Уладзімір Аляксандравіч Баўм (6 жніўня 1922, в.Карыцішкі, Беластоцкае ваяводства (Польшча) – 14 сакавіка 2018) – Герой Сацыялістычнай Працы (1966), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, з 1954 – старшыня калгаса імя XXII з’езда КПСС (да 1961 года – калгас “Стаханавец”, на 2012 год – СПК імя Баўма) Іўеўскага раёна. Баўм У.А. кіраваў калгаснай гаспадаркай на Іўеўшчыне больш за 30 гадоў, сваімі дасягненнямі быў вядомы і за межамі Беларусі. З 1990 года знаходзіўся на заслужаным адпачынку.
Нарадзіўся ў в. Карыцішкі Беластоцкага ваяводства. Скончыў школу механікаў у Беластоку, паступіў на рабфак, але пачалася вайна. Бацькі пасля змены польска-савецкай мяжы ў 1944 годзе пераехалі ў БССР.
А сам Баўм У.А. ў ліку многіх аднагодкаў быў вывезены ў канцлагер ва Усходнюю Прусію, працаваў у маёнтку памешчыка. Удалося збегчы, дабрацца да лініі фронту, стаў служыць у стралковым палку Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у жорсткіх баях пры штурме Кёнігсберга, калі жывымі з усяго батальёна засталіся толькі 17 байцоў.
У маі 1945 года, адразу ж пасля капітуляцыі фашысцкай Германіі, яго ўзвод быў адпраўлены на Далёкі Усход, у Маньчжурыю, і там, за праяўленыя ў баі мужнасць і гераізм, ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля заканчэння вайны вяртаецца ў Гродна да бацькоў. Працуе рабочым на кафляным заводзе. За паспяховую працу яго прызначылі механікам. А за ўменне ладзіць з людзьмі і весці іх за сабой быў абраны старшынёй прафкама.
Скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
З 1950 па 1954 год – рабочы, механік, старшыня завадскога камітэта Гродзенскага камбіната будматэрыялаў.
У ліку камуністаў-трыццацітысячнікаў ў 1954 годзе быў накіраваны ў Іўеўскі раён старшынёй калгаса “Стаханавец”. У 1961 г., пасля далучэння да калгаса адстаючай гаспадаркі “Вольная праца”, ён быў перайменаваны ў калгас імя XXII з’езда КПСС. 22.05.1995 года гаспадарку назвалі ў гонар легендарнага старшыні У.А. Баўма. У 2012 годдзе – СПК імя Баўма.
Эканоміка гаспадаркі, якую ён узначаліў, расла з году ў год. Укараняліся перадавыя прыёмы ў жывёлагадоўлі, расла агракультура. Першымі тут увялі аўтапаілкі ў кароўніках, першымі перайшлі на механізаваныя звёны канчатковай прадукцыі. Рэалізавалі севаабарот, склалі карты глебы. Увялі новыя сарты збожжавых, бульбы, павялічылі пагалоўе жывёл. Былі пабудаваны свінагадоўчы комплекс, першы ў вобласці машынны двор, цяпліца плошчай 1 га, лабараторыя бязвіруснага вырошчвання бульбы, адкрылі цэх тавараў шырокага спажывання. Каб не падаў узровень грунтавых вод, былі створаны сажалкі каля вёскі Кузьмічы і Дайнова.
У 1978 годзе калгас заваяваў першае месца ў Саюзе па рэнтабельнасці – 184 %.
На пярэднім плане ў Уладзіміра Аляксандравіча заўсёды стаялі як пытанні эканомікі, так і дабрабыту калгаснікаў. Калгас першым на Іўеўшчыне электрыфікаваў усе вытворчыя аб’екты, а неўзабаве – і ўсе вёскі. Гэта пры ім 12 пажылым калгаснікам упершыню прызначылі пенсію, пачалі аплачваць, як у горадзе, бальнічныя лісты непрацаздольнасці і дэкрэтныя водпускі. На грошы гаспадаркі ў 1982 годзе быў узведзены помнік Невядомаму салдату.
За прадуманую, разлічаную на годнае жыццё людзей забудову цэнтральнай сядзібы калгаса імя XXII партз’езда (в.Геранёны) Уладзімір Аляксандравіч Баум быў узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР. На гэтую забудову, на дзіўную вёску ехалі глядзець дэлегацыі з усяго Савецкага Саюза, з Індыі, з Эфіопіі, з краін сацыялістычнага лагера і г.д. І не толькі глядзець, але і пераймаць вопыт гаспадарання. За дасягнутыя паказчыкі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1966 годзе Баўму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Ва ўсім Савецкім Саюзе ведалі, што ёсць у Беларусі такі калгас і такая вёска, дзе атракцыён “Кола агляду” на чатыры метры вышэй, чым у абласным цэнтры, дзе ёсць свой авіяцыйны клуб, парашутная вышка, 36 дэльтапланаў, 2 верталёты, адзін “АН-2 “, клуб на 400 месцаў, куды не змяшчалася ўся моладзь гаспадаркі, сваё каляровае тэлебачанне, музычная школа, сярэдняя школа, якая працуе з эстэтычным ухілам, сталовая, гасцініца, крамы і бытавыя паслугі, дзе ёсць свае мастакі, свае паэты і кампазітары, свае харэографы і музыкі. Таму сюды прыязджалі жыць і працаваць з іншых рэспублік, з гарадоў. І заставаліся назаўсёды.
У.Баўм з жонкай Ірынай. 1966 У.Баўм падчас падрыхтоўкі тэхнікі З калгаснай модаддзю
да ўборкі ўраджаю. 1982
У 1961—1966 гг. У.А. Баўм з’яўляўся членам Рэвізійнай камісіі КПБ, з 1963 па 1967 год – дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
За час працы старшынёй калгаса быў узнагароджаны ардэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”.
Памёр 14 сакавіка 2018 года.
У 2022 годзе, з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння У.А. Баўма, была адкрыта мемарыяльная дошка на адміністрацыйным будынку КСУП “Баума”, перайменаванага у 1995 годзе ў гонар яго знакамітага кіраўніка.
Бібліяграфія:
- Баум Владимир Александрович: 1922—2018 / сост.: Ю. И. Косицкий, Л. В. Мальцева, М. А. Комарова; ред. кол. В. В. Кравцов [и др]; фото // Гродненщина в лицах: биографический справочник. — Минск: Белтаможсервис, 2018. — С. 18 .
- Бутурля, И. Человек-легенда, человек-эпоха – непревзойденный Баум / Ирина Бутурля ; фото // Іўеўскі край. — 2022. — 10 жніўня. — С. 4.
-
Гулидова, В. Такая большая, такая славная жизнь… / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2015. — 8 мая. — № 34. — С. 4.
-
Жалкоўскі, А. Няўрымслівы Баўм / А.Жалкоўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — 1999. — C. 343—345.
- Колхоз имени XXII партсъезда Ивьевского района Гродненской области / Бел. науч.-исслед. ин-т экономики и орг. сел. хоз-ва. — Мн. : Ураджай, 1987. — 16 с.
-
Мурина, С. “Работа в Гераненах была главным делом моей жизни, и достигнутым я горжусь” / С. Мурина // Гродзенская праўда. — 2015. — № 8. — 18 лютага. — C. 13.
- Подберезная, П. Владимиру Александровичу Бауму – 95! : юбилеи славных земляков / П. Подберезная // Іўеўскі край. — 2017. — 9 жніўня. — № 60. — С. 1.
-
Смалянічэнка, А. Славутыя землякі: Уладзімір Аляксандравіч Баўм / А. Смалянічэнка // Іўеўскі край. — 2018. — 8 жніўня. — № 58. — С. 4.
-
Смоляниченко, Е. Это было, было… / Елена Смоляниченко // Іўеўскі край. — 2023. — 18 студзеня. — № 4. — С. 8.
Об истории парка аттракционов в аг. Геранены.
Дадатковыя матэрыялы:
- Владимир Александрович Баум: [видеозапись]. — Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=WuUF94TBcjY
- Семья Баум: [видеозапись]. — Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=mi6DxjYpjgY
- Юбилейные медали к 70-летию Победы вручили ветеранам ВОВ в Гродненской области: [видеозапись]. — Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=CCnpM_9Gg0I