Літаратурная вандроўка “Жыве ў вяках беларускае слова…”

6 верасня ў раённай бібліятэцы была праведзена літаратурная вандроўка “Жыве ў вяках беларускае слова…” для вучняў групы падоўжанага дня Іўеўскай сярэдняй школы. Мерапрыемства ладзілася з нагоды Дня беларускага пісьменства і друку.

Падчас імправізаванага падарожжа ў  гісторыю беларускага пісьменства бібліятэкар расказала дзецям пра выдатных асветнікаў, іх уклад у развіццё  беларускай і сусветнай культуры, пра станаўленне і развіццё кнігадрукавання. Вучні з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у розных гульнях і конкурсах: перакладалі тэксты з рускай на беларускую мову і наадварот, адгадвалі загадкі, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, тлумачылі фразеалагізмы, чыталі вершы на роднай мове, падбіралі прыгожыя эпітэты, каб апісаць нашу мову. Добразычлівая атмасфера, цікавыя заданні, наглядныя матэрыялы спрыялі прадуктыўнай працы вучняў.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе, хто пажадаў, выбралі для дамашняга чытання беларускамоўныя часопісы “Бусю” і “Вясёлка”.

Да мерапрыемства была аформлена выстава “Не знікне цуд прыгожага пісьменства”.