Кнігі ў дар

Калектыў Іўеўскай раённай бібліятэкі выказвае шчырую падзяку беларускаму пісьменніку, дырэктару выдавецтва “Беларусь”, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандру Мікалаевічу Карлюкевічу за атрыманыя ў дар 2 новыя кнігі з серыі “Сучасная беларуская літаратура”. 

Зборнік “Любоў і каханне” змяшчае прозу пісьменнікаў некалькіх пакаленняў. Невялікія творы прысвечаны невычэрпнай тэме ўзаемаадносін паміж людзьмі і духоўных пошукаў чалавека. Аўтары паказваюць, як па-рознаму можа праяўляцца любоў і як яна ўплывае на лёс людзей. Апавяданні ў прафесійным агучванні можна праслухаць з дапамогай QR-кодаў. Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

У кнізе “Сляды волатаў” сабраны творы ў жанры анімалістыкі. Невялікія апавяданні сучасных пісьменнікаў-прыродазнаўцаў дазволяць чытачу зазірнуць у самыя розныя куткі роднай прыроды, падгледзець жыццё звяроў і птушак. Кніга нагадвае, што людзі адказныя за захаванне прыгажосці нашай планеты для будучых пакаленняў. Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Запрашаем усіх аматараў беларускай літаратуры наведаць Іўеўскую раённую бібліятэку і пазнаёміцца з новымі выданнямі.