Дабейка Іван Паўлавіч (25.08.1942, в.Цэпеняты Іўеўскага р-на – 2003, г.Калуга), горны інжынер-геолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны геолаг Расіі.
У 1959 годзе скончыў Юрацішкоўскую сярэднюю школу. У 1965 – Днепрапятроўскі горны інстытут.
Пасля звальнення ў запас з ваеннай службы атрымаў накіраванне на працу ў Архангельскую вобласць, геолагам.
За 12 гадоў Іван Паўлавіч прайшоў шлях ад палявога геолага да кіраўніка буйной Юраскай геолага-разведачнай экспедыцыі (1977), з якой звязаны асноўны этап яго прафесійнай дзейнасці і 16 гадоў жыцця.
Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у розных кутках вобласці вяліся пошукі карысных выкапняў, разведка радовішчаў алмазаў, будматэрыялаў і падземных вод. Былі выяўлены шматлікія кімберлітавыя трубкі Архангельскай алмазаноснай правінцыі, адбылося адкрыццё радовішча алмазаў імя М.В. Ламаносава – аднаго з найбуйнейшых дасягненняў расійскай геалогіі.
Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за 1981 год Юраскую геолагаразведачную экспедыцыю занеслі на абласную Дошку гонару.
У 1992-1998 гг. узначальваў Паўночны камітэт па геалогіі і выкарыстанню нетраў Міністэрства прыродных рэсурсаў РФ.
З 1998 працаваў у Галоўным упраўленні прыродных рэсурсаў Калужскай вобласці Расіі, дзе ўзначальваў службу дзяржаўнага кантролю.
За працоўныя дасягненні І.П. Дабейка быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, ганаровымі званнямі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, “Першаадкрывальнік радовішча” (за адкрыццё радовішча алмазаў імя М.В. Ламаносава).
І.П. Дабейка заклаў асновы дзяржаўнай геалагічнай службы і кіравання фондам нетраў Архангельскай вобласці ў новых эканамічных і палітычных умовах.
Указам Прэзідэнта РФ ад 25 лістапада 1994 года № 2119 Івану Паўлавічу Дабейка было прысвоена ганаровае званне “Заслуженный геолог Российской Федерации”.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы:
-
Врублеўскі, В. Першаадкрывальнік радовішча алмазаў, пакуль адзінага ў Еўропе / В. Врублеўскі // Іўеўскі край. — 2003. — № 106. — С. 3.
-
Гулидова, В. История Ивьевского “Ломоносова” Ивана Павловича Добейко, приведшая к Государственной премии СССР / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2003. — № 56. — С. 1.
-
Боровская, А. Хочу быть похожей на дедушку / А. Боровская // Іўеўскі край. — 2008. — № 67. — С. 3.
-
Врублеўскі, В.А. Іве — Юрацішкі. — Мн.: А.В. Вараксін. — 2010. — 340 с.
- Сухановский А. Поморские алмазы: Живая история Архангельской алмазной провинции, рассказанная первооткрывателями и первопроходцами. — Архангельск: Вери Гуд Групп, 2017. — 336 с.: іл., фот.