“Кожная пятніца – роднае, сваё!”: беларускае адзенне і лялька

У 2026 годзе стартаваў агульнанацыянальны праект “Кожная пятніца – роднае, сваё!”, да якога далучылася і бібліятэка-філіял аг. Геранёны. На гадзіну фальклору пад назвай “Узоры мінулага: беларускае адзенне і лялька” былі запрошаны вучні 3 класа Геранёнскай сярэдняй школы. Гэта было сапраўднае падарожжа ў гісторыю і культуру нашага народа, якое падарыла дзецям шмат новых ведаў і яркіх уражанняў.

Дзеці з захапленнем слухалі пра тое, як стваралася адзенне беларусаў, якія матэрыялы выкарыстоўваліся, і як шмат працы і любові ўкладвалася ў кожную кашулю ці фартух.

Самым цікавым момантам стала магчымасць не толькі пабачыць, але і дакрануцца да гэтых “узораў мінулага”. На мерапрыемства была запрошана кіраўнік дзіцячага гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Чарняк Вольга Генадзьеўна. Вочы дзяцей ззялі ад захаплення, калі майстар раскрыла перад імі сакрэты стварэння беларускай лялькі. Гэта не проста цацка, а сапраўдны абярэг, які рабілі з любоўю і верай у дабро. Дзеці з цікавасцю разглядалі дэталі лялек і народнага адзення, даведваліся пра значэнне кожнага элемента ў беларускай культуры, змаглі патрымаць у руках сапраўдныя ўзоры тканін.

Гадзіна фальклору стала выдатнай магчымасцю для ўдзельнікаў пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Беларусі, адчуць сябе часткай вялікай гісторыі і зразумець, наколькі важна захоўваць і шанаваць традыцыі сваіх продкаў. І мы вельмі рады, што бібліятэка стала месцам, дзе гэтыя традыцыі працягваюць жыць і натхняць.