Іван Карэнда – лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі

Калектыў Іўеўскай раённай бібліятэкі сардэчна віншуе нашага вядомага паэта-земляка Івана Арсеньевіча Карэнду, які стаў лаўрэатам прэміі імя Васіля Віткі. Гэту прэмію прысуджае сваім лепшым аўтарам беларускі дзіцячы часопіс “Вясёлка”. В.Вітка (сапр. Цімафей Васільевіч Крысько) быў і выдатным дзіцячым пісьменнікам, і першым рэдактарам гэтага часопіса.

І.А.Карэнда атрымаў спецыяльны медаль і дыплом лаўрэата за праект “Азбука Перамогі”. Пра вершаваную “Азбуку Перамогі” мы ўжо пісалі на сайце ў адной з ліпеньскіх навін. Гэта цудоўныя кароткія вершыкі, якія можна выкарыстоўваць для знаёмства дзяцей з літарамі роднага алфавіта, з беларускай мовай, пашырэння слоўнікавага запасу, для выхавання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці маленькіх беларусаў.

Атрымаць прэмію імя Васіля Віткі  –  гэта вялікі гонар для пісьменніка. Жадаем Івану Арсеньевічу далейшых творчых поспехаў і перамог.