Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе
6 і 7 верасня супрацоўнікі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” прымалі ўдзел у мерапрыемствах XXXII Дня беларускага пісьменства ў горадзе Ліда. Гэтая адметная падзея традыцыйна аб’ядноўвае ўсіх аматараў роднай мовы і літаратуры і багатай духоўна-матэрыяльнай спадчыны нашай краіны. Сёлета мерапрыемства было прысвечана некалькім значным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду ў свет кнігі “Апостал” Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выбітных дзеячаў нацыянальнай літаратуры.
З дапамогай матэрыялаў кніжна-ілюстрацыйнай экспазіцыі “Іўеўская зямля – сузор’е народаў, рэлігій і культур” бібліятэкары прэзентавалі лідчанам і гасцям свята асаблівасці Іўеўскага раёна: яго багатую гісторыю і культуру, шматканфесійнасць, творчасць таленавітых землякоў і іншае. Варта адзначыць, што адным з заснавальнікаў Дня беларускага пісьменства з’яўляецца наш вядомы зямляк – пісьменнік і грамадска-культурны дзеяч Іван Арсеньевіч Карэнда, які ў 1994-1996 гадах працаваў намеснікам міністра культуры і друку Беларусі.
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў межах свята адбыўся круглы стол на тэму “80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты”, арганізатарамі якога выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка ім. Я.Ф. Карскага. Падчас мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэк падзяліліся сваім вопытам па папулярызацыі літаратуры ваеннай тэматыкі, арганізацыі праектнай дзейнасці, правядзенні мерапрыемстваў, падрыхтоўцы новых выданняў, прысвечаных падзеям 1941-1945 гадоў. У межах выступленняў увазе прысутных быў прадстаўлены даклад “«Мы этой памяти верны»: проектная и издательская деятельность ГУК «Ивьевская районная библиотека» к 80-летию Великой Победы”.
Свята беларускага пісьменства, насычанае цікавымі падзеямі і творчымі сустрэчамі, падаравала ўдзельнікам добры настрой і незабыўныя ўражанні.