Кніга і спорт
Спорт патрэбны не толькі вялікім спартсменам, але і звычайным дзецям. Заняткі спортам умацоўваюць здароўе, развіваюць упэўненасць у сабе. Зацікавіць падрастаючае пакаленне спортам, садзейнічаць выхаванню здаровага ладу жыцця можна з дапамогай адпаведнай мастацкай літаратуры.
Падчас чарговага пасяджэння дзіцячага аматарскага аб’яднання “PRO-книги” ў Іўеўскай раённай бібліятэцы былі арганізаваны гучныя чытанні “Кніга і спорт” па творах беларускіх пісьменнікаў: Міколы Маляўкі “Будзем біць рэкорды” і “Велагонка”, Віктара Шымука “Канікулы” і Ніла Гілевіча “Сябры ў паходзе”. Мерапрыемства ладзілася ў рамках агульнаадукацыйнага абласнога праекта “Аб чым не паведаміў падручнік”.
Дзеці выразна чыталі вершы спартыўнай тэматыкі, перадаючы іх настрой і рытм, разам з бібліятэкарам абмеркавалі кожны твор. Пагутарылі пра тое, як важна чытаць, і колькі цікавага можна даведацца з розных кніг.
Напрыканцы дзеці прайшлі тэст па творах, з якімі пазнаёміліся на сустрэчы.