“На творчым шляху” Яўгена Карпуця
Шмат выдатных асоб узгадавала Іўеўская зямля. Гэта таленавітыя пісьменнікі, грамадскія дзеячы, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены… Многія з іх сталі вядомымі па-за межамі малой радзімы, але не страцілі духоўнай сувязі з роднымі мясцінамі і ўслаўляюць Іўеўскі край сваімі талентамі.
Адной з такіх асоб з’яўляецца беларускі паэт і самадзейны кампазітар Карпуць Яўген Вікенцьевіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Лабачы, скончыў сярэднюю школу ў пасёлку Юрацішкі. Любоў да мастацтва прывівалася ў сям’і, дзе бацька добра іграў на цымбалах, а маці валодала старадаўнімі сакрэтамі ткацтва і славілася на ўсю вёску як выдатная рукадзельніца.
На Стаўбцоўшчыне, якая стала другой радзімай для Я. Карпуця, раскрыўся яго літаратурны і музычны талент. Творчае поле нашага земляка прываблівае шырокім дыяпазонам і шчырасцю, і варта адзначыць, што тэма малой радзімы займае асаблівае месца ў яго творчасці.
Яўген Вікенцьевіч падтрымлівае цесныя сувязі з Іўеўскай раённай бібліятэкай. Напярэдадні Новага года наш вядомы зямляк даслаў у бібліятэку сапраўдны навагодні падарунак – аўтарскае мастацка-біяграфічнае выданне “На творчым шляху” і шэраг новых музычных і паэтычных твораў. Сярод іх – святочныя “Навагодні вальс” і верш “Все дружно Новый год встречают”.
Шчыра дзякуем Яўгену Вікенцьевічу Карпуцю за такі прыемны і карысны для бібліятэкі падарунак. Віншуем з надыходзячым Новым годам і Калядамі і жадаем моцнага здароўя, творчага натхнення, далейшых поспехаў у працы, шчасця і дабрабыту!