Літаратурна-музычная гасцёўня “Знакавыя постаці”

Янка Купала і Якуб Колас – сапраўды народныя паэты, без якіх немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру і навогул культуру нашага народа.

3 лістапада ў бібліятэцы-філіяле г.п. Юрацішкі да 140-годдзя класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Знакавыя постаці”. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні мясцовай школы – сапраўдныя аматары беларускай літаратуры і мовы.

У пачатку гасцёўні пад мілагучныя гукі песні “Спадчына” бібліятэкар расказала, што багатая спадчына Купалы і Коласа засталася не толькі нам, беларусам, але і ўсяму свету. Вось ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі народных песняроў.

У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі адказвалі на пытанні віктарыны “Не згаснуць зоркі ў небе…”, збіралі назвы твораў пісьменнікаў, дзяліліся цікавымі звесткамі пра жыццё і творчасць класікаў. Вельмі прыгожа і выразна хлопцы і дзяўчаты чыталі ўголас вершы Я. Купалы: “Я нясу вам дар…”, “Паляці мая мысль”, “Лістапад” і Я. Коласа: “Восень”, “Беларусам”, “Вандроўнікі” і іншыя. На працягу літаратурна-музычнай гасцёўні гучалі песні на вершы паэтаў: “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”, “Спадчына”, “Явар і каліна” і г.д.

Гасцёўня прайшла ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы.