Літаратурна-музычная кампазіцыя “Вялікі сын Беларусі”

Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава ў Іўеўскай раённай бібліятэцы праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя “Вялікі сын Беларусі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел наведвальнікі аздараўленчага лагера “Галактыка” гімназіі №1 горада Іўе.

У ходзе мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла вучняў з біяграфіяй пісьменніка, расказала пра асноўныя тэмы творчасці і пра гісторыю напісання аповесцей “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Знак бяды” і іншых твораў. Прысутныя з цікавасцю паглядзелі дакументальны фільм “Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі”.

Падчас сустрэчы гучалі песні на ваенную тэматыку і вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя В.Быкаву. Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава “Я перад вамі з памяццю сваёй…”, на якой былі прадстаўлены творы пісьменніка-юбіляра і літаратура аб яго жыццёвым і творчым шляху. Бібліятэкар зрабіла бібліяграфічны агляд экспанаваных на выставе выданняў.