Дзень роднай мовы

21 лютага супрацоўнік бібліятэкі-філіяла аг.Лiпнiшкi правяла Дзень роднай мовы для вучняў мясцовай школы. На працягу ўсяго свята ўдзельнікі камунікавалі толькі па-беларуску.

Пачалася імпрэза з размовы пра значэнне нацыянальнай мовы як найважнейшага багацця нашага народа. З дапамогай мультымедыйнай прэзентацыi бібліятэкар расказала пра гістарычны шлях беларускай мовы. У ходзе мерапрыемства дзеці дакрануліся да моўных крыніц, пазнаёміліся з творамі айчынных аўтараў, прадстаўленымі на кніжнай выставе “Ад родных вытокаў”, выразна чыталі свае любімыя беларускія вершы.

Асабліва цікавым атрымаўся інтэлектуальны квіз “Я люблю родную мову”, падчас якога ўдзельнікі спаборнічалі ў веданні беларускіх слоў: разгадвалі рэбусы, крыжаванкi, перакладалі з рускай мовы назвы прадметаў.

Такія святы дапамагаюць адчуць прыгажосць матчынай мовы і зразумець яе каштоўнасць як нашай галоўнай духоўнай спадчыны.