Skip to content

             

Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912            
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu

Грыбаў Георгій Міхайлавіч

Грыбаў Георгій Міхайлавіч (01.08.1947, в.Пятровічы Іўеўскага раёна), беларускі філосаф, сацыёлаг, педагог. Кандыдат філасофскіх навук (1985 г.). Дацэнт (1990 г.). Прафесар.

Сярэднюю школу скончыў у Іўі ў 1965 годзе. У 1965-1970 гг. працаваў у Карпавіцкай і Лукашынскай 8-годках Іўеўскага раёна настаўнікам фізікі, геаграфіі, фізкультуры, гісторыі і нямецкай мовы. У 1966-1969 гг. завочна вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філфака Гродзенскага педінстытута імя Я. Купалы, на гістарычным факульцеце Маскоўскага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. У 1970-1975 – студэнт аддзялення філасофіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.

З 1975 па 2013 год працаваў у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце выкладчыкам, старэйшым выкладчыкам, дацэнтам, загадчыкам кафедры філасофіі і культуралогіі, прафесарам.

Пачаў друкавацца з 1977 года. Ім апублікавана больш за 150 навуковых прац у галіне філасофіі, сацыялогіі, па праблемах устойлівага развіцця і экалагічнага турызму ў Беларусі і за мяжой (Польшча, Украіна, Літва, Германія). З’яўляецца аўтарам шматлікіх дакладаў на міжнародных канферэнцыях. На пасадзе загадчыка кафедры філасофіі і культуралогіі Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута актыўна развіваў міжнародныя навуковыя сувязі калектыву з калегамі-гуманітарыямі з Палітэхнікі Беластоцкай, Віленскага Гедымінаўскага тэхнічнага ўніверсітэта, Луцкага палітэхнічнага ўніверсітэта і іншых ўстаноў. Кафедра правяла больш за дзесяць міжнародных навуковых канферэнцый з удзелам навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Расіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Балгарыі і Англіі. У ліку першых у рэспубліцы Грыбаў Г.М. праводзіў міжнародныя параўнальныя сацыялагічныя даследаванні каштоўнасных  арыентыраў свядомасці моладзі еўрапейскіх краін, вынікі якіх выкладзены ў манаграфіі.

Быў адным з першых ініцыятараў развіцця аграэкатурызму ў Беларусі, кіраўнік Абласнога грамадскага савета па турызму, ганаровы член Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы», грамадскага аб’яднання «Агра- і экатурызм», уваходзіць у склад Грамадска-кансультацыйнага савета па турызму Міністэрства спорту і турызму РБ. Уладальнік аграсядзібы ў Камянецкім раёне. Неаднаразова стажыраваўся па дадзенай праблематыцы ў Польшчы, Літве, Украіне, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Германіі, Ізраілі і ЗША. Быў каардынатарам, экспертам буйных і малых праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, рэалізаваных на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Турыст-практык, рэалізаваў больш за 50 пешых, лыжных, горных, водных, веласіпедных і аўтамабільных падарожжаў на тэрыторыі 30-ці краін. Кіраваў інтэрнацыянальнымі групамі турыстаў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Украіны, Галандыі, Бельгіі, Францыі, Англіі, якія здзяйснялі трансгранічныя велатуры. Аўтар ідэі, адзін з арганізатараў і ўдзельнік веламарафону Брэст (Беларусь) – Брэст (Францыя) працягласцю ў 3,5 тысячы кіламетраў, які быў пройдзены групай з васьмі чалавек у 1994 годзе. Аўтар ідэі і адзін з удзельнікаў праекту «Крайнія пункты Еўропы». У яго рамках турысты з Брэста наведалі заходнюю (Партугалія), паўднёвую (Іспанія), паўночную (Нарвегія), заходнюю (Ісландыя) крайнія кропкі еўрапейскага кантыненту. У ходзе экспедыцыі на Палярны Урал былі вызначаны на мясцовасці каардынаты крайняй усходняй кропкі Еўропы і ўсталяваны знак з указаннем яе дакладных геаграфічных каардынатаў.
У 2003 годзе падняўся на самую высокую вяршыню Аўстраліі, гару імя Т. Касцюшкі. Камень, узяты з гэтай вяршыні, стаў экспанатам дома-музея Т. Касцюшкі ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Яшчэ ў студэнцкія гады Г.М. Грыбаў выратаваў ад знішчэння больш за 50 кніг, выдадзеных у 18-19 стагоддзях, якія захоўваліся ў бібліятэцы Іўеўскага касцёла з экслібрысамі яго настаяцеля Ільдэфонса Бобіча, вядомага тэолага, доктара багаслоўя, грамадскага дзеяча і пісьменніка. Частка кніг з гэтай калекцыі перададзена Іўеўскаму музею нацыянальных культур, музею «Мірскі замак», аддзелу рэдкіх кніг Брэсцкай абласной бібліятэкі.
 
У пачатку кастрычніка 2019 года Георгій Міхайлавіч Грыбаў наведаў Іўеўскую раённую бібліятэку і прыняў удзел у пасяджэнні круглага стала «Ільдэфонс Бобіч: святар, пісьменнік, асветнік», які быў арганізаваны на базе Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі-філіяла (у межах праекта «Нашы людзі»).

У падарунак бібліятэцы Георгій Міхайлавіч прывёз сваю манаграфію «Мир ценностей молодежи: прошлое, настоящее, Восток, Запад» з аўтографам і энцыклапедыю «Брест. 1000», прысвечаную юбілею абласнога цэнтра. У аўтарскай манаграфіі на аснове параўнальных сацыялагічных даследаванняў аналізуецца самасвядомасць моладзі, вызначаецца агульнае і асаблівае ў каштоўнасных арыенцірах студэнцтва Беларусі, Польшчы і Германіі. 

Штогод Г.М. Грыбаў прымае ўдзел у сустрэчах землякоў, якія праходзяць у Іўеўскай раённай бібліятэцы ў межах праекта «Сябрына».  У 2025 годзе, падчас літаратурнага вечара «…Мне сонцам свеціць Наднямонне», ён падарыў бібліятэцы кнігу «Летапіс роду і сям’і». Гэта гісторыя шасці пакаленняў сям’і Грыбавых (у кнізе згадваюцца 630 імёнаў). 

 
Асноўныя публікацыі Г. М. Грыбава:
  • Грибов, Г. М. Молодёжь и сельский туризм: социологический анализ [Текст] / Г. М. Грибов, А. И. Лысюк, М. Г. Соколовская // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя 1. Фiласофiя, палiталогiя, сацыялогiя. — 2010. — № 2. — С. 116—122.

  • Грибов, Г. М. Общественное мнение о сельском туризме: социологический анализ / Г. М. Грибов, А. И Лысюк, М. Г Соколовская // Вестник Брестского государственного технического университета. — 2010. — № 6. Гуманитарные науки. — С. 101—103.

  • Грибов, Г. М. Агроэкотуризм в представлениях белорусских экспертов: социологический анализ [Текст] / Г. М. Грибов, А. I. Лысюк // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя 1. Фiласофiя, палiталогiя, сацыялогiя. — 2012. — № 1. — С. 111—120.

  • Здоровый образ жизни как молодежная проблема: региональные аспекты : монография / Г. М. Грибов [и др.]; ред. М. Н. Хурса; Институт социально-политических исследований при Администрации Президента РБ. — Минск : ИСПИ, 2002. — 142 с. : рис. — (Проблемы самореализации молодежи).

  • Грибов, Г. М. Мир ценностей молодежи: прошлое, настоящее, Восток, Запад : монография / Г. М. Грибов. — Брест : Изд-во БрГТУ, 2006. — 123 с.
  • Грибов, Г. М. Летопись рода и семьи : моим родителям, детям и внукам посвящается / Георгий Грибов. — Минск : Альфа-книга, 2025. — 314 с.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:

  • Грыбаў Георгій // Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: даведнік. — Гродна: ГрДУ, 2000. — С. 75.

  • Гулидова, В. Далеко-далеко есть лучший город земли… / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2014. — 14 чэрвеня. — № 44. — С. 12—13.

  • Гулідава, В. Дом – гэта там, дзе тваё сэрца… : гасцёўня рэдакцыі газеты «Іўеўскі край» / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2018. — 4 жніўня. — № 57. — С. 4.
Грыбаў Георгій Міхайлавіч

ГУК «Ивьевская районная библиотека»

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна