Пётр Якаўлевіч Юргелевіч (14.12.1894 в. Трабы Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер аг.Трабы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці) – 17.04.1973) – беларускі мовазнавец, педагог, дацэнт (1934).
Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Смаргонскага чатырохкласнага вучылішча у 1912 годзе здаў экстэрнам экзамен у Пецярбургу на вучня аптэкара. Працаваў у Пецярбургу па абранай спецыяльнасці і адначасова вучыўся на двухгадовых вячэрніх курсах па падрыхтоўцы на атэстат сталасці.
З 1914 года П.Я. Юргелевіч знаходзіўся ў дзеючай арміі, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.
У канцы 1917 года ўступіў у РКП(б), а пазней добраахвотна запісаўся ў Чырвоную Армію. Ваяваў на Заходнім фронце з белапалякамі, потым у складзе вайсковых аддзелаў спецыяльнага прызначэння змагаўся з арміяй Булак-Булаховіча.
Дэмабілізаваўся ў 1921 г., затым вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце грамадскіх навук. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў сакратаром Мсціслаўскага райкама партыі (1925), рэдактарам акруговай газеты «Наш працаўнік» у г. Клімавічы (1926), сакратаром Камісіі па выданні на беларускай мове збору твораў У. I. Леніна (1927 —1929).
У 1930 г.— вучоны сакратар Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР і па сумяшчальніцтве — выкладчык Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, рэдагаваў асобныя выпускі беларускай навуковай тэрміналогіі, прымаў удзел у падрыхтоўцы інструкцый і анкет па збіранні народнай лексікі, «Праекта спрашчэння беларускага правапісу» (1933), «Ваеннага руска-беларускага слоўніка» (1933) і грунтоўнай на той час навуковай працы «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936).
Аднак прозвішча П. Я. Юргелевіча сярод аўтараў гэтага выдання не значыцца, бо 2 лістапада 1935 г. па беспадстаўным абвінавачанні ў буржуазным нацыяналізме ён быў арыштаваны і 31 сакавіка 1936 г. асуджаны на 5 гадоў лагераў. (1935-1940 гг.). Да 1940 года знаходзіўся ў папраўча-працоўным лагеры ў Вятцы.
Адбыўшы пакаранне, вярнуўся на Беларусь. Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў выкладчыкам у Гомельскім педагагічным інстытуце, а з 1944 г. да выхаду на пенсію (1969) — у Магілёўскім педагагічным інстытуце на пасадзе дацэнта кафедры беларускай мовы, 18 гадоў — загадчыкам гэтай кафедры. За гэты час апублікаваў шэраг навуковых артыкулаў («Асаблівасці гаворак Магілёўскай вобласці» (1955 г.); «Да пытання аб паходжанні канчаткаў поўных прыметнікаў роднага склону -ога і давальнага -ому ва ўсходнеславянскіх мовах» (1956 г.) і інш.), выдаў «Праграму па гістарычнай граматыцы беларускай мовы» (1964 г.) і навучальны дапаможнік «Нарыс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Фанетыка, графіка і правапіс, лексіка і фразеалогія» (1958 г.), адрасаваны студэнтам філалагічных факультэтаў ВНУ рэспублікі. Вельмі арыгінальны і для свайго часу наватарскі, ён быў прыхільна сустрэты навуковай і педагагічнай грамадскасцю, атрымаў высокую ацэнку ў друку і праз пяць гадоў (1961 г.) з папраўкамі і дапаўненнямі быў перавыдадзены.
Навуковыя інтарэсы Я.П. Юргелевіча: сучасная беларуская літаратурная мова, дыялекталогія, гісторыя беларускай мовы.
Разам з П. Бузуком і Я. Мацюкевічам падрыхтаваў “Анкету для збірання матэрыялаў па беларускай мове” (1931 г.), прымаў удзел у падрыхтоўцы “Ваеннага руска-беларускага слоўніка” (1933 г.), падручніка “Беларуская граматыка: Марфалогія” (1936 г.).
Найбольш плённа працаваў у 1950–1970-я гады. Даследаваў пытанні сучаснай беларускай мовы. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на школьныя падручнікі па беларускай мове. Напісаў “Праграму па гістарычнай граматыцы беларускай мовы: для філалагічных і гісторыка-філалагічных факультэтаў” (1964 г.). Шмат зрабіў у галіне стварэння вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для студэнтаў-філолагаў педагагічных інстытутаў.
Пётр Якаўлевіч Юргелевіч быў поўнасцю рэабілітаваны 8 снежня 1960 г. Вярхоўным судом БССР.
У апошнія гады, ужо цяжка хворы, П. Я. Юргелевіч працаваў над іншымі мовазнаўчымі даследаваннямі. Ен, у прыватнасці, падрыхтаваў другую частку памянёнага навучальнага дапаможніка, прысвечаную марфалогіі. Яна разам з першай часткай у 1974 г., ужо пасля смерці аўтара, выйшла дзякуючы намаганням і дапрацоўцы М. С. Яўневіча пад назвай «Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі».
Памёр Пётр Якаўлевіч Юргелевіч 17 красавіка 1973 г. Яго навуковыя працы з’явіліся важкім укладам у беларускае мовазнаўства. Яны не страцілі сваёй тэарэтычнай і практычнай значнасці па сённяшні дзень і выкарыстоўвацца даследчыкамі, настаўнікамі-філолагамі і студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.
Вялікая заслуга П. Я. Юргелевіча і ў падрыхтоўцы выкладчыкаў беларускай мовы і навуковых працаўнікоў у галіне беларускага мовазнаўства.
Узнагароды П.Я. Юргелевіча:
- Германовіч, І. Пётр Юргелевіч / І. Германовіч // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 65.
- Германовіч, І. К. Юргелевіч Пётр Якаўлевіч / І. К. Германовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. — Мінск, 1987. — Т. 5. — С. 672.
- Юргелевич Петр Яковлевич // Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев ; под ред. А. С. Махнача.—Минск : Навука i тэхнiка, 1992. — С. 120.
-
Юргелевіч Пётр Якаўлевіч [электронны рэсурс] // Мовазнаўцы Магілёўшчыны: [беларускамоўная краязнаўчая база даных УК «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»]. — Рэжым доступу: https://libmogilev.by/linguists/yurgelevich-petr-yakovlevich/
- Яўневіч, М. С. Юргелевіч Пётр Якаўлевіч / М. С. Яўневіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2004. — Т. 18 кн. 1. — С. 214.