Адзіная мая. Вобраз маці ў мастацкай літаратуры
У Беларусі з Дня маці (14 кастрычніка) пачаўся Тыдзень бацькоўскай любові, накіраваны на ўмацаванне сямейных традыцый, захаванне і папулярызацыю сямейных каштоўнасцей.
У межах мерапрыемстваў Тыдня ў Іўеўскай раённай бібліятэцы ладзілася чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка”, прысвечанае Дню маці.
Гартаючы старонкі вуснага часопіса “Адзіная мая. Вобраз маці ў мастацкай літаратуры”, прысутныя пазнаёміліся з увасабленнем вобразу маці ў творчасці нашых класікаў: Я.Купалы, М.Танка, А.Куляшова, У.Караткевіча, З. Бядулі і іншых. Вусны часопіс змяшчаў 8 старонак: “Тая, што спявае калыханкі”, “Тая, што ўсё прабачае”, “Тая, што спявае песні”, “Тая, што заўсёды сустракае”, “Тая, што нястомна працуе”, “Тая, што вучыць паэзіі…”, “Тая, што ахвяруе сабой”, “Тая, што натхняе на змаганне”.
Падчас мерапрыемства госці праслухалі калыханкі, паглядзелі батлейку па матывах апавядання З. Бядулі “На Каляды к сыну”, чыталі вершы пра маці, успаміналі сваіх матуль.
На заканчэнне бібліятэкары павіншавалі прысутных са святам і падарылі кветкі.