“Кожная пятніца – роднае, сваё!”: сустракаем лета з добрай кнігай

Напярэдадні Дня аховы дзяцей і ў межах акцыі “Кожная пятніца – роднае, сваё!” прапануем да чытання новыя паступленні дзіцячай літаратуры. Гэтыя кнігі падораць маленькім чытачам шмат карысных ведаў і яскравых уражанняў.

Чытанне на роднай мове з маленства ўзбагачае слоўнікавы запас, развівае фантазію і выхоўвае любоў да беларускага слова.

Запрашаем наведаць  Іўеўскую раённую бібліятэку і адкрыць для сябе чароўны свет айчынных выданняў для дзяцей!

Пазнякоў, М. Мая цудоўная Радзіма : вершы / Міхась Пазнякоў ; мастак Святлана Стахоўская. — Мінск : Звязда, 2025. — 158, [1] с.

Кнігу вядомага пісьменніка, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, многіх іншых рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Міхася Пазнякова склалі вершы пра самае галоўнае ў жыцці чалавека.

Паэт апявае Радзіму, нашы дзяржаўныя сімвалы, багацце і прыгажосць роднай зямлі, услаўляе мужнасць і працавітасць людзей, прыгожыя мары і памкненні, вучобу і добрыя справы хлопчыкаў і дзяўчынак. Знаёміць з прафесіямі, вучыць любіць і шанаваць бацькоў, Радзіму, усё роднае, займацца спортам, расці ўдзячнымі, працавітымі, шчырымі.

Выданне прызначана для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Хто жыве ў нашых азёрах і рэках : казкі, вершы, апавяданні : для дзяцей мал. шк. узросту/ укладальнік і аўтар тэксту А. Бадак ; мастак С. Іванова]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2024. – 122, [4] с. – (Сямейнае чытанне).

У зборнік увайшлі творы беларускіх пісьменнікаў, героямі якіх з’яўляюцца шматлікія насельнікі нашых азёр і рэк. У тым, што водны свет незвычайны і загадкавы, юныя чытачы змогуць лішні раз пераканацца і дзякуючы рубрыцы “Цікавыя факты”.

Дзяцінства светлы час : аповесці, апавяданні і вершы беларускіх пісьменнікаў пра дзяцінства, сяброўства, школу, заняткі спортам / укладальнік Алесь Бадак ; малюнкі створаны Наталляй Арцёмавай і Ксеніяй Шарупіч з дапамогай штучнага інтэлекту. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2025. — 221, [1] с.

Кнігу склалі вершаваныя і празаічныя творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў пра дзівосны і непаўторны свет дзяцінства. Героі твораў – хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ходзяць у школу, займаюцца спортам, дапамагаюць дарослым і любяць прыгоды. Таму не дзіўна, што і з імі таксама адбываецца шмат цікавага і незвычайнага.

Прокша, Л. Я. Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі : аповесць-казка : [для малодшага школьнага ўзросту] / Леанід Прокша ; [мастак Святлана Стахоўская]. — Мінск : Звязда, 2023. — 77, [1] с. : каляр. іл.

Недзе на Палессі жылі-былі дзед і баба. Хата іх стаяла ў лесе. Дзед быў лесніком, а баба гаспадарыла дома. Аднойчы, калі яны гатавалі ежу, з імі раптам пачала размаўляць бульбінка – гэта быў маленькі зачараваны хлопчык. Баба з дзедам пакінулі яго ў сябе. Тады і пачаліся незвычайныя прыгоды хлопчыка і яго сяброў.