Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912            
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх у аграгарадку Жамыслаўль

Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх  помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIIIXIX стагоддзяў. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Знаходзіцца ў аграгарадку Жамыслаўль на левым беразе ракі Гаўя. Ён лічыцца адным з самых прыгожых радавых маёнткаў, з’яўляецца паменшанай копіяй палаца з варшаўскага сядзібна-паркавага комплексу Лазенкі, рэзідэнцыі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве. Яшчэ два такія ж палацы архітэктара Дамініка Мерліні знаходзяцца ў Рыме і Вільнюсе.

Ілюстрацыя з кнігі:  Jankowski, Cz. Fundacja żemłosławska w województwie wileńskiem. 1926 г.

4 студзеня 1807 г. Якуб Умястоўскі набыў маёнтак у Антонія Кеневіча, мазырскага земскага суддзі, і распачаў тут будову палаца. Якуб Умястоўскі любіў падабенства, таму дом стаў паменшанай копіяй Лазенкоўскага палаца ў Варшаве. У 1828 г. яго сын Казімір Умястоўскі па баках набытага аднапавярховага сядзібнага дома, збудаванага у стылі барока, ставіць дзве мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захавалася адна), лядоўню, аранжарэю і манеж. Жонка Казіміра Умястоўскага Юзэфа (з роду Дунін-Раецкіх) пабудавала палац (18631877 г.), які існуе і цяпер.

Н. Орда. Сядзіба ў Жамыслаўлі. 1875 г.

Планіровачнае ядро ансамбля  мураваны палац і дзве сіметрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883 г.).

Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага  чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лоджыі галоўнага фасада  прамавугольныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з квадратнай залай у цэнтры, у якой збераглася кафельная печ XVIII ст. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя коміны, сценавыя панэлі. У палацы мелася 20 пакояў.  Мэбля, карціны, габелены, скульптуры завозіліся з Парыжу і Вены. Частка мэблі была выраблена мясцовымі майстрамі па малюнках Юзэфы, якая захаплялася маляваннем і рамёствамі. Пад будынкам знаходзяцца скляпеністыя падвалы.

У 1877 г. сядзіба пераходзіць ва ўладанне графа Уладзіслава Умястоўскага (1833-1905 гг.) (старэйшага сына Юзэфы). Разам з жонкай Янінай ён завяршыў інтэр’ернае афармленне палаца. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га.) высаджаны ў 1883 годзе французскім садоўнікам Джэймсам. Падзелены ракой на дзве часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, клён востралісты Шведлера, ясень пенсільванскі і інш.

Да нашага часу захаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885 г.), парк. З гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў традыцыях народнага дойлідства)  аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.

У часы Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся нямецкі ваенны санаторый, у выніку чаго маёнтак быў разрабаваны. У сакавіку 1922 года Яніна (жонка Уладзіслава Умястоўскага), якой пасля смерці мужа належалі ўладанні Умястоўскіх ў Віленскай і Мінскай губерніях, перадае Жамыслаўль з Гутай і Залес’ем Віленскаму ўніверсітэту з правам яе пажыццёвага пражывання. Сядзібны комплекс быў адведзены пад навуковую базу з прыродазнаўчай і сельскагаспадарчай спецыялізацыяй. З трох бакоў пры ўездзе ў сядзібу ўстанавілі пілоны з надпісам “Жемыславльская научная фундация Владислава и Янины графства Умястовских при университете Виленском”.

Права пажыццёвага пражывання графіні выкарыстана не было: Яніна Умястоўская назаўжды пакінула Жамыслаўль і пачала жыць у Рыме, дзе і завяршыла свой жыццёвы шлях у 1941 г. Месца у фамільнай крыпце ў Суботніцкім касцёле засталося свабодным, а табліца без надпісу.

Жамыслаўская сядзіба. Галоўны фасад палаца. 1989 г.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся праўленне саўгаса “Жамыслаўскі”, клуб, бібліятэка. З 2006 года будынак пуставаў.

Пажар, які практычна знішчыў палац, адбыўся 8 мая 2012 года. Пасля будынак стаў хутка разбурацца. У сучасны перыяд знаходзіцца ў аварыйным стане.

Галоўны фасад палаца. 2016 г.

Палацава-паркавы комплекс некалькі разоў спрабавалі прадаць пад рэстаўрацыю, каб зберагчы для нашчадкаў гэтае месца. У 2015 годзе комплекс быў набыты замежным інвестарам, але рэканструкцыя помніка архітэктуры не ажыццяўлялася. Гісторыка-культурны аб’ект зноў вярнулі дзяржаве. У 2017 годзе ўладальнікам комплекса стала мінская будаўнічая кампанія “Градитель”, якая ўваходзіць у групу кампаній “Гмах”. Палац у Жамыслаўлі быў прададзены пры ўмове, што там з’явіцца аб’ект турыстычнага прызначэння. Падпісаны ахоўны дагавор, па якому новы ўладальнік не мае права змяняць архітэктуру. Кантраляваць правядзенне работ будзе Міністэрства культуры. Ўжо ідуць аварыйна-аднаўленчыя работы, перакладзены коміны, умацоўваецца дах.

 

Дадатковыя матэрыялы:

Жамыслаўль: краязнаўчы даведнік [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://ivjebiblioteka.wixsite.com/palac/галоўная

Бібліяграфія:

                        1. Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — 620 с.: іл.
                        2. Багільч, І. Іўеўскі раён / Ірына Багільч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т. 3 / рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1996. — С. 510—511.
  1. Грынько, А. Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх: шляхецкі фэст / А. Грынько // Іўеўскі край. – 2018. — 23 мая. — № 37. — С. 3.
  2. Гулидова, В. Жемыславль / В. Гулидова // Iўеўскi край. — 2016. — 29 чэрвеня. — № 48. — C. 8.
  3. Гулидова, В. На графских развалинах зарождается жизнь…: Год малой родины: наследие / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2019. — 30 сакавіка. — № 24. — С. 24.
  4. Гулідава, В. У графскім парку сустрэнеш і легенду, і быль…: Шляхецкі фэст у Жамыслаўлі “Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх” / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2019. — 22 мая. — № 37. — С. 1, 5.
  5. Ёрш, Ю. Вандроўка па Прынёманскім краі – Жамыслаўль: падарожжа ў мінулае / Юлія Ёрш // Принеманские вести. — 2015. — 19 ноября (№ 46). — C. 16.
  6. Жамыслаўль // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 2 / рэдкал. : У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ; Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ; выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. — Мінск : Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2016. — С. 461— 463.
  7. Жамыслаўль. Жамыслаўская сядзіба // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 6 / рэдкал. : Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — С. 421—422.
  8. Жемыславльская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия. В. 7 т. Т. 4. Гродненская область. В. 2 кн. Кн. 1 / редкол. : В. В. Андриевич (гл. ред.). — Минск : Беларус. Энцыкл. Імя П. Броўкі, 2014. — С. 328—329.
  9. Жемыславская усадьба // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Т. 3 / редкол. : Г. П. Пашков и др. — Минск : БелЭн, 2006. — 896 с. : ил.
  10. Ігліцкі, А. Клякочуць буслы ў паднябессі: Залессе / Алег Ігліцкі // Іўеўскі край. — 2023. — 9 снежня. — № 95. — С. 12. Фальварак Залессе пэўны час ўваходзіў у склад маёнтка Жамыслаўль.
  11. Лиходедов, В. Жемыславская Венеция / Владимир Лиходедов // Беларусь сегодня. — 2022. — 8 октября. — № 198. — С. 18.
  12. Михайлова, И. Побывав здесь однажды, хочется возвращаться вновь / Ирина Михайлова // Іўеўскі край. — 2021. — 17 ліпеня (№ 52). — С. 5.
  13. Михайлова, И. Уникальный, величественный, благородный / И. Михайлова // Іўеўскі край. — 2021. — 2 ліпеня (№ 40). — С. 3.
  14. Niechwiadowicz, K. Żemłosław = Жэмласлаў / Kazimierz Niechwiadowicz. — Poznan : GAWIA, 2005. — 88 с.
  15. Ожич, О. Макет дворца Умястовских: история одного экспоната в музее / О. Ожич // Іўеўскі край. — 2016. — 30 лістапада. — № 92. — С. 6.
  16. Парк в деревне Жемыславль / И. П. Вознячук [и др.] ; под ред. А. В. Пугачевского // Живые памятники : редкие и уникальные деревья и насаждения Беларуси — Минск : Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2021. — С. 206—207.
  17. Позняк, М. Виртуальная экскурсия музея: приглашаем в “Лазенки”: Ивьевщина туристическая / М. Позняк // Іўеўскі край. — 2017. — 30 жніўня. — № 66. — С. 5.
  18. Пономарёв, В. С лёгким даром : в каком состоянии находится усадьба Умястовских в деревне Жемыславль / Виктор Пономарёв // Советская Белоруссия. — 2011. — № 37. — C. 1, 6.
  19. Свірын, І. Палац па цане абеду: маёнтак у Жамыслаўлі / Ілья Свірын // Культура. — 2017. — 22 ліпеня. — № 29. — С. 3.
  20. Субач, В.У. Жамыслаўль / В.У. Субач // З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы наукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І.П. Крэня. — Гродна: ГрДУ, 1999. — С. 169—178.
  21. Суша, А. Выкананая місія мастака Напалеона Орды / Алесь Суша // Краязнаўчая газета — 2022. — № 6. — С. 5.
  22. Усадьба в Жемыславле // Ивьевский район. — ГОУПП “Волковысская типография”, 2019. — С. 18—19.
  23. Федорук, А.Т. Жемыславль / А. Т. Федорук // Старинные усадьбы Гродненщины: Берестовицкий район, Волковысский район, Вороновский район, Гродненский район, Дятловский район, Зельвенский район, Ивьевский район / А.Т. Федорук; [научный редактор О.Н. Попко]. — Минск : Беларусь, 2014. — С. 482—496.
  24. Цешка, В.Г. Жамчужына Іўеўскага краю (гісторыя маёнтка Жэмыслаўль) / В. Г. Цешка // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры : зборнік навуковых артыкулаў / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, УА “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы”. — Гродна, 2007. — С. 388―394.
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх у аграгарадку Жамыслаўль

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна