Віктар Юльянавіч Клінцэвіч (27.06.1931, в.Чаркесы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці – 04.02.2001) – вучоны ў галіне хірургіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), доктар медыцынскіх навук (1990).
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Юрацішкаўскай сярэдняй школы, з 1951 па 1957 гг. вучыўся ў Мінскім медыцынскім інстытуце (атрымаў дыплом з адзнакай).
У 1957-1961 гадах працаваў загадчыкам Вязынскага ўрачэбнага ўчастку Вілейскага раёна Мінскай вобласці.
З 1961 па 1963 – клінічны ардынатар кафедры факультэцкай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. Пасля заканчэння ардынатуры малады ўрач стаў працаваць хірургам, а пазней – загадчыкам аддзялення хірургіі 4-й клінічнай бальніцы Мінска (1963-1969 гг.).
Адначасова актыўна займаўся навукова-даследчай дзейнасцю.
Асноўная сфера навуковых інтарэсаў – дыягностыка і лячэнне хвароб падстраўнікавай залозы, страўнікава-кішэчнага тракту.
У 1968 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Диагностика и лечение острого панкреатита” і атрымаў вучоную ступень кандыдата медыцынскіх навук.
Два гады Віктар Юльянавіч працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута туберкулёзу. У 1971 годзе вяртаецца на работу ў родны інстытут. Яго выбіраюць на пасаду дацэнта кафедры хірургічных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута, у хуткім часе ён становіцца загадчыкам гэтай кафедры.
За цыкл работ па тэорыі і практыцы кішэчнага шва, генэзу бактэрыяльных ускладненняў пасля аперацый на страўнікава-кішачным тракце і распрацоўку на гэтай аснове новых эфектыўных метадаў прафілактыкі ўскладненняў у 1988 годзе В.Ю. Клінцэвіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР.
У 1994 годзе выдана манаграфія “Основы теории и практики кишечного шва” (1994 г.).
Віктар Юльянавіч Клінцэвіч – аўтар каля 70 навуковых прац, суаўтар манаграфій: “Острый панкреатит” (1981 г.), “Кишечный шов” (1983 г.). Аўтар 4 вынаходніцтваў, рацыяналізатарскай прапановы. Кіраваў выкананнем кандыдацкай дысертацыі.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:
Клінцэвіч Віктар Юльянавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1999. — Т. 8. — С. 345.