Ільдэфонс Бобіч (22 студзеня 1890 г., в.Дзедзіна Друйскай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) – 28 красавіка 1944 года, Іўе) – святар, асветнік, доктар філасофіі, беларускі празаік, публіцыст, перакладчык, былы ксёндз Іўеўскага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла. Беларус па паходжанні, святар і літаратар па прызванні, ён шырока прапагандаваў беларускую мову дзеля адраджэння і росквіту роднай зямлі. У літаратурным асяроддзі пачатку ХХ стагоддзя быў вядомы пад псеўданімам Пётра Просты.
Нарадзіўся 22 студзеня 1890 года ў небагатай сялянскай сям’і.
Першапачатковую адукацыю атрымаў у Мілашоўскім народным вучылішчы. Пазней працягнуў вучобу ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 г. Менавіта тут ён шчыра зацікавіўся народнай творчасцю, культурай, гісторыяй Бацькаўшчыны, далучыўся да беларускага адраджэнцкага руху і пачаў пісаць першыя апавяданні. Літаратурны дэбют адбыўся 25 студзеня 1907 года. У газеце “Наша Ніва” было надрукавана яго апавяданне “Слёзы”.
Быў перакладчыкам з польскай, рускай мовы на беларускую. Творы “Слёзы”, “Воля”, “Куча грошай”, “У калядны ціхі вечар”, “Скарб”, п’еса “Свякроўка” атрымалі высокую адзнаку сучаснікаў.
Перыяд актыўнай літаратурна-мастацкай дзейнасці Пётры Простага даволі кароткі. Аднак у сціплай спадчыне гэтага пісьменніка ўвасоблены павага да “простага” чалавека, шчырае імкненне служыць пакрыўджаным і зняважаным, спрадвечныя хрысціянскія каштоўнасці – вера, надзея, любоў.
Максім Багдановіч, гаворачы пра творчасць аўтараў каталіцкай газеты “Беларус”, пісаў: “У аднаго толькі Петры Простага ёсць праўдзівая здольнасць. Галоўная вартасць яго – у стройным развіцці дзеяння ды ў сціснутасці і гучнасці мовы, надзвычайна пекнай па свайму складу”.
У 1909 г. паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. З 1911 па 1913 годы вучыўся ў Рыме, атрымаў благаславенне Папы Рымскага Пія Х для ўсяго беларускага народа, а таксама для выдання беларускай каталіцкай газеты “Беларус”, якая выходзіла ў Вільні з 1913 па 1915 гг.
З 1913 г. ён супрацоўнічаў з беларускімі каталіцкімі выданнямі: “Bielarus”, “Krynica” і інш. Друкаваўся ў польскіх рэлігійных часопісах.
Аўтар працы на беларускай мове “Нядзелішнія эвангеліі і навукі”, артыкулаў па рэлігійных і культурных пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў: “Роднае слова ў касцёле” і “Навучайце ўсе народы” (у рукапісах). Асобныя творы перакладаліся на польскую і ўкраінскую мовы.
27 ліпеня 1915 г. атрымаў святарскае пасведчанне. На 1-м з’ездзе беларускіх святароў у Мінску (1917) уступіў у саюз ксяндзоў-беларусаў. Працаваў вікарыем у Друі і душапастырам на Дзісненшчыне (1917-1920). З 1920 г. Бобіч служыў вікарыем катэдральнага касцёла ў Вільні, удзельнічаў у рабоце 3-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў (г. Вільня, 1921 г.), дзе выступіў з рэфератам пра беларускае рэлігійнае выдавецтва.
Адначасова са службай у катэдры кс. Бобіч выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі. Актыўна выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў каталіцкае богаслужэнне, а гэта, як вядома, не падабалася ні тагачасным уладам Вільні, ні многім палякам.
У 1923 г. ксяндза-доктара Бобіча прызначылі пробашчам у Германавічы, што на Дзісеншчыне (цяпер Шаркаўшчынскі раён). Ён навучаў у мясцовай школе, гуртаваў вакол сябе моладзь, стварыў моладзевую арганізацыю. Яшчэ і цяпер у Германавічах старэйшыя людзі цёпла ўспамінаюць свайго былога святара, памятаюць яго цудоўныя казанні, чалавечую дабрыню і абаяльнасць. Айцец Язэп Германовіч згадваў, што пасля кс. Бобіча іншым было цяжка гаварыць казанні, бо святар меў надзвычайны дар прамоўцы, дар пераканання.
Але польскія ўлады пачалі праводзіць наступ на беларускую мову, і свае творы пераважна тэалагічнага зместу І. Бобіч піша на польскай мове. У Германавічах святар падрыхтаваў да друку на польскай мове кнігу “У школе жабрака з Асызу. Павучанні для тэрціяраў францысканскіх”. Выданне аб’ёмам у 360 старонак пабачыла свет у 1930 г. у кнігарні святога Войцэха ў Вільні. У Браслаўскім раённым музеі знаходзіцца сшытак яго ўспамінаў пра падарожжа ў Рым “З зваротным білетам”, таксама на польскай мове.
Вядома, што апошні перыяд жыцця Ільдэфонса Бобіча звязаны з нашай малой радзімай – мястэчкам Іўе, куды ён быў пераведзены ў 1930 годзе ў якасці ксяндза і дэкана Вішнеўскага дэканата. Тут ён зноў звяртаецца да беларускай мовы і стварае два тамы казанняў “Роднае слова ў касцёле” і “Навучайце ўсе народы”, так і не выдадзеныя да гэтага часу.
Згодна з успамінамі людзей, якія яго ведалі, Ільдэфонс Бобіч планаваў напісаць яшчэ чатыры тамы, але ў 1942 годзе быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі і шмат месяцаў правёў ў Лідскай турме. Допыты і катаванні гестапаўцаў падарвалі здароўе.
Памёр неўзабаве пасля вызвалення з турмы (28 красавіка 1944 года). Пахаваны ў Іўі, каля касцёла, побач з іншымі святарамі.
І. Бобіч – асоба, значная не толькі ў маштабах гістарычнага і літаратурнага краязнаўства, але і, наогул, нацыянальнай гісторыі і літаратуры. Ён стаіць каля самых вытокаў сучаснай беларускай прозы, як Цётка, Ядвігін Ш., Якуб Колас.
У працэсе знаёмства з архіўнымі дакументамі і ўспамінамі сучаснікаў святара бібліятэкары даведаліся, што ў яго была вялікая бібліятэка кніг XVIII-XIX стагоддзяў з асабістым экслібрысам. Пасля смерці Ільдэфонса Бобіча большая частка выданняў была спалена, іншыя – разабралі людзі. У выніку пошукава-даследчай дзейнасці супрацоўнікамі бібліятэкі былі знойдзены 14 кніг з бібліятэкі І.Бобіча. Яшчэ 2 кнігі Іўеўская раённая бібліятэка атрымала ў 2020 годзе ў падарунак ад вядомага земляка – доктара гістарычных навук, прафесара, першага прарэктара ДУА “Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі” Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага.
У 2022 годзе дзякуючы пробашчу касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ксяндзу Паўлу Калесніку былі атрыманы яшчэ 14 кніг з уласнай бібліятэкі І.Бобіча (падцверджаных экслібрысам).
Работа па выяўленню месцазнаходжання іншых выданняў з кнігазбору І.Бобіча і збор дакументаў пра жыццё і творчую дзейнасць легендарнай асобы працягваецца. Будзем вельмі ўдзячны за дапамогу ў пошуку.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:
- Адамовіч, А. Святар і пісьменнік / А. Адамовіч // Iўеўскi край. — 2014. — 26 красавіка. — C. 20.
-
Бобіч Ільдэфонс / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і іншыя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 3 : Беларусы — Варанец. — Мінск : БелЭн, 1996. — 199 с.
-
Бобіч Ільдэфонс // Людзі культуры і мастацтва Іўеўшчыны : інфармацыйны бюлетэнь / складальнік Т. І. Грыкень. — Іўе. — 2012. — С. 4.
-
Буйко, І. Гонар мець земляка… / І. Буйко ; фота // Iўеўскi край. — 2010. — 23 студзеня. — С. 12.
- Вабішчэвіч, Т. “Наша будучыня ў нашых руках” : літаратурная спадчына Пётры Простага ў кантэксце беларускага адраджэнскага руху пачатку XX ст. / Таццяна Вабішчэвіч // Роднае слова. — 2010. ― № 1. ― С. 7―11.
- Віктарава, А. “Вяртаем забытыя імёны…” / Алена Віктарава ; фота // Бібліятэчны свет. — 2022. — № 4. — С. 9—13.
-
Врублеўскі, В. А. Ільдэфонс Бобіч / В. А. Врублеўскі // Іве-Юрацішкі. — Мінск : А. М. Вараксін, 2010. — С. 118—120.
- Говар, І. Пётра Просты спачывае ў Іўі / І. Говар // ЛіМ — 2010. — 12 лютага. — № 6. — С. 4.
-
Грыкень, Т. Святар. Пісьменнік. Асветнік. Ільдэфонс Бобіч / Таіса Грыкень // Бібліятэчны свет. — 2018. — № 5. — С. 23—25.
- Гулидова, В. Течет река времени, крутится колесо истории / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2014. — 14 чэрвеня. — № 44. — С. 24.
-
Гулідава, В. Пачуць прыгажосць і пасланне творчасці Ільдэфонса Бобіча… / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2014. — 8 мая. — № 34. — С. 9.
-
Ільдэфонс Бобіч // Іўе : гісторыя, падзеі, людзі. — Гродна : Гродзенская друкарня. — 2012. — С. 16—17.
- Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты) // Гісторыя, падзеі, людзі: летапіс горада Іўе / складальнікі: Г.І. Завадская, В.А. Навахрост. — Іўе: [Іўеўская цэнтральная раённая бібліятэка], 2009. — С. 47—52.
- Кепель, В. “Ільдэфонс Бобіч: святар, пісьменнік, асветнік” / В. Кепель ; фота // Іўеўскі край. — 2019. — 12 кастрычніка. — С. 16.
- Лебедзеў, У. А. Просты Пётра / У. А. Лебедзеў, Т. М. Махнач // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – Т. 5 : Пестрак–Сяўрук. – С. 57.
- Лепшыя ў рэспубліцы : сярод пераможцаў ХХХ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” дыпломам першай ступені адзначана Іўеўская раённая бібліятэка ; фота // Іўеўскі край. — 2022. — 18 чэрвеня. — С. 12.
-
Макуцэвіч, Я. І. Гісторыя каталіцкіх касцёлаў у Іўі паводле даследаванняў Ільдэфонса Бобіча / Я. І. Макуцэвіч // Іўеўская зямля — сузор’е народаў, рэлігій і культур : матэрыялы рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі (г. Іўе, 15 чэрвеня 2012). — Гродна : ЮрСа Прынт, 2013. — С. 15—18.
- Петкевич, Г. Забытые имена в литературе. Ильдефонс Бобич (Пётра Просты – белорусский прозаик, теолог, драматург, публицист, переводчик) / Г. Петкевич // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя філалагічных навук. — 2007. — № 2 (8). — С. 22-25.
- Пётра Просты // Скрыжалі памяці : з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны : у 3 кн. Кн. 3 / уклад., біягр. давед. пра аўт. і камент. А. Бельскага. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005. — С. 8—47. — Рэжым доступу : https://13d74e1e-ca8b-4288-9620-8434ee1ccd0e.filesusr.com/ugd/50e12a_9afaf3d9c3734cd8b5e0c83b55ca7fec.pdf
- Саламевіч, І. У. Просты Пётра / І. У. Саламевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1987. – Т. 4 : Накцюрн–Скальскі. – С. 387.
-
Святар, пісьменнік, тэолаг // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мн. : БЕЛТА, 2002. — С. 74—75.
- Трацяк, І. І. Бобіч / І. І. Трацяк // Беларуская энцыклапедыя : ў 18 тамах. Т. 3. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 199.
- Трацяк, І. І. Ільдэфонс Бобіч – святар, пісьменнік, тэолаг // З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы наукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І.П. Крэня. — Гродна: ГрДУ, 1999. — С. 186—190.
- Трацяк, І. І. Святар, пісьменнік, тэолаг / І. І. Трацяк // Памяць. — Мн. : БЕЛТА, 2002. — C. 74—75.
Электронныя рэсурсы:
Творы І. Бобіча
- Ambona w duszpasterstwie doby dzisiejszej : dwa referaty wygłoszone na 1-szym Kursie Duszpasterskim w Pińsku w dniu 23. VI. 1934 r. przez Ks. D-ra Ildefonsa Bobicza, Dziekana i Proboszcza w Iwju / Ildefons Bobicz. — Pińsk : Druk. Diecezjalna, — 1934. — 52 s.
Бобич, И. Кафедра в сегодняшнем пастырском служении : два доклада, прочитанные на 1-м пастырском курсе в Пинске 23 июня 1934 г. [текст на польском языке : электронный ресурс]. — Доступ из локальной сети ГУК “Ивьевская районная библиотека”.
-
Na szto biełarusam hazety? / Piotra Prosty. — Wilnia : Drukarnia “Znicz”, 1914. — 15, [1] с. — (Wydańne “Biełarusa” ; № 6).
Просты, П. Нашто беларусам газеты? [тэкст на беларускай мове ў лацінскай графіцы : электронны рэсурс]. — Доступ з лакальнай сеткі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”.
-
Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki. Č. 1 / Ildefons Bobič. — Wilnia : Krynicy, 1922. — 68 s.
Бобіч, І. Нядзельныя Евангелі і навукі. Ч. 1 [тэкст на беларускай мове ў лацінскай графіцы : электронны рэсурс]. — Доступ з лакальнай сеткі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”.
-
Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki. Č. 3 : Ad niadz. XI pa Zialonych Światkach da kanca Kaścielnaha hodu / Ildefons Bobič. — Wilnia : Krynicy, 1921. — 66 s.
Бобіч, І. Нядзельныя Евангелі і навукі: Ч. 3 [тэкст на беларускай мове ў лацінскай графіцы : электронны рэсурс]. — Доступ з лакальнай сеткі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”.
-
Просты, П. “Ойча наш” беларуса [тэкст на беларускай мове ў лацінскай графіцы : электронны рэсурс] / П. Просты // Беларус. — 1914. — № 4. — С. 1—2. — Доступ з лакальнай сеткі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”.
-
Просты, П. У калядны ціхі вечар [тэкст на беларускай мове ў лацінскай графіцы : электронны рэсурс] / П. Просты // Беларус. — 1913. — № 39. — С. 2—3. — Доступ з лакальнай сеткі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”.