Гонар Іўеўскай зямлі
У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства і з нагоды 75-гадовага юбілею пісьменніка-земляка, ганаровага грамадзяніна Іўеўскага раёна І. А. Карэнды ў бібліятэцы-філіяле г.п. Юрацішкі было праведзена літаратурнае падарожжа “Гонар Іўеўскай зямлі” для вучняў 9 класа мясцовай школы.
Напачатку мерапрыемства ўдзельнікі ўзгадалі пра развіццё кнігадрукавання на тэрыторыі Беларусі, пра знакамітых асветнікаў: Е.Полацкую, К.Тураўскага, першадрукара Ф.Скарыну, пра значэнне Дня беларускага пісьменства.
Вядучая расказала, што традыцыйна гэта свята праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання і аб’ядноўвае тых, хто з вялікай павагай ставіцца да роднага слова, духоўных здабыткаў нашага народа, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры. Сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Ліда.
Падчас знаёмства з жыццём і творчасцю пісьменніка-юбіляра дзеці даведаліся, што ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў нацыянальнага свята кнігі, слова і культурнай памяці: у 1994 годзе Іван Арсеньевіч Карэнда быў прызначаны старшынёй Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні першага Дня беларускага пісьменства ў Полацку.