Грыбаў Георгій Міхайлавіч (01.08.1947, в.Пятровічы Іўеўскага раёна), беларускі філосаф, сацыёлаг, педагог. Кандыдат філасофскіх навук (1985 г.). Дацэнт (1990 г.). Прафесар.
З 1975 па 2013 год працаваў у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце выкладчыкам, старэйшым выкладчыкам, дацэнтам, загадчыкам кафедры філасофіі і культуралогіі, прафесарам.
Пачаў друкавацца з 1977 года. Ім апублікавана больш за 150 навуковых прац у галіне філасофіі, сацыялогіі, па праблемах устойлівага развіцця і экалагічнага турызму ў Беларусі і за мяжой (Польшча, Украіна, Літва, Германія). З’яўляецца аўтарам шматлікіх дакладаў на міжнародных канферэнцыях. На пасадзе загадчыка кафедры філасофіі і культуралогіі Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута актыўна развіваў міжнародныя навуковыя сувязі калектыву з калегамі-гуманітарыямі з Палітэхнікі Беластоцкай, Віленскага Гедымінаўскага тэхнічнага ўніверсітэта, Луцкага палітэхнічнага ўніверсітэта і іншых ўстаноў. Кафедра правяла больш за дзесяць міжнародных навуковых канферэнцый з удзелам навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Расіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Балгарыі і Англіі. У ліку першых у рэспубліцы Грыбаў Г.М. праводзіў міжнародныя параўнальныя сацыялагічныя даследаванні каштоўнасных арыентыраў свядомасці моладзі еўрапейскіх краін, вынікі якіх выкладзены ў манаграфіі.
Быў адным з першых ініцыятараў развіцця аграэкатурызму ў Беларусі, кіраўнік Абласнога грамадскага савета па турызму, ганаровы член Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, грамадскага аб’яднання “Агра- і экатурызм”, уваходзіць у склад Грамадска-кансультацыйнага савета па турызму Міністэрства спорту і турызму РБ. Уладальнік аграсядзібы ў Камянецкім раёне. Неаднаразова стажыраваўся па дадзенай праблематыцы ў Польшчы, Літве, Украіне, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Германіі, Ізраілі і ЗША. Быў каардынатарам, экспертам буйных і малых праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, рэалізаваных на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Турыст-практык, рэалізаваў больш за 50 пешых, лыжных, горных, водных, веласіпедных і аўтамабільных падарожжаў на тэрыторыі 30-ці краін. Кіраваў інтэрнацыянальнымі групамі турыстаў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Украіны, Галандыі, Бельгіі, Францыі, Англіі, якія здзяйснялі трансгранічныя велатуры. Аўтар ідэі, адзін з арганізатараў і ўдзельнік веламарафону Брэст (Беларусь) – Брэст (Францыя) працягласцю ў 3,5 тысячы кіламетраў, які быў пройдзены групай з васьмі чалавек у 1994 годзе. Аўтар ідэі і адзін з удзельнікаў праекту “Крайнія пункты Еўропы”. У яго рамках турысты з Брэста наведалі заходнюю (Партугалія), паўднёвую (Іспанія), паўночную (Нарвегія), заходнюю (Ісландыя) крайнія кропкі еўрапейскага кантыненту. У ходзе экспедыцыі на Палярны Урал былі вызначаны на мясцовасці каардынаты крайняй усходняй кропкі Еўропы і ўсталяваны знак з указаннем яе дакладных геаграфічных каардынатаў.
У 2003 годзе падняўся на самую высокую вяршыню Аўстраліі, гару імя Т. Касцюшкі. Камень, узяты з гэтай вяршыні, стаў экспанатам дома-музея Т. Касцюшкі ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці.
У падарунак бібліятэцы Георгій Міхайлавіч прывёз сваю манаграфію “Мир ценностей молодежи: прошлое, настоящее, Восток, Запад” з аўтографам і энцыклапедыю “Брест. 1000”, прысвечаную юбілею абласнога цэнтра.
У аўтарскай манаграфіі на аснове параўнальных сацыялагічных даследаванняў аналізуецца самасвядомасць моладзі, вызначаецца агульнае і асаблівае ў каштоўнасных арыенцірах студэнцтва Беларусі, Польшчы і Германіі.
-
Грибов, Г. М. Молодёжь и сельский туризм: социологический анализ [Текст] / Г. М. Грибов, А. И. Лысюк, М. Г. Соколовская // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя 1. Фiласофiя, палiталогiя, сацыялогiя. — 2010. — № 2. — С. 116—122.
-
Грибов, Г. М. Общественное мнение о сельском туризме: социологический анализ / Г. М. Грибов, А. И Лысюк, М. Г Соколовская // Вестник Брестского государственного технического университета. – 2010. — № 6. Гуманитарные науки. — С. 101—103.
-
Грибов, Г. М. Агроэкотуризм в представлениях белорусских экспертов: социологический анализ [Текст] / Г. М. Грибов, А. I. Лысюк // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя 1. Фiласофiя, палiталогiя, сацыялогiя. — 2012. — № 1. — С. 111—120.
-
Здоровый образ жизни как молодежная проблема: региональные аспекты : монография / Г. М. Грибов [и др.]; ред. М. Н. Хурса; Институт социально-политических исследований при Администрации Президента РБ. — Минск : ИСПИ, 2002. — 142 с. : рис. — (Проблемы самореализации молодежи).
- Грибов, Г. М. Мир ценностей молодежи: прошлое, настоящее, Восток, Запад : монография / Г. М. Грибов. — Брест : Изд-во БрГТУ, 2006. — 123 с.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:
-
Грыбаў Георгій // Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: даведнік. — Гродна: ГрДУ, 2000. — С. 75.
-
Гулидова, В. Далеко-далеко есть лучший город земли… / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2014. — 14 чэрвеня. — № 44. — С. 12—13.
- Гулідава, В. Дом – гэта там, дзе тваё сэрца… : гасцёўня рэдакцыі газеты “Іўеўскі край” / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2018. — 4 жніўня. — № 57. — С. 4.