раздзел кнігі. Аўтар запрашае чытача ўсміхнуцца ў сваіх прысвячэннях сябрам, паэтам і многім іншым людзям. Іранічныя “карацелькі”, “карацелькі-мудрагелькі” – таксама яркая адметнасць творчага таленту паэта. У кнігу ўвайшлі песні з нотамі. Больш за палову з іх – аўтарскія, на словы і музыку Яўгена Карпуця. Ёсць у зборніку і песні іншых аўтараў на музыку самадзейнага кампазітара. Унутраная вокладка кнігі “Аксаміт” прадстаўляе ўсе выданні з творамі паэта.

У 2019 годзе наш зямляк, Яўген Карпуць, стаў фіналістам літаратурнага конкурсу, які быў прысвечаны Году малой радзімы, “Бацькаўшчына светлая Мая…” — сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і часопіса “Маладосць”.
 

У 2022 годзе ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” выйшла новая кніга паэта “Дзялянка для весялосці”.  У ёй сабраны іранічныя карацелькі – невялікія вершаваныя творы, у якіх адлюстраваны назіранні за нашым паўсядзённым жыццём. Гэтыя творы сам аўтар з гумарам называе яшчэ «карпуцізмамі», «мудрагелькамі» ці проста вызначае як «формулы жыцця». Кніга прыйдзецца даспадобы ўсім тым, хто любіць і шануе трапнае каларытнае беларускае слова і цэніць яго патэнцыял для стварэння добрага настрою.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:

  • Бутурля, І. Карпуцізмы ад Карпуця / падрыхтавала Ірына Бутурля ; фота // Іўеўскі край. — 2021. — 31 снежня. — С. 9.

У новай кнізе нашага земляка Яўгена Карпуця “Дзялянка весялосці”, якая выйшла ў свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці”, у форме невялікіх паэтычных твораў прадстаўлены назіранні за паўсядзённым жыццём. “Карацелькі”, “карпуцізмы”, “мудрагелькі”, а таксама формулы жыцця падораць вясёлы настрой усім тым, хто любіць і шануе трапнае каларытнае беларускае слоўца.

  • Врублеўскі, В. Пачуццё Радзімы : Яўгену Карпуцю – 75 / В. Врублеўскі // Iўеўскi край. — 2013. — № 21. — 23 сакавіка. — C. 6. 

  • Врублеўскі, В. Яго паэзія – індыкатар пачуццяў / Валянцін Врублеўскі // Iве – Юрацiшкi. — Мінск : А. М. Вараксін. — 2010. — C. 273–276. 

  • Казімірчык, Д. Мудрагелькі, прыпраўленыя іроніяй / Дзіяна Казімірчык ; фота // Літаратура і мастацтва. —  2022. — 20 мая. — С. 7.

Пра кнігу “Дзялянка для весялосці” (Мінск, 2022 г.) беларускага паэта Яўгена Карпуця.

  • Карпуць Яўген Вікенцьевіч  // Людзі культуры і мастацтва Іўеўшчыны : інфармацыйны бюлетэнь / складальнік Т. І. Грыкень. — Іўе. — 2012. — С. 12.
  • Карпуць, Я. Дзялянка для весялосці: карацелькі, вершы, формулы жыцця / Яўген Карпуць. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2022. — 130, [1] с. — (Несур’ёзна пра сур’ёзнае).
  • Карпуць, Я. Крылішская пачатковая школа : з успамінаў / Яўген Карпуць // Iўеўскi край. — 2010. — 25 верасня. — C. 12. 

  • Смалянічэнка, А. Госці ў хату – гаспадарам радасць : сустрэча ў Геранёнскай сельскай бібліятэцы з паэтам Яўгенам Карпуцём / Алена Смалянічэнка // Iўеўскi край. — 2010. — 8 верасня. — C. 3. 

  • Смалянічэнка, А. Паэт, кампазітар, мастак, настаўнік, неабыякавы да жыцця чалавек… / А. Смалянічэнка // Iўеўскi край. — 2016. — 13 красавіка (№ 27). — C. 4.

  • Старонкі няспыннага часу : [літаратурны зборнік] / ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”, Народны клуб кампазітараў і паэтаў “Жывіца” ; [складальнік І. А. Карнаухава]. — Мінск : Каўчэг, 2016. — 294 с.
  • Усіновіч, А. Коласаўскі край, любая зямля… : новая кніга паэта / А. Усіновіч // Iўеўскi край. — 2013. — № 86. — 9 лістапада. — C. 12. 

Карпуць Яўген Вікенцьевіч

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна