Русский БелорусскийАнглийскийНемецкийЛитовскийПольскийУкраинский

Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Царква свяціцеля Мікалая Цудатворца г.п. Юрацішкі

У шматлікіх крыніцах гэты храм датуецца 1532 годам*, у “Зборы помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi” адзначана іншая дата заснавання царквы – пачатак XIX стагоддзя.

У 2017 годзе была выдадзена манаграфія нашага земляка – доктара гістарычных навук, прафесара С.П. Стрэнкоўскага “Пад амафорам Свяціцеля Мікалая Цудатворца: (гісторыя праваслаўнага прыходу ў мястэчку Юрацішкі)”, аўтар якой на падставе кліравых ведамасцей за 1856, 1863, 1864, 1866 гг., а таксама звестак пра царкву, прыведзеных у “Материалах для географии и статистики России”, прыходзіць да высновы, што “храм построен около 1520 года, а земельные пожалования и привилегии могли быть закреплены письменно в 1532 году”.

Пабудаваная па загаду Альбрэхта Гаштольда Мікалаеўская царква ў Юрацішках – помнік драўлянага народнага дойлідства. Вырашана 3 зрубамі  2-ярусная шатровая званіца, прамавугольная малітоўная зала, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Двухсхільны дах пераходзіць у вальмавы над апсідай, над якой завершаны цыбулепадобнай галоўкай на гранёным барабане. Гарызантальна ашаляваныя сцены аздоблены вуглавымі лапаткамі, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Асабліва шануецца абраз “Маці Божая”.

Храм да 2007 г.

У канцы XVI – пачатку XVII стагоддзя пасля Люблінскай уніі, якая аб’яднала ў рамках адзінай дзяржавы Рэчы Паспалітай ВКЛ і Польскае каралеўства, і Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года вернікі Свята-Мікалаеўскай царквы сталі уніятамі, захаваўшы змешаную рымска-візантыйскую абраднасць з падначаленнем Папе Рымскаму.

У другой палове XVII стагоддзя Юрацішкаўская царква апынулася ў складзе Ашмянскага дэканату Кіеўска-Віленскай уніяцкай мітраполіі.

Вядома, што ў 1839-1845 гадах царква капітальна рамантавалася. Аднавілі таксама і знешняе ўбранне праваслаўнага храма. Тады былі паднятыя сцены, зроблены дадатковы каменны падмурак і новы гонтавы дах. У 1864 году да царквы з заходняга боку прыбудавалі новую званіцу, якая ўзвышалася над царкоўным дахам. Купал званіцы быў пакрыты жалезам і афарбаваны ў чырвоны колер. Гэтая званіца замяніла сабой старую, якая стаяла асобна ад царквы. Ва ўнутраным строі царквы яшчэ аказваў свой уплыў ўніяцкі перыяд: захаваліся многія царкоўныя прадметы таго часу.

Паводле вопісу 1892 года, іканастас у царкве быў прамы аднаярусны, з двухстворкавай Царскай брамай з пазалочанай разьбой ў выглядзе крыжыкаў. На браме змяшчаліся чатыры круглыя ​​іконы Святых Эвангелістаў і Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. На іканастасе размяшчаліся мясцовая ікона Спасіцеля, з левага боку – мясцовы абраз Маці Божай. На паўночнай браме знаходзіўся абраз Святога Стэфана, першамучаніка і архідыякана, на паўднёвай браме – выява Святога архідыякана Вікенція. Над Царскай брамай размяшчаўся паўкруглы вобраз Апошняй Вячэры. У малітоўным зале храма над правым клірасам быў размешчаны вобраз Свяціцеля Мікалая Мірлікійскага Цудатворца, а над левым клірасам – вобраз Святога Сергія Раданежскага Цудатворца.

Пасля Першай сусветнай вайны царква мела патрэбу ў капітальным рамонце, які быў праведзены ў 1924-1925 гадах. З канца 20-х гадоў і да пачатку Другой сусветнай вайны Юрацішкаўская царква адносілася да Віленскай праваслаўнай епархіі Валожынскага дабрачыння. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Юрацішкі тэрытарыяльна ўваходзілі ў Вілейскую вобласць, якая затым была перайменавана ў Маладзечанскую. Юрацішкаўскі прыход апынуўся ў Мінскай епархіі Маскоўскага патрыярхату.

У савецкі перыяд многія храмы зачыняліся, але Юрацішкаўская царква працягвала сваё служэнне дзеля Божай хвалы. Добраахвотная дапамога вернікаў дазваляла праводзіць неабходныя рамонты ў храме. У 1952 годзе быў адрамантаваны і пафарбаваны купал званіцы, пакрыта бляхай і пафарбаваная шыйка пад купалам, у званіцы пасцелена новая падлога. У 1957 годзе быў праведзены рамонт даху, зроблены новыя карнізы, шыйкі пад абодвума купаламі, былі перафарбаваныя купалы і шыйкі пад імі, уладкаваны новы карніз над падмуркам. У 1959 годзе сцены храма былі пабелены, пафарбаваны столі, была адрамантавана агароджа вакол царквы.

У 2005 годзе ў Юрацішкаўскім храме з’явілася яшчэ адна святыня – абраз Свяціцеля Мікалая Цудатворца з часцінкай мошчаў, падораная протаіерэем Уладзімірам Камаровым, настаяцелем храма Святога Афанасія Брэсцкага у горадзе Слоніме.

Царква, адбудаваная пасля пажару

У 2005 годзе вакол храма была ўзведзена новая металічная агароджа; у 2007-2009 гг. – ўстаноўлены новыя купалы і крыжы, пакрытыя нітратытанам і люстраной нержавеючай бляхай, заменены старыя аконныя рамы на пластыкавыя шклопакеты, пасаджаны дрэвы, ўстаноўлена вадасцёкавая сістэма пад дахам храма, праведзена паравое ацяпленне і г.д.; у 2010 годзе ў храме быў праведзены ўнутраны рамонт.

У лютым 2012 года Свята-Мікалаеўская царква ў Юрацішках, якая прастаяла 5 стагоддзяў, захавалася ў ходзе разбуральных войнаў, згарэла. Святыя Дары, напрастольнае Евангелле, іконы, уборы, богаслужбовыя кнігі і іншую храмавую маёмасць удалося выратаваць ад агню сіламі настаяцеля Сергія Казачка і вернікаў. З-за складанасці тушэння агню храм выратаваць не ўдалося.

У 2014 годзе храм быў адбудаваны нанова. З пакінутых пасля пажару бярвенняў побач з ім пабудавана невялікая капліца, якая захоўвае памяць аб старой драўлянай царкве.

   

*Вядома, што фундушавая грамата Альбрэхта Гаштольда, віленскага ваяводы, канцлера Вялікага Княства Літоўскага, на царкву ў Юрацішках датавана 6 чэрвеня 1532 года. У царкоўным вопісу ад 1892 года (“Опись Юратишской Свято-Николаевской церкви, стоящей в Ошмянском уезде Виленской губернии…”), які захаваўся да нашых дзён, зафіксіравана, што: “Николаевская церковь в Юратишках основана в 1532 году Виленским Воеводою, канцлером Великого Княжества Литовского Альбрехтом Мартиновичем Гаштольдом”.

     

Дадатковыя матэрыялы:

Стренковский, С. П. 500 лет истории церкви Святителя Николая Чудотворца в Юратишках. — Режим доступа: https://ru.calameo.com/read/0064164282468572175d9

Бібліяграфія:

  1. Архив церкви Святителя Николая Чудотворца в Юратишках:

     Ф. 1. Оп. 1 Д. 1. Главная опись за 1892 г.
     Ф. 1. Оп. 1. Д. 2, 3. Отчёт за 1945 г., 1953 г.
     Ф. 1. Оп. 1. Д. 4. Входящие документы за 1840-1855 гг.
     Ф. 1. Оп. 2. Д. 1-12. Исповедные ведомости за 1840-1903 гг.
  2. Врублеўскі, В. Царква ў Юрацішках: Свята-Мікалаеўская царква / В. Врублеўскі // Іўеўскі край. — 2001. — 28 сакавіка. — № 23. — С. 2.

  3. Врублеўскі, В. А. Царква ў Юрацішках / Валянцін Врублеўскі // Іве-Юрацішкі. — Мінск: А. М. Вараксін, 2010. — 340 с.: фот. — С. 57—60.

  4. Гришукевич, Ж. История церкви Святителя Николая Чудотворца в г.п. Юратишки / Ж. Гришукевич // Біблятэка прапануе. — 2018. — № 5. — С. 39—41.

  5. Гулидова, В. Престольный праздник одного из старейших храмов Ивьевщины: Николаевская церковь д. Юратишки / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2011. — 28 мая. — № 39. — С. 5.

  6. Гулидова, В. «У сердца моего там побратимы»…: Год малой родины / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 14 сакавіка. —  № 19. — С. 3.

  7. З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы наукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І.П. Крэня. — Гродна: ГрДУ. — 1999. — С. 86.

  8. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэд. кал.: С. В. Марцэлеў і інш. — Мінск: БелСЭ, 1986. –  С. 206.

  9. Ивьевское Понеманье: Гродненская область // Туристическая мозаика Беларуси / А. И. Локотко. — Минск: Беларуская навука, 2011. — 640 с.: ил. — С. 394 — 396. — (Николаевская церковь, г.п. Юратишки).

  10. Культавае дойлідства. Касцёлы і цэрквы: Свята-Мікалаеўская царква ў г.п. Юрацішкі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — 510 с.: іл. — С. 382.

  11. Летопись церкви Святителя Николая Чудотворца в городском посёлке Юратишки / библиотека-филиал г.п. Юратишки ГУК “Ивьевская районная библиотека”; [сост.: Ж.И. Гришукевич, Л.И. Белявская, И.А. Морозова]. — Ивье, 2018. — 51 с.: ил.

  12. Свекла, Л. Все дороги ведут к храму: церковь святителя Николаева в г.п. Юратишки / Л. Свекла // Іўеўскі край. — 2014. — 31 мая. — № 40. — С. 3.

  13. Стренковский, С. П. Под омофором Святителя Николая Чудотворца: (история православного прихода в местечке Юратишки). — Минск: МГИРО, 2017. — С. 45, 72—75, 81.

Царква свяціцеля Мікалая Цудатворца г.п. Юрацішкі

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна